У Ашмянскім раёне мужчына лінуў бензінам у печку, каб лепш гарэла
А потым сам ратаваўся, а дом згарэў.
Жылы дом гарэў увечары 12 снежня ў вёсцы Бернікі Ашмянскага раёна. 60-гадовы гаспадар сам прызнаўся, што прычынай узгарання стаў бензін, якім ён спрабаваў паскорыць гарэнне ў печцы, піша Kraj.by.
Паведамленне аб пажары ў Берніках паступіла 12 снежня ў 17:30. Ратавальнікам патэлефанаваў сведка. На месца здарэння выехалі чатыры пажарныя разлікі.
Калі падраздзяленні прыбылі ў Бернікі, дах прыватнага драўлянага дома быў цалкам ахоплены агнём. 60-гадовы гаспадар распавёў, што вырашыў распаліць печ і, каб працэс пайшоў хутчэй, выкарыстаў бензін.
Пары бензіну ўспыхнулі, полымя за секунды ахапіла пакой. Гаспадару давялося выбегчы на вуліцу, ратуючыся ад пажару. Мужчына не пацярпеў.
Ратавальнікі патушылі пажар. У выніку згарэў дах і маёмасць у доме, пашкоджаны сцены з перакрыццем.
Каментары