Грамадства44

Хікікаморы мімаволі. Айцішнік пакінуў сям'ю ў Беларусі і жыве ў грузінскай вёсцы

7 км — да найбліжэйшай крамы, 15 км — да Батумі. Бізнэс-аналітык Канстанцін (імя змененае па яго просьбе) жыве ў грузінскай вёсцы. Ад панядзелка да пятніцы на дварэ ён бавіць не больш за гадзіну, часам сустракаецца з калегамі ў Батумі, але нячаста. «Хікікаморы мімаволі», — усміхаецца наш суразмоўца. Калі dev.by кінуў заклік у пошуках айцішнікаў-пустэльнікаў, Канстанцін адазваўся першым. Выслухалі яго гісторыю.

«15 км — дзесьці прыгарад, але не ў Грузіі ж!»

— Я пераехаў у Грузію ў сакавіку. З пачаткам вайны ва Украіне паўстала рызыка, што на маім праекце з Беларусі будзе немагчыма працаваць — і на сямейнай радзе было прынятае рашэнне не рызыкаваць працоўным месцам.

Мая польская віза на той момант скончылася, а ніякай іншай не было, так што варыянтаў было ўсяго два: альбо Узбекістан — я, дарэчы, вялікі аматар узбекскай кухні, дый наогул фанат кулінарыі, — альбо Грузія. 

Мае знаёмыя яшчэ да вайны былі ў Грузіі, і ў сябра засталіся кантакты маклера, які мог дапамагчы з пошукам жытла. Дый водгукі пра гэтую краіну былі вельмі добрыя — так што шалі схіліліся на яе карысць. 

Я звязаўся з маклерам, спытаўся, што ён можа прапанаваць — і, калі шчыра, трохі ашалеў ад коштаў на рынку. У сакавіку за студыю-аднапакаёўку ў Батумі «зараджалі» ад 400 да 600 даляраў — я такога не чакаў. Папрасіў: «Пашукаем яшчэ варыянты — мне вялікі горад не патрэбны, я ж еду працаваць, а не ў адпачынак». І праз нейкі час ён даслаў фатаграфіі «з прыгарада Батумі». 

Фармальна 15 км — сапраўды прыгарад. Але гэта ж Грузія! (смяецца). 

Такім чынам, цэны ў «прыгарадзе» былі напалову ніжэйшыя. Фатаграфіі заліпальныя, з горнымі відамі. І студыя сімпатычная — прасторная. Я, вядома, рыхтаваўся да таго, што ў рэчаіснасці ўсё можа быць інакшым. Але не — у рэальнасці ўсё было як на фота, маклер не падмануў.

«Я як быццам далёкі сваяк у гасцях»

З Мінска я ляцеў у Кутаісі. У самалёце пазнаёміўся з некалькімі хлопцамі — усе айцішнікі, такія ж рэлаканты, як і я. У аэрапорце нас сустрэлі знаёмыя — адвезлі ў Батумі. А там мяне ўжо забралі маклер і гаспадар кватэры, у якой я жыву. 

Выявілася, гэтая студыя размяшчаецца ў вялікім прыватным доме. Ёсць асобны ўваход, але дэ-факта трэба прайсці праз гаспадарскі дом. З лэндлордам і яго сям’ёй у мяне склаліся вельмі добрыя адносіны. Часам у мяне нават з’яўляецца адчуванне, што я не арандую ў іх жытло, а як быццам бы далёкі сваяк — прыехаў пагасцяваць. Гэта ўсё грузінская гасціннасць!

Калі зараз у кагосьці перад вачыма ўсплыла карцінка: кватарант ідзе калідорам — а гаспадар крычыць яму: «Ой, даражэнькі, а ну-тка падыдзі!..» — то не. Мае гаспадары так сябе не паводзяць, яны глыбока паважаюць чужыя асабістыя межы. Наогул гэта інтэлігентная сям’я.

  • Жонка гаспадара — настаўніца англійскай мовы ў школе. 
  • Бабуля, яе мама, цяпер на пенсіі. Але яна таксама была настаўніцай, выкладала грузінскую ў школе.
  • Старэйшая дачка гаспадара вучыцца ва ўніверсітэце.
  • А мой лэндлорд працуе ў гатэлі і таксуе. Я рэдка яго бачу, бо ён увесь час на працы. Дый дома не сядзіць на месцы — усё нешта рамантуе-майструе, цяпер вось тынкуе.

Часам мы абедаем разам. Вось сёння мне было няёмка: гаспадар паклікаў скласці яму кампанію, я думаў, кавы разам пап’ём — і пабягу на анлайн-мітынг, а ў выніку атрымалася цэлае застолле — сацыві, лобіа, салаты. Я спяшаўся, таму як след не пасядзелі. Аджа (у грузінаў сталаванне) — гэта ж не столькі пра ежу, колькі пра сацыялізацыю: патравіць байкі, пагаварыць па душах.

«Усе мае шпацыры — вынесці смецце, у будні ў агульнай колькасці адна гадзіна»

Што такое грузінская вёска — для мяне гэта каровы-каровы, проста як у Індыі… У нас у Беларусі ў прыватным сектары кароў амаль не трымаюць, бо гэта ж праца. А тут малочка і мяса дарагія, а пенсіі — усяго 280 лары (каля 100 даляраў), так што грузінскія пенсіянеры вымушаныя вашаваць, каб забяспечыць сябе. Вось яны часта і заводзяць кароў — хаця б адну на двор.

Каровы тут невялікія — не тое, што ў Беларусі. Я чакаў, што будуць бараны, але не — у гэтай частцы Аджарыі я бачыў іх усяго некалькі разоў. Кажуць, у горнай Аджарыі ёсць свінні на вольным выпасе, але, на жаль, на свае вочы я такіх пакуль не бачыў. 

Калі шчыра, то па вёсцы я амаль не шпацырую — асцерагаюся сабак. Яны ж усе «пры выкананні»: ідзеш паўз нейкі двор — можа як выскачыць… Дый проста непрыемна, калі ты ідзеш — а злева і справа хорам сабачы брэх.

На працягу працоўнага тыдня я мала выходжу са сваёй студыі. Усе мае шпацыры — вынесці смецце: да скрыні і назад. Калі скласці выхады, то ад панядзелка да пятніцы набіраецца не больш за гадзіну. 

Часам я выбіраюся ў Батумі альбо з гаспадаром, альбо з кімсьці з яго сям'і, хто едзе на машыне, часам бяру таксі — гэта каштуе 10 беларускіх рублёў у адзін бок. А калі ехаць на маршрутцы, то 1 лары (каля 90 капеек).

Раз на тыдзень я закупляюся прадуктамі. Як правіла, паход у краму я сумяшчаю з паездкай у Батумі, спантанна за прадуктамі не выбіраюся. Да найбліжэйшай крамы — 7 км. Пару разоў я хадзіў за ежай пешшу — больш не хачу: туды яшчэ нармальна ісці, бо ты спускаешся з гары, а назад дарога ідзе на ўздым — з пакупкамі ў руках цяжка. 

Вядома, я заўжды закупляюся з запасам — усведамляю рызыку. І ў мяне заўжды ёсць тушонка і рыс на экстранны выпадак, плюс яшчэ бульба, а ў маразільніку — кураня.

«Вывучыў, як будзе па-грузінску «дай мне», «хадзі сюды», ну і лічбы»

Ці самотна мне — не, на працягу працоўнага тыдня пра гэта не думаеш. Раніцу я пачынаю з тэлефанавання жонцы, вечарам зноў тэлефаную — ёй і маці.

Я маю тут невялікі круг зносін — не на бязлюдным жа востраве жыву, зусім побач Батумі, а там жыве трое калег. Час ад часу мы з імі сустракаемся. А з сям’ёй і сябрамі маем зносіны дыстанцыйна.

Я тут жыву ўжо 8 месяцаў, так што суседзяў знаю — сустракаемся з імі на святы. Плюс яны прыходзяць дапамагчы па гаспадарцы: адзін сусед тут усім рамантуе праводку, іншы, Джумбер, можа паглядзець, што там у машыне барахліць… А калі з камп’ютарам трэба разабрацца або ў тэлефоне штосьці наладзіць — то гэта цяпер да мяне.

З мовай зносін ёсць нюансы, вядома. У вёсцы людзі размаўляюць па-грузінску. Хто старэйшы, нават калі і вучыў рускую мову, то забыўся — не карыстаўся на працягу дзясяткаў гадоў. Мужчыны, якія служылі ў савецкім войску, па-руску размаўляюць добра. 

З моладдзю можна перакінуцца парай слоў па-англійску. Але смол-ток атрымліваецца не з кожным, бывае, даводзіцца тлумачыцца на пальцах. Я вывучыў, як будзе па-грузінску «дай мне», «хадзі сюды», ну і лічбы, назвы садавіны-гародніны. 

У прынцыпе, калі ты маеш патрэбу ў дапамозе, табе дапамогуць і без слоў. Я жыву недалёка ад запаведніка Мцірала. Паглядзеў па карце — прайсці ўсяго 3,5 км. Ну гэта ж на карце… Пакуль я падняўся ў горы, знямогся, разумею, што назад не спушчуся — стаміўся. Пашанцавала: ехаў чалавек на машыне — убачыў мяне, кажа: «Заскоквай!» — і адвёз дадому.

Людзі тут вельмі зычлівыя. І заўжды на пазітыве. 

Кажуць, што грузіны не любяць, калі размаўляюць па-руску. Сам я з такім не сутыкаўся. Неяк летам да гаспадара прыязджалі сваякі, адзін з іх удзельнічаў у вайне ў Паўднёвай Асеціі ў 2008 годзе. За сталом штосьці казалі — і тут ён пакасіўся на мяне. Гаспадар сказаў: «Ён не рускі, беларус…» «А-а-а — тады ўсё!» — і пытанні адпалі. 

Да ўкраінцаў тут ставяцца са спачуваннем, і яно не паказное, не штучнае.

«У Беларусі ідзеш вёскай, бачыш — у гэтым доме п’юць. А тут такога няма»

Мой гаспадар родам з іншай часткі Аджарыі — бліжэйшай да турэцкай мяжы. Я бываў у яго бацькоўскай хаце. І вось што мяне ўразіла: як бы сціпла людзі ні жылі, але ў зале ў іх заўжды «дорага-багата» — прыгожая падлога, карціны на сценах, на столі жырандоля, а яшчэ прыгожы посуд. Пры тым, што гэтыя людзі жывуць вельмі сціпла. 

Вельмі важная частка прыёму гасцей — застолле: у іх так прынята, каб на стале стравы стаялі ў 2 паверхі.

У вёсках тут прынята жыць вялікай сям’ёй. У сям'і шмат дзяцей, і самае малодшае дзіця, як правіла, застаецца жыць з бацькамі ў бацькоўскім доме. У нас таксама так — у доме жыве 7 чалавек: ёсць бабуля з дзядулем, іх малодшая дачка — Эльза, гэта жонка гаспадара, а яшчэ трое яе дзяцей, то-бок унукаў.

А яшчэ ведаеце, у Беларусі ты ідзеш іншым разам вёскай і адразу бачыш — у гэтым доме п’юць. А тут, у Грузіі, я ніводнага такога дома не бачыў. І гэта не значыць, што грузіны не ўжываюць алкаголю, ну не — усякія ёсць, але вось на іх жытле гэта не адлюстроўваецца. 

У нас тут ёсць сусед Гурам — вялікі аматар віна. Неяк ён выпіў і не змог устаць. І як у нас звычайна прыходзіць жанчына па свайго п’яненькага мужа — рукі ў бокі і давай яго бэсціць. А жонка Гурама прыйшла, узяла яго далікатна пад локцік — і акуратненька так суправадзіла дадому. Гэта мяне ўразіла! 

Што яшчэ мяне здзівіла: мужчыны і жанчыны тут, бывае, ядуць за рознымі сталамі, бо ў мужчын — адныя размовы, а ў жанчын — іншыя. 

Пра што я мару — вярнуцца ў Мінск. У мяне там сям’я, дзіця. Я з’ехаў, бо гэтага патрабавала праца, а мая жонка вымушаная была застацца, каб даглядаць сваю маці, якая не ўстае з ложка. 

Але калі б мы пераехалі сюды ўсёй сям’ёй, нам было б усё адно няпроста. У вясковай школе дачка вучыцца не змагла б — там усе прадметы выкладаюць па-грузінску. А з вёскі кожны дзень у Батумі не наездзішся — заторы, прыйшлося б пасяліцца ў горадзе. 

Я глядзеў, колькі каштуюць школы ў Грузіі. Добрая нямецкая ў Батумі — 6900 лары (каля 2,5 тысяч даляраў) на год. Для майго кашалька гэта было б вельмі адчувальна. А анлайн-навучанне нам не пасуе, бо дачка — яшчэ першакласніца.

Каментары4

  • ром
    09.12.2022
    айтишники-пустэльники)) это чтото новенькое)) абы на нормальнай працы не працавать!
  • Максим Дизайнер
    09.12.2022
    Можно вывезти беларусика из колхоза, но колхоз из беларусика не вывезти. Целыми днями сидеть в хате и в интернете. И что там этот вкатыш после курсов зарабатывает, если 2500 в год на нормальную школу для ребенка для него много. Тем более, что там полно школ в 2 раза дешевле. Но беларусик без понтов - это не беларусик. Нужна обязательно британская или немецкая
  • дочка Максима Дизайнера
    10.12.2022
    Максим Дизайнер, у вас ребенок есть? 

Расіяне расказалі, як намучыліся на беларускай мяжы8

Расіяне расказалі, як намучыліся на беларускай мяжы

Усе навіны →
Усе навіны

Гайдукевічу прапануюць стаць пратэсным кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах24

У ЗША выратавалі мужчыну, які дрэйфаваў на халадзільніку ў моры на працягу амаль сутак3

Беларус, які вызваліўся пасля паўтара года хіміі, ударыў малатком па сцяне Крамля3

Міністр унутраных спраў Літвы назвала, колькі беларусаў давялося прымусова выслаць назад у краіну2

«Гнілаж і размандыкванне». Чалы тлумачыць, як Лукашэнка прыдумаў ідэальную праграму працы на будучыню5

Памёр Андрэй Цісык

У Аўстраліі жанчыне адгрыз руку ўласны сабака. Яна змагаецца за жыццё8

У Гродне пенсіянерка ішла на кірмаш і драпала аўтамабілі2

Выпускніка не прынялі на размеркаванне. Зараз ён вінны больш за 20 000 рублёў3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Расіяне расказалі, як намучыліся на беларускай мяжы8

Расіяне расказалі, як намучыліся на беларускай мяжы

Галоўнае
Усе навіны →