Пра рэйд лукашыстаў па акадэмічных інстытутах «Нашай Ніве» паведамілі калегі затрыманых.
Інфармацыя дагэтуль даволі ўрыўкавая, бо ўзровень страху высокі.
«Нашай Ніве» вядома, што на мінулым тыдні затрымліваліся трое навукоўцаў з Інстытута біяарганічнай хіміі навукова-прамысловага цэнтра «ХімФармСінтэз». Іх адпусцілі, але ўзялі падпіску аб неразгалошванні.
Была затрыманая супрацоўніца Фізіка-тэхнічнага інстытута.
Як мінімум адно затрыманне адбылося ў прэзідыуме НАН.
Супрацоўнікі Камітэта дзяржаўнай бяспекі прыходзілі таксама ў Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры. Гэта, магчыма, адбылося раніцай 26 кастрычніка.
У інстытуце філасофіі ў супрацоўнікаў правяралі тэлефоны: праглядалі фотагалерэю і тэлеграм. Тое ж самае рабілася і ў іншых акадэмічных інстытутах.
Яшчэ ў адным інстытуце сілавікі размаўлялі з супрацоўнікамі ў кабінеце дырэктара. Размова вялася сам-насам. Людзей забіралі з працоўных кабінетаў і лабараторый без папярэджання. Некаторым супрацоўнікам прапаноўвалі супрацу з сілавікамі.
Частку затрыманых завезлі на допыт у Камітэт дзяржаўнай бяспекі і пазней адпусцілі. Частку, як мінімум 5 ці 6 чалавек, адправілі на суткі на Акрэсціна.
Усяго па інфармацыі «Нашай Нівы» з дзвюх крыніц, затрымліваліся 44 супрацоўнікі. Калі вы маеце больш інфармацыі, пішыце ў наш тэлеграм-бот @Nasa_Niva_Bot або тым рэдактарам і журналістам «Нашай Нівы», каго ведаеце асабіста.
Некаторыя навукоўцы кажуць, што «першы аддзел» — гэта значыць, КДБ — збірае інфармацыю пра тое, якія спасылкі супрацоўнікі Акадэміі навук адкрываюць на сваіх працоўных камп'ютарах.
Якая логіка прасочвалася ў апошніх затрыманнях? Здаецца, лукашысты прыйшлі да ўдзельнікаў тэлеграм-чату «Навукоўцы супраць гвалту».
Чат «Навукоўцы супраць гвалту» быў прызнаны лукашэнкаўцамі «экстрэмісцкім». «Экстрэмісцкім» улады прызнаюць усе непадкантрольныя ім рэсурсы і арганізацыі, любую дзейнасць незалежнага характару.
Як пазней стала вядома, 41 з 44 затрыманых ужо выйшлі на свабоду. Сярод затрыманых — вядомы мовазнавец Сяргей Гаранін, а таксама 56-гадовая жанчына з прэзідыума НАН.
Каментары