Культура33

Ноты Манюшкі, рукапісы Купалы, кубак Ядвігі: якія культурныя каштоўнасці вярнуліся ў Беларусь за апошнія два гады

Нядаўна Міністэрства культуры паведаміла, што за два гады ў краіну вярнуліся 24 культурныя каштоўнасці, сярод якіх — архівы, фатаграфіі, карціны, прадметы побыту і старадаўнія рукапісы. Пра самыя цікавыя экспанаты і пра тое, дзе яны захоўваюцца цяпер, даведалася Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі.

Ноты Станіслава Манюшкі

Станіслаў Манюшка — славуты кампазітар, заснавальнік нацыянальнай оперы, які моцна паўплываў на развіццё беларускай музыкі. Перыядычна яго спадчына ў Рэспубліцы Беларусь папаўняецца новымі цікавымі экспанатамі. Вось і ў 2021 годзе ў калекцыі Музея гісторыі тэатральнай і музычнай культуры з’явіўся нотны альбом канца ХІХ стагоддзя. У Беларусь ноты кампазітара перадаў генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Мюнхене Андрэй Кулажанка.

Пра тое, наколькі важная спадчына Станіслава Манюшкі для беларускай музыкі, і на што з гэтага можна паглядзець у нашай краіне, Нацыянальная бібліятэка Беларусі распавядае ў сваім віртуальным праекце.

Архівы Рабкіна і Літвінава

Вярнуліся з Германіі і іншыя цікавыя дакументы. Іх Беларускаму дзяржаўнаму архіву-музею літаратуры і мастацтва перадала даследчыца Ірына Герасімава, якая зараз жыве ў ФРГ.

Сярод перададзеных архіваў — паперы, малюнкі і накіды (усяго 54 дакументы) мастака Абрама Рабкіна, якія адносяцца да перыяду яго жыцця і працы ў Ленінградзе пасля Другой сусветнай вайны.

Таксама з Германіі прыйшлі 163 дакументы з архіваў тэатральнага рэжысёра Льва Літвінава, звязаныя з яго жыццём і дзейнасцю ў Мінску, Кіеве, Навасібірску, Томску і Казані. Гэты рэжысёр вядомы сваёй пастаноўкай «Паўлінкі» Янкі Купалы ў 1944 годзе.

Рукапісы Янкі Купалы

Бываюць выпадкі, калі вярнуць у краіну арыгінал не атрымліваецца. У такіх выпадках магчымая «мяккая рэстытуцыя», калі ўладальнікі арыгіналаў перадаюць іх якасныя электронныя копіі. За апошнія два гады, паводле звестак Міністэрства культуры, розныя архівы і музеі Беларусі атрымалі 1414 электронных і 777 лічбавых копій каштоўнасцяў беларускага паходжання.

Сярод іх, напрыклад, некалькі чарнавікоў Янкі Купалы. У 2021 годзе іх атрымаў Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы. Сярод лічбавых копій — рукапісныя варыянты паэм «Курган», «Памяці Вінцука Марцінкевіча», «Роднае слова». Да Беларусі яны дабіраліся з яшчэ больш далёкага замежжа, — іх бязвыплатна перадала Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане.

Партрэты Сапегаў

Мноства культурных каштоўнасцяў — праўда, не ў арыгіналах —у Беларусь перадалі з Расійскай Федэрацыі. Так, спецыялісты Ружанскага палацавага комплексу Сапегаў атрымалі лічбавыя копіі партрэтаў трох прадстаўнікоў гэтага роду. Карціны ў гады Першай сусветнай вайны былі сканфіскаваныя і вывезеныя ў Расію, а зараз захоўваюцца ў Смаленскім дзяржаўным музеі-запаведніку.

Ружаны атрымалі копіі партрэтаў:

Яна Казіміра — намаляваны па ўсіх канонах рыцарскага партрэта: на кані, у даспехах (якія ў яго гады ўжо ніхто не апранаў, затое выглядалі прыгожа), на фоне бітвы;

Яна Фрэдэрыка — намаляваны таксама ў даспехах, але ўжо ў чырвонай мантыі, з паперамі (быў пісьменнікам і гісторыкам) і пячаткай (быў захавальнікам пячаткі);

Яна III Сабескага — кароль Рэчы Паспалітай намаляваны з усімі каралеўскімі рэгаліямі, у латах, апранутых паверх нацыянальнага строю.

Кубак Ядвігі

Дзве палімерныя 5D-копіі гэтай рэліквіі Дзяржаўны Эрмітаж у Санкт-Пецярбургу перадаў касцёлу святога Архангела Міхаіла і Навагрудскаму гісторыка-краязнаўчаму музею.

Усяго ў свеце захавалася толькі 14 такіх кубкаў, іх можна знайсці ў касцёлах і музеях Польшчы, Германіі, Нідэрландаў, Вялікабрытаніі. Гэта таўстасценныя шкляныя пасудзіны з дымчатага шкла, дэкараваныя разьбой і шліфоўкай. Паводле падання, назву яны атрымалі ад сваёй былой уладальніцы — жонкі герцага Сілезіі Святой Ядвігі, якая дотыкам вуснаў была здольная ператвараць ваду ў гэтых келіхах у віно.

Аскепкі аднаго з такіх кубкаў у 1960-х гадах знайшлі савецкія археолагі падчас раскопак у Навагрудку. Меркавана, у гэты горад рэліквія магла трапіць у XIII стагоддзі, калі ён яшчэ называўся Наваградкам і быў сталіцай ВКЛ. Паводле ўскосных крыніцаў, знойдзены навукоўцамі кубак выкарыстоўваўся падчас каранацыі Міндоўга ў 1272 годзе.

Каментары3

  • Тут
    14.12.2022
    Наша Ніва, не займайся прафанацыяй у загалоўках калі ласка. Кубак Ядвігі не вяртаўся у Беларусь. Нам прыслалі пластыкавыя копіі з Эрмітажа, каторыя не маюць ніякай мастацкай ці культурнай каштоўнасці.
  • Яўген
    14.12.2022
    Дзіўная стратэгія дзяржавы -- выкупаць за вялікія па ўсім свеце фрагменты архіваў беларусаў і выхадцаў з Беларусі, у той час як асабістыя архівы і бібліятэкі нядаўна памерлых класікаў беларускай навукі, культуры, гісторыі, мастацтва ціха выкідваюцца абыякавымі сваякамі ... Паглядзіце, колькі за апошнія 10 год памерла вядомых дзеячаў Беларусі -- і колькі дакументаў з іх архіваў і бібліятэк трапіла хоць у нейкія дзяржаўныя зборы? Можа быць над гэтым трэба было б падумаць? 
  • Свіслач
    15.12.2022
    НН, што вы пішаце? Якія карціны, архівы, кубкі вярнуліся ў Беларусь? Для чаго накручваць танную рэкламу?

Гарачы вечар у Варшаве — мінскае «Дынама» не вытрымала націску «Легіі». Але самае цікавае адбывалася не на полі, а на трыбунах ФОТАРЭПАРТАЖ3

СпортДАДАЛІСЯ НОВЫЯ ФОТА3

Гарачы вечар у Варшаве — мінскае «Дынама» не вытрымала націску «Легіі». Але самае цікавае адбывалася не на полі, а на трыбунах ФОТАРЭПАРТАЖ

Усе навіны →
Усе навіны

На Пуэрта-Рыка правялі рэферэндум і прагаласавалі за ўваход у склад ЗША

Блогерка наракае на дэфіцыт хлопцаў у Гродне16

Медыцынскую тэхніку заходняй вытворчасці Беларусь замяняе на кітайскую і турэцкую1

Лукашэнка заявіў пра подзвіг Трампа і пажадаў Амерыцы «зноў стаць вялікай»10

Калі Украіна захавае суверэнітэт узамен за нейтральнасць, што гэта будзе значыць для Беларусі?13

У Мінску адкрылі новы вялікі басейн, пабудаваны кітайцамі2

Сацыялагічны аналіз: хто падтрымаў Трампа, а хто — Харыс19

І «Масад», і Ватыкан сачылі за ПВК «Вагнер» і атачэннем Пуціна1

Трамп: «Госпад выратаваў маё жыццё не проста так!» «Гэта будзе залаты век для Амерыкі» ВІДЭА24

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Гарачы вечар у Варшаве — мінскае «Дынама» не вытрымала націску «Легіі». Але самае цікавае адбывалася не на полі, а на трыбунах ФОТАРЭПАРТАЖ3

СпортДАДАЛІСЯ НОВЫЯ ФОТА3

Гарачы вечар у Варшаве — мінскае «Дынама» не вытрымала націску «Легіі». Але самае цікавае адбывалася не на полі, а на трыбунах ФОТАРЭПАРТАЖ

Галоўнае
Усе навіны →