Член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар біялагічных навук Алег Давыдзенка і яго жонка Наталля знаходзяцца ў ізалятары на Акрэсціна. На іх заведзеная крымінальная справа. Лукашысты вінавацяць іх у «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак, альбо ўдзел у іх» (342 артыкул КК). Нагодай для пераследу стала фота, на якіх Давыдзенкі стаяць з плакатам падчас пратэстаў 2020 года.
Пачынаючы прыкладна з 26 кастрычніка Камітэт дзяржаўнай бяспекі правёў масавыя затрыманні ў Нацыянальнай акадэміі навук. Забралі як мінімум 44 супрацоўнікаў. Пазней стала вядома, што 41 адпусцілі. Сёння «Нашай Ніве» стала вядома, што затрыманні працягваюцца, і сярод арыштаваных — член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Алег Давыдзенка.
На гэты момант яго ўтрымліваюць у ізалятары на Акрэсціна.
Фармальна затрыманне адбылося а 7 гадзіне раніцы на Дзяды, 2 лістапада. Затрыманая і жонка навукоўца, Наталля.
«Да мяне прыйшла інфармацыя, што іх забралі за пратэсты 2020 года. Алег Георгіевіч вельмі прынцыповы чалавек. Магчыма, у ягоным тэлефоне знайшлі фота. Акрамя таго, у 20-м ён падпісваў ліст вучоных супраць гвалту ў краіне пасля выбараў і выйшаў з афіцыйнага прафсаюза. І наогул ён вельмі прамалінейны і «нязручны» для некаторых асобаў чалавек», — адзначае адзін з калег Алега Давыдзенкі.
Паводле яго, 4 лістапада дзяржаўны адвакат звярнуўся па характарыстыку з месца працы на свайго падабароннага.
Алегу Давыдзенку 71 год. Яго навуковая, працоўная дзейнасць звязана з Інстытутам генетыкі і цыталогіі Акадэміі навук Беларусі.
У 1990 годзе ён абараніў доктарскую дысертацыю па тэме «Цытаплазматычная зменлівасць сельскагаспадарчых раслін». У 2000 г. быў абраны членам-карэспандэнтам НАН Беларусі. Ён аўтар 300 навуковых работ, у тым ліку 5 манаграфіяў, 1 падручніка, 19 гатункаў раслін.
а
Давыдзенка быў двойчы ўганараваны прэміяй Нацыянальнай акадэміі.
Каментары