Грамадства88

«Травы самі ходзяць за чалавекам, дзьмухаўцы растуць у агародзе не проста так». Як выкладчыца БДУ стала траўніцай

Калі мы ўяўляем траўніцу, малюецца вобраз вясковай бабулі-пустэльніцы. Яна жыве на краі вёскі, яе дом абвешаны пучкамі траў, палатнянымі мяшэчкамі з розным зеллем, а салодкі пах сушаных ягад ахутвае ўвесь двор. Гераіня матэрыялу выдання «Смартпрэс» Вольга Букат — поўная супрацьлегласць стэрэатыпнаму вобразу. Яна біёлаг, батанік, выкладала ў БДУ. Зараз Вольга закладае арэхавы сад на хутары, можа расказаць, як смачна ў кляры прыгатаваць крапіву або пасмажыць катлеты са сніткі. А яшчэ запэўнівае, што звычайныя травы могуць стаць незаменнай фітакасметыкай.

У Вольгі на кухні на стале сняданак з серыі «суцэльны ЗЛЖ»: травяная гарбата, толькі што выпечаны хатні хлеб і да яго яркая зялёная намазка — авакада, сухая крапіва, чарамша, мята.

— Усё дзяцінства праводзіла на вёсцы ў бабулі. Яна не была траўніцай, але мы часта збіралі кветкі васілька, лісце маліны, вішні. Вельмі падабалася сушыць іх, чытаць старыя кнігі пра травы, выпісваць у нататнічак іх уласцівасці, — успамінае Вольга часы, калі травы ўвайшлі ў яе жыццё. — Потым паступіла ва ўніверсітэт, скончыла кафедру батанікі БДУ, а там быў прадмет, звязаны з лекавымі раслінамі. Спачатку збірала гарбату для сябе, дарыла сябрам, а ў адказ чула: «У цябе самы смачны збор». Калі людзям падабаецца тое, чым ты займаешся, яны самі дапамагаюць стаць табе на гэты шлях.

На кухні Вольгі заўважаеш: яна ўся ў слоіках, маленькіх і вялікіх. На стале — жоўты пылок хвоі, баршчэўнік сібірскі (увага, не блытайце з баршчэўнікам Сасноўскага!), на паліцы — мята, розныя прыправы з дзікаросаў. Усяго тут захоўваецца каля пяцідзесяці відаў траў.

Падушка з сена з мацярдушкай, букеты з палыну і шыпшыны

Пасля заканчэння аспірантуры Вольга працавала выкладчыцай у БДУ на кафедры батанікі біялагічнага факультэта, а потым захацелася чагосьці іншага. Кажа, выразна разумела, чым будзе далей займацца: на той момант яна ўжо вяла анлайн-курсы па траўніцтве і касметыцы ў фіташколе «Дзівея».

— Мне цікава, як травы можна ўжываць у побыце: як іх правільна піць, націрацца, што з іх прыгатаваць. Яны вельмі гарманічна ўпісваюцца ў наша жыццё. Напрыклад, зрабіла сабе падушку з сена, дадала мацярдушку з чаборам. Акружыла дом прыгажосцю — букетамі з сухога палыну, лаванды, шыпшыны. Адчуванне, як быццам за маімі плячыма стаіць нябачны памочнік. І гэтую важную частку жыцця я хачу перадаць дачцэ», — дзеліцца Вольга Букат.

Гадавалая дачка Алеся ўвесь гэты час уважліва слухае маму і раз за разам цягнецца да кубка з травяной гарбатай. Ці не з'явіцца ў дзіцяці пасля гэтага высыпка? Вольга запэўнівае, што не.

— Больш шанцаў, што ўзнікне алергія на нешта хімічнае або сінтэтычнае. Лічу, калі дзіця пачало цікавіцца маміным кубкам і талеркай (дзесьці ў паўгода), яму можна дазволіць такую гарбату. У ёй няма моцнадзейных траў, таму Алеся п'е яе з задавальненнем, — кажа Вольга.

У Вольгі ў кватэры такі фітабар, што галоўнае — не заблытацца ў складах гарбаты і настоек. У адной маленькай чарачцы — настойка, якая павышае крывятварэнне (зробленая з соку крапівы і календулы), у другой — сродак ад глістоў (корань імбіру, вятроўнік).

Што ў аптэчцы ў траўніцы?

Вольга паказвае сваю аптэчку, але трэба адразу заўважыць: яна за разумнае выкарыстанне траў. Імі нельга замяніць прызначанае медыцынскае лячэнне, ці цалкам перайсці на ежу з дзікаросаў.

— Давайце глядзець разам, — Вольга дастае хатнюю аптэчку. — Бінты, градуснік, ёд, парацэтамол. Дарэчы, яго як купіла пасля родаў, так і ляжыць, пакуль не спатрэбіўся. Я не з тых, хто ходзіць у аптэку як у гастраном. Для мяне прыродная аптэка працуе ў рэжыме 24/7.

— У сезон ВРВІ якія травы проста незаменныя?

— Галінкі маліны — галоўныя лекі пры прастудзе. У іх назапашваюцца саліцылаты (прыродны аспірын). Для зніжэння тэмпературы наша сям'я п'е гарбату або настойку з вятроўніка, галінак маліны. У аптэчцы ў мяне тры асноўныя травы — крываўнік, святаяннік, рамонак. Як толькі адчуваю, што нешта пайшло не так (млявы стан, ванітуе, баліць галава), запарваю гэтыя травы. Яны на смак ялкавыя, пахнуць аптэкай, але выпіваеш кубак за дзень у тры прыёмы — і дапамагае. Важна адзначыць, што такі збор трэба піць толькі, калі захварэў. Інакш прывучыш арганізм да моцнадзейных траў.

Выбар травяных гарбат на кожны дзень у сям'і такі, што паспяваеш толькі сачыць, як на стале адна за адной з'яўляюцца розныя слоічкі: з ліпай, чаборам, шыпшынай, глогам, скрыпенем. Калі вы ўжо паспелі пашкадаваць, што гэтым летам нічога не сабралі, не хвалюйцеся. Аказваецца, нават зімой можна прынесці дадому з лесу нешта карыснае.

— Напрыклад, ігліцу хвоі (умацоўвае імунітэт), чагу, галінкі маліны, — пералічвае Вольга. — Вядома, асноўны збор адбываецца летам падчас цвіцення. Вельмі добра нарыхтоўваць травы ў дзень летняга сонцастаяння 22 чэрвеня, на Месяц, які расце, ці бліжэй да поўні. На пакетах заўсёды паказваю фазу Месяца ў той дзень, калі, напрыклад, збірала ліпавы цвет. Не раз заўважала: чым бліжэй да поўні, тым ён больш смачны і духмяны.

— Адна і тая ж трава, але сабраная ў розных месцах, адрозніваецца па смаку?

— Яна адрозніваецца па назапашванні лекавых рэчываў. У расліне, якая знаходзіцца ў больш суровых умовах (ёй дрэнна, горача, мала вады), нашмат больш дзейных рэчываў, чым у той, якая расце ў ідэальных умовах. Праводзіліся даследаванні ўгноенай і няўгноенай валяр'яны на хатнім участку. У той, якую падкормлівалі, аказалася ў 10 разоў менш лекавых рэчываў. Гэта як з чалавекам: чым лепшыя створаныя для яго ўмовы, тым часцей ён хварэе.

«Арэхавы сад пачне пладаносіць праз 20 гадоў. Гэта як закласці надзею ў будучыню, што ўсё будзе добра»

Пакуль гарадская кватэра Вольгі — асноўнае месца жыхарства, але год таму сям'я купіла былое калгаснае поле ў лесе ў Валожынскім раёне і занялася фермерскай гаспадаркай. Трэба сказаць, не самай звычайнай: на 3,5 гектара муж і жонка сталі высаджваць арэхавы гай.

— Гэта вельмі добра для прыроды; у садзе з'явіцца свая экасістэма: паселяцца вавёркі, птушкі, — тлумачыць Вольга. — Прыбытак пачнём атрымліваць… праз дваццаць гадоў. Вось чаму многія выбіраюць іншы шлях і садзяць буякі, яблыні.

Па плане на ўчастку павінна вырасці сто дрэў. Некаторыя саджанцы закупляліся на «Куфры» па 5 рублёў. Іншыя заказвалі спецыяльнай дастаўкай з Расіі, але ўжо па іншай цане — 80 рублёў.

Цяпер у Вольгі растуць некалькі відаў грэцкага арэха, звышпаўночныя пекан, белыя і чорныя арэхі.

— Саджаць дрэвы — адно задавальненне! — суразмоўніца проста змяняецца ў твары і ўсміхаецца. — Для арэхаў трэба шмат месца, адлегласць паміж імі — не менш за 8 метраў. Глядзела адразу на вялікае пустое поле і думала: «Што з ім рабіць?» Высадзілі дрэвы, і цяпер ужо ацэньваеш інакш: «Ну добра ж!» Самая карпатлівая частка працы іншая: зразумець, дзе і як пасадзіць дрэва. Гэта сапраўдная матэматыка. Напрыклад, чорны арэх вышэйшы за астатнія, ён не можа расці з поўдня. Інакш з часам перакрые сонца астатнім.

— Вас не палохала, што першы ўраджай арэхаў знімеце толькі праз 20 гадоў?

— Наадварот, гэта ж цікава! Калі закладаеш такія справы ў далёкую будучыню, яны даюць надзею: усё будзе добра, мы будзем жыць. Арэхі растуць 200-300 гадоў, так што пасля нас застанецца сапраўдны сад.

А пакуль паміж дрэвамі высаджваюць кусты парэчак, каліны, бружмель, глог. Яны паспеюць прынесці не адзін ўраджай і нават загінуць, пакуль арэхі дадуць першыя плады.

«Расліны гавораць з намі знакамі»

З Вольгай можна доўга гаварыць не толькі пра жыццё на вёсцы, травяныя гарбаты, стравы з дзікаросаў, але і абмяркоўваць фітакасметыку. Яна і яе калега Вольга Спірыдонава стварылі фіташколу «Дзівея».

Збоку гэта нагадвае выязныя ўрокі па біялогіі. Тыя, хто хоча больш даведацца пра травы, іх гаючыя ўласцівасці, зразумець, як крапіва можа стаць выдатнай маскай для валасоў, а календула — крэмам для твару, запісваюцца на курс. Заняткі праводзяцца ў аграсядзібе і абавязкова на прыродзе.

— Ніколі б не падумалі, што травы — той тавар, які прадаецца ў Instagram і можа прынесці прыбытак…

— Ніша, якая здаецца глухой, можа здабыць яркія фарбы, калі ёй пачынае займацца чалавек з прадпрымальніцкай жылкай і разуменнем, як гэта можна паднесці. Напрыклад, з нашымі вучнямі мы збіраем лісце чаромхі, ляшчыны, бярозы, скрыпеню. Сушым іх, робім «умывалкі» для твару, тонікі, крэмы. Асноўная аўдыторыя — жаночая. Жанчыны больш шырока думаюць, нам усё цікава, а мужчынам складаней прыходзіць на навучальныя курсы. У іх больш праяўляецца эга. Яны лічаць, што ўсё ведаюць. На нашых анлайн-курсах па траўніцтве з 30 чалавек — 3-4 мужчыны, — дзеліцца назіраннямі Вольга Букат.

Думаеце, на курсах толькі беларусы? Пра травы цікава нават тым, хто жыве ў Коста-Рыцы. Людзі хочуць даведацца, чым можна ў іх краіне замяніць скрыпень ці календулу. Вывучаюць дзейныя рэчывы раслін і спрабуюць падабраць ім аналаг.

— Калі ўважліва паглядзець на кліматычныя зоны і расліны, якія там сустракаюцца, можна зразумець: яны не проста так з'явіліся. Напрыклад, у нашых шыротах распаўсюджаныя захворванні, звязаныя з вухам, носам, горлам. А святаяннік, мята, меліса якраз дапамагаюць справіцца з прастуднымі захворваннямі.

У паўднёвых краінах у людзей іншая праблема — ныркі і водны абмен. Ім на дапамогу прыходзяць кактусы. Прырода вельмі разумна наладжаная. Гэта прасочваецца не толькі па кліматычных зонах, але і мясцовасці, дзе ты жывеш, — працягвае распавядаць Вольга. — Заўважана, што, калі чалавек пачынае жыць у доме, да яго «прыходзяць» нейкія расліны. Раней іх не было, а потым раптам з'явіліся цыкорый, хрэн, дзьмухавец, падтыннік. Так жывая прырода з намі кантактуе. Напрыклад, у тых, каго турбуюць папіломы, у двары вырастае падтыннік. За многімі «ходзіць» хрэн — магчыма, варта папрацаваць з імуннай сістэмай або страўнікава-кішэчным трактам.

Нават дзьмухаўцы з'яўляюцца не проста так. Можа, варта іх сабраць і зрабіць варэнне або салату? Прырода сама кажа нам: «Паспрабуй».

Каментары8

  • Vir
    11.12.2022
    Heta jasče nie viadoma, chto za kim chodzic` -  dzmuchaūcy za čalaviekam, ci čalaviek za dzmuchaūcami. Jany, biednyja, chavajucca, jak toļki mohuc`, a čalaviek usio roūna ich znojdzie, i halovy paadkručvaje. Bo jamu tak treba, bo ūsio dzielia jaho. Dzie byla hara -  tam budzie jama, bo treba ! Usio razmiarkuje, adno u kavamolku, insaje ū domnu, astatniaje prosta vytapča, pazrazaje, pieramielie, a dzie ničoha nia ūziac` -  dyk i zasiera... 
  • Дзед
    11.12.2022
    Мая бабуля заўсёды загатаўлівала сушаныя травы і карані на зіму, а крапівы насушвала вялізны мех. Якія смачныя супы з крапівы! Асабліва маладой. Важна нарэзаць крапіву і дадаць ў суп у самым канцы, каб толькі абедаць кіпенем, але не варыць, каб больш не кіпела. Смак! А лебяда, найбліжэйшы сваяк Амаранда і Шпіната! А Сьнітка, Макрыца, Зайчая Капуста, Малачай! І галоўнае заўсёды пад плотам сьвежыя на працягу вясны і лета, "за так", а вітамінаў і мінералаў ў дзесяткі разоў больш, чым у набытых фермерскіх з нейкай там крамы... Посьпеху Вользе і сям'і! Шмат здаровых і разумных дзетак! Сям'я - гэта 7-Я.
  • хамса ў тамаці
    11.12.2022
    "(увага, не блытайце з баршчэўнікам Сасноўскага!)"
    а што такога? вунь робяць з яго кансервы

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа

Усе навіны →
Усе навіны

«Ну і куды мне, прыбіральшчыцай?» Маладая маці не можа знайсці працу пасля трэцяга дэкрэту68

У Паўднёвай Карэі адбываецца спроба перавароту. Прэзідэнт абвясціў ваеннае становішча, матывуючы патрэбай абароны ад «камуністычных сілаў» 8

Лукашэнка стаў прадзедам29

На выхадныя Дональд Трамп упершыню пасля выбараў прыляціць у Еўропу

«Камунарка» паказала свой адвэнт-каляндар і атрымала хвалю крытыкі9

Улады абвясцілі вайну чэргам на замену суставаў, але, падобна, пакуль прайграюць2

На Беларускай чыгунцы затрымалі яшчэ аднаго грамадзяніна Японіі5

COVID-19 — хутчэй за ўсё, лабараторнага паходжання. Сенсацыйны вынік расследавання55

Мінздароўя: Тарыфы на платныя прыёмы дактароў-спецыялістаў абмяжуюць для ўсіх юрасобаў1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа

Галоўнае
Усе навіны →