Паэт, літаратуразнаўца і журналіст Міхась Скобла на сваёй старонцы ў фэйсбуку разважае пра падабенства і агульныя рысы твораў беларускага і расійскага класікаў: «Машэкі» Уладзіміра Караткевіча і «Бабы-Ягі» Івана Буніна.
«Перачытваючы нядаўна Івана Буніна, яго знакамітыя «Акаянныя дні», я па інерцыі пагартаў увесь ягоны шасцітомнік і спатыкнуўся вокам на вершы «Баба-Яга». Ён падаўся мне знаёмым, хоць, прызнацца, Буніна-паэта я амаль не чытаў, паланёны яго чароўнай прозай. Так бывае — каб самахоць не дамяшаць лыжку расчаравання ў бочку любові да пэўнага пісьменніка, пачынаеш неяк інстынктыўна абмінаць тыя жанры, дзе твой улюбёнец не дасягнуў належнай вышыні. Так у мяне сталася з Буніным, чыя паэзія маé чытацкія рэцэптары пакідае амаль безуважнымі (ох і даў бы мне выспятка за гэта ганарлівы нобелеўскі лаўрэат!).
Пачатак «Бабы-Ягі» безуважным мяне не пакінуў:
«Гулкий шум в лесу нагоняет сон — / к ночи нá море пал сырой туман. / Окружен со всех четырех сторон / Темной осенью островок Буян».
Зрабіўшы закладку ў кнізе, я не адразу ўспомніў, адкуль гэта пазнавальная інтанацыя, гэты знаёмы парадак слоў?
З «Машэкі»! Верша Уладзіміра Караткевіча пра беларускага паўстанца. Я хуценька адшукаў на паліцы яго зборнік «Матчына душа» і ўпэўніўся, што памяць, з кожным годам усё больш дзіравая, на гэты раз мяне не падвяла. «Машэка» пачынаўся так, быццам Уладзімір Сымонавіч з Іванам Аляксеевічам за адным сталом сядзелі і ў бурымэ гулялі. Ёсць такая літаратурная гульня, калі адзін верш пішацца рознымі паэтамі на зададзеныя рыфмы і загадзя вядомую тэму.
«Лісце алае засыпае роў, / Пушчу чорную апавіў туман. / Атачон з усіх чатырох старон / Золкай восенню мой лясны будан».
Бунінская «Баба-Яга» датуецца 1908 годам, караткевічаўскі «Машэка» — 1955-м. Зразумела, хто каму наследаваў і, нібы месяц у сонца, пазычаў паэтычнае святло (з’ява ў сусветнай літаратуры даволі распаўсюджаная).
На жаль, факт гэтай пазыкі-наследавання не быў заўважаны даследчыкамі ў каментаваных Зборах твораў Уладзіміра Караткевіча — ні ў даўнім 8-томным, ні ў цяперашнім 25-томным, які працягвае выходзіць у свет.
І гэта не дзіўна, бо творчасць Караткевіча — як айсберг: і на паверхні выглядае як гара, але яшчэ большая гара схавана ў глыбіні. А ў глыбіню не кожны даследчык данырне, не кожны мае адпаведны глыбакаводны «скафандр».
І ўсё ж мáю спадзяванне, што з цягам часу нехта данырне і да грота «Караткевіч і Бунін» ды агледзіць яго з усіх бакоў.
А ныраць, відаць, трэба, адштурхнуўшыся ад успамінаў Адама Мальдзіса: «Лепшым творам усіх часоў і народаў Валодзя назваў тады «Чысты панядзелак» Івана Буніна. Мы з Міколам Грынчыкам са скрухай прызналіся, што не чыталі яго. Тады гаспадар прынёс адпаведны том, пачаў зачытваць урыўкі. Потым з задавальненнем перачытваў уголас бунінскія вершы».
Ну, з «Чыстым панядзелкам» справа ясная — там захмялелы Васіль Качалаў на маскоўскім акторскім капусніку прамаўляе тосты «з буйным потам на ілбе, на які звісае касмыль яго беларускіх валасоў».
А ці чытаў тады сябрам Уладзімір Сымонавіч бунінскую «Бабу-Ягу»?
Каментары
а што - там нешта таксама эратычнае?
а я была на сапраўдным востраве Буяне...