Грамадства99

Яго стварыў Янка Купала і крычаў лукашэнкаўскі дэпутат. Гісторыя лозунгу «Жыве Беларусь!» 

У спіс нацысцкіх арганізацый, структур, сімволікі і атрыбутыкі ўключылі вокліч «Жыве Беларусь!» і адказ «Жыве!». У пастанове гэтыя словы названыя лозунгам «30-й дывізіі Вафэн-СС (Руская № 2, яна ж — Беларуская № 1), што складалася ў асноўным з былых байцоў атрадаў «Беларускай Краёвай Абароны», выкарыстоўвалася ў антыпартызанскіх аперацыях». Тым часам, як сведчаць факты, словы «Жыве Беларусь!» не маюць ніякага дачынення да нацызму, піша Радыё Свабода.

Імпульс ідэі аб забароне «Жыве Беларусь!» даў Ігар Марзалюк

У лістападзе 2021 года гісторык і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк заявіў у эфіры тэлеканала СТБ, што «Жыве Беларусь!» — гэта калька нацысцкага прывітання «Зіг хайль!». Тым часам, як сведчаць факты, ні «Жыве Беларусь!», ні адказ «Жыве!» не маюць ніякага дачынення да нацызму.

Але пра ўсё па парадку.

Упершыню словы «Жыве Беларусь» прагучалі ў вершы Купалы

Лічыцца, што аўтар нацыянальнага закліку — класік беларускай літаратуры Янка Купала. Словы «Жыве Беларусь» паходзяць з яго верша, напісанага ў 1905-1907 гадах — «Гэта крык, што жыве Беларусь»:

«А вот як не любіць гэта поле, і бор,
І зялёны садок, і крыклівую гусь!..
А што часам тут страшна заенча віхор, —
Гэта енк, гэта крык, што жыве Беларусь!»

Папулярызатарам гэтых купалаўскіх радкоў лічыцца крытык Уладзімір Самойла. Менавіта гэтыя словы ён выбраў у 1908 годзе ў якасці эпіграфа да артыкула пра зборнік Янкі Купалы «Жалейка». 

Заклік адразу перанялі нашы публіцысты-адраджэнцы як знак беларускага самаўсведамлення:

«… Pływie žywoje biełaruskaje słowo, budziačy pryspanyje sercy biełarusoŭ i pakazywajučy ŭsim, što «žywie Biełaruś!»

(Naša Niwa, 11 listapada 1910 h.)

У 1912 годзе яно ізноў гучыць у паэзіі, у аднайменным вершы Хведара Чарнышэвіча:

«І цвёрда за волю святую
Бяромся ад шчырай душы.
«Жыве Беларусь!» дарагую
Хаваем мы думку ў цішы».

Лозунг Першага Усебеларускага з'езду

Лозунг «Няхай жыве вольная Беларусь!» быў і ў афармленні Першага Усебеларускага зʼезду, які адкрыўся ў Мінску ў снежні 1917 года. Гэта быў самы прадстаўнічы орган беларускага народа ў той час. Менавіта выканкам Рады Усебеларускага зʼезду стварыў урад Беларусі і абвясціў аб стварэнні Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта была прадстаўнічая воля ўсяго беларускага народа. Дарэчы, пра важнасць для гісторыі Беларусі гэтага зʼезду казаў у 2017 годзе Лукашэнка:

«Гэты народны сход прадэманстраваў найважнейшыя каштоўнасці, значныя для нас і да цяперашняга дня: сваю дзяржаву, яе сацыяльны характар і той факт, што толькі народ, яго воля, калектыўны розум і лідары могуць стаць сапраўднай крыніцай незалежнасці».

Картка дэлегата І Усебеларускага кангрэса ў снежні 1917 года, знойдзеная ў Купалаўскім тэатры

Выкарыстоўвалася дыяспарай у міжваенны час

Пра гэта ў 2002 годзе на старонках «Нашай Нівы» ўзгадваў гісторык і грамадскі дзеяч, дырэктар Беларускага інстытута навукі і мастацтва (Нью-Ёрк) Вітаўт Кіпель:

«Гэты кліч ужываўся як палітычны нацыянальны заклік ужо ў 1918 г. (выступленне А. Баліцкага ў Кіеўскім універсітэце, што Баліцкаму ставіў у віну С. Вальфсон — «Навука на службе нацдэмаўскай контррэвалюцыі», 1931 г., с.45), кліч ужываўся на сходах студэнтаў у 20-х у Празе, пазней на грамадскіх сходах у Парыжы, Вільні».

Маецца на ўвазе выступ у Кіеўскім універсітэце беларускага дзяржаўнага дзеяча Антона Баліцкага, які ў 1920-я гады ўзначаліў Народны камісарыят асветы і быў прыхільнікам беларусізацыі.

«Жыве Беларусь!» падчас ІІ сусветнай вайны: у школах і ў партызанскіх атрадах

Лозунг «Жыве Беларусь!» выкарыстоўваўся ў беларускіх школах падчас акупацыі. Пра гэта пісаў згаданы ўжо Вітаўт Кіпель:

«Вучні проста крычалі што было сілы, калі да іх звярталіся з клічам-прывітаннем дырэктар прагімназіі сп. Аляксандр Акановіч альбо настаўнік літаратуры сп. Антон Адамовіч. Віталіся клічам «Жыве Беларусь!» і настаўнік гісторыі (прозвішча не памятаю), і настаўнік фізкультуры Козлік (ён пазней быў прызваны ў БКА). Клічам «Жыве Беларусь!» віталі вучні і ўладыку Апанаса, які наведаў прагімназію».

Вокліч «Жыве Беларусь!» выкарыстоўваўся і беларускімі партызанамі. Напрыклад, словы «Жыве Беларусь!» з адказам «Жыве!» гучалі ў песні віцебскіх партызан, складзенай Піменам Панчанкам (пазней перадрукоўвалася як пераклад расійскага верша Аляксея Суркова):

«На прускага ката
За вёску і хату!» —
Кліч помсты народнай заве.
Ідуць у атаку
Лясныя салдаты,
Грукочуць гранаты,
Грымяць аўтаматы:
— Жыве Беларусь!
— Жыве!»

Выраз «Жыве Беларусь!» падчас вайны выкарыстоўвалі беларусы незалежна ад палітычных поглядаў, у тым ліку ў савецкім друку.

Пасля вайны: Няхай жыве Савецкая Беларусь

У пасляваенны час лозунг «Жыве Беларусь!» трансфармаваўся і гучаў найчасцей як «Няхай жыве Савецкая Беларусь!».

Падчас перабудовы і першых гадоў незалежнасці ўжываўся афіцыйна.

Лозунг «Жыве Беларусь!» актыўна гучаў у адраджэнскіх колах і на мітынгах у падтрымку незалежнасці Беларусі з 1980-х гадоў.

Ён выкарыстоўваўся ў візуальным афармленні не толькі на мітынгах, але і падчас афіцыйных мерапрыемстваў. У 1994 годзе, калі прэзідэнтам ужо быў Лукашэнка, «Жыве Беларусь!» на канцэрце да Дня Незалежнасці Беларусі гукалі беларускія музыкі, сярод якіх былі Аляксандр Саладуха і Іна Афанасьева. Гэты канцэрт трансліравала Беларускае тэлебачанне.

Пасля разгону Лукашэнкам парламента і ўвядзення аўтарытарнай улады лозунг «Жыве Беларусь!» гучыць на пратэстах супраць яго рэжыму.

«Антыдзяржаўным лозунгам» яго ўпершыню назвалі ў 2006 годзе.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года ў Мінску адбыўся шматтысячны мітынг апанентаў улады і ўзнік палатачны гарадок. Калі праз некалькі дзён удзельнікаў пратэсту пачалі судзіць, то ў міліцэйскіх пратаколах адной з прычын затрымання значылася — «выкрыкваў антыдзяржаўны лозунг «Жыве Беларусь!».

Гэта быў першы публічны знак варожасці супраць нацыянальнага лозунгу. Але ўжо праз год бараніць заклік будуць на старонках дзяржаўнай прэсы.

Лозунг «Жыве Беларусь!» бараніла нават газета Адміністрацыі прэзідэнта

У 2007 годзе спявачка Анжаліка Агурбаш падчас «Славянскага базару» ў Віцебску гукнула са сцэны «Жыве Беларусь!». Журналісты незалежных СМІ звярнулі тады на гэта ўвагу, бо яшчэ годам раней за гэты лозунг садзілі на суткі. Агурбаш тады тлумачыла:

«Упершыню чую, што гэта апазіцыйны лозунг. Я далёкая ад палітыкі, я творчы чалавек, я чалавек міру. Я спяваю для сваёй публікі. І наогул не разумею, што крымінальнага вы бачыце ў гэтай фразе? Або публіка бачыць? Я асабіста — не».

Спявачку падтрымала і газета Адміністрацыі прэзідэнта «Советская Белоруссия».

«За Беларусь!», «Жыве Беларусь!» або «Квiтней, Беларусь!» — па сутнасці, адно і тое ж рознымі словамі. Няўжо жадаць росквіту сваёй краіне, сцвярджаць, што яна жыве (не памірае, не гіне — Божа барані!), — нешта ненармальнае ці, яшчэ не хапала, выключнае права нейкіх партый? Што ж атрымліваецца, звычайнаму чалавеку, не зацыкленаму на палітыцы, і сказаць пару добрых слоў пра ўласную краіну нельга?» — пісаў журналіст газеты Віктар Корбут.

«Спытай жа ў цяперашняга студэнта або школьніка, якія эмоцыі выклікае ў яго заклік «Жыве Беларусь!», — упэўнены, не знойдзецца таго, хто б нават западозрыў у гэтых словах штосьці дзіўнае. «Жыве сабе і жыве спакойна, а што ж яшчэ рабіць?» — самы лагічны адказ на пытанне, якое само па сабе дзіўнае», — працягваў аўтар.

Да 2020 года пад дэвізам «Жыве Беларусь!» выходзіла дзяржаўная газета

«Народная газета», якая ўваходзіць у выдавецкі холдынг Адміністрацыі прэзідэнта, выкарыстоўвала дэвіз «Жыве Беларусь!» ад здабыцця Беларуссю незалежнасці да снежня 2020 года.

Цяпер замест закліку «Жыве Беларусь!» там словы «Жыві і квітней, Беларусь!» — з дзяржаўнага гімна.

Лозунг «Жыве Беларусь!» крычаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў на мітынгу за Лукашэнку.

20 жніўня 2020 года на праўладным мітынгу ў Стоўбцах выступаў мясцовы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Іван Мамайка (былы начальнік раённай міліцыі). Напрыканцы свайго выступу ён сказаў:

«Падтрымаем уладу. Жыве Беларусь!»

На гэта прысутная публіка адказала крыкам: «Жыве!»

Навукоўцы пра «Жыве Беларусь»: адлюстроўвае сутнасць палітыкі дзяржавы, трэба ўнесці дэвіз у Канстытуцыю

У 2020 годзе ў Мінску судзілі 20-гадовую Марыю Сафонаву за тое, што яна напісала на асфальце «Жыве Беларусь» і намалявала бел-чырвона-белы сцяг. Следчы апісаў яе ўчынак так:

«Цынічныя надпісы, якія абражаюць пачуцці грамадзян, якія дэманструюць пагарду да маральных каштоўнасцяў, накіраваныя на прычыненне шкоды грамадскаму парадку і грамадскай маральнасці наступнага зместу: «Жыве Беларусь» і выявы ў выглядзе бел-чырвона-белага сцяга».

Навукоўцы з Акадэміі навук выдалі адвакату Сафонавай экспертнае заключэнне, у якім патлумачылі, чаму гэтыя словы не цынічныя і не абразлівыя. Высновы па фразе «Жыве Беларусь» такія:

• не мае лінгвістычных прыкметаў цынічнага зместу;

• не ўтрымлівае лінгвістычных прыкмет абразы, і сэнс яе не з'яўляецца абразлівым;

• не мае лінгвістычных прыкмет выразу пагарды да маральных каштоўнасцяў;

• у выразе «Жыве Беларусь» адлюстравана сутнасць унутранай і знешняй палітыкі нашай дзяржавы, накіраваная на забеспячэнне працвітання Рэспублікі Беларусь і росту дабрабыту грамадзян.

Прафесар Іван Лепешаў, знаўца беларускай фразеалогіі, лічыў, што выраз «Жыве Беларусь!» стаў выклічнікавым фразеалагізмам — воклічам веры і надзеі.

Дацэнт катэдры канстытуцыйнага права БДУ Іван Пляхімовіч, аўтар двухтомнага «Каментара да Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь», выступіў з прапановай — замацаваць выраз «Жыве Беларусь!» у Канстытуцыі як яшчэ адзін дзяржаўны сімвал, поруч з гербам і сцягам. Канстытуцыяналіст перакананы, што гэты заклік неабходна ўключыць у тэкст канстытуцыйнай прысягі прэзідэнта.

Каментары9

  • Жыве Беларусь !
    10.11.2022
    Наш лозунг был и останется лозунгом беларусов,а не коллаборантов .
  • беларускі сын
    10.11.2022
    Гэта наогул нейкі сюр, што лозунг Жвые Беларусь можа разлядацца як нацыстскі. Такое могуць рабіць толькі акупанты і не важна якой яны нацыянальнасці!

    Марзалюка вообще гнать из научного сообщества! Какая к чёрту калька с зик хайль? У всех народов есть краткий лозунг прославляющий свою страну. У соседей Слава России, Слава Украине. У западных соседей - Vive la France, ¡Viva España!, что в переводе означает Да здравствует Франция, Испания. А в переводе на белорусский будет Няхай жыве Беларусь. Убрали "няхай" чтобы лозунг сделать ёмким и содержательным как "вива ля франсе". А всякие марзалюки и прочие прихлебатели уничтожают белорусскую культуру, учнитожают белорусский этнос, а вместе с ним и белорусскую государственность.
  • лукашенко, Беларусь, которая будет Жить Вечно не нужна
    10.11.2022
    лукашенко и его холуям не надо, чтобы Беларусь Жила и Жила Вечно.
    Им нужны миллиарды России и удержание власти вечно, для получения этих миллиардов от России, за уничтожение Беларуси и всего белорусского в ней.

Лукашэнка стаў прадзедам19

Лукашэнка стаў прадзедам

Усе навіны →
Усе навіны

Стыльная карэянка, што скарыла сэрцы гледачоў Алімпіяды, трапіла ў спіс «100 жанчын 2024 года»

Чым цяпер жыве доктар Мартаў?5

Зяленскі адмовіўся назваць лічбу ўкраінскіх вайскоўцаў, якія загінулі з пачатку вайны 3

УЕФА па выніках матча з мінскім «Дынама» аштрафаваў «Легію» за антылукашэнкаўскія плакаты фанатаў1

Новая вакцына ад ВІЧ прайшла фінальнае выпрабаванне. Эфектыўнасць — рэкордныя 99%8

У класных журналах будуць звесткі аб месцы працы бацькоў3

У Тбілісі пратэстоўцаў рассеялі на праспекце Руставелі6

«Будзе здымаць маштабныя праекты з сабой у галоўнай ролі». Што думаюць пра новага міністра культуры Чарнецкага яго калегі?11

Шольц расказаў, што было ў яго таямнічай валізцы6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка стаў прадзедам19

Лукашэнка стаў прадзедам

Галоўнае
Усе навіны →