Каханне і сэкс1919

«Сэксуальнае жыццё можа быць якасным і пасля 70». Беларус ажаніўся з маладою і дзеліцца сакрэтамі сямейнага шчасця 

У Захара і Дар’і розніца ва ўзросце 39 гадоў. Яму — 74, ёй 35. За каханай мужчына паехаў у Ізраіль: ён перабраўся туды з Беларусі ў 2012-м годзе. «Наша Ніва» паразмаўляла з прафесарам Захарам Шыбекам і даведалася гісторыю кахання пары, хто павінен утрымліваць сям’ю і як быць сэксуальна актыўным, калі ты немалады.

Захар Шыбека з жонкай Дар'яй і дзецьмі. Фота: сацыяльныя сеткі

Захар Шыбека — вядомы беларускі гісторык. У Беларусі ён працаваў дырэктарам Нацыянальнага музея гісторыі і культуры, быў прафесарам кафедры гістарычнай эканомікі ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. 

Неўзабаве дзесяць гадоў таму мужчына выехаў жыць у Ізраіль. «Паехаў за каханнем», — казаў ён.

«Жонка стала такім сваеасаблівым сувязным мяне з сучаснасцю»

Як расказвае сам Захар, з жанчынамі ў яго заўсёды адносіны былі рамантычныя. Па першую сваю жонку мужчыну давялося ехаць у Новасібірск, каб вярнуць яе ў Мінск і ажаніцца.

«Яе бацькі былі не вельмі радыя мне, таму адправілі яе ў Расію.

Мая жонка хварэла на бакавы аміятрафічны склероз. Гэтая хвароба выяўляецца ў адміранні мышцаў і ў немінуемай смерці. Гэта ўсё цягнулася 17 гадоў. Яна памерла, я дастаткова доўга быў адзін», — дзеліцца ён. 

З другой сваёй каханай Захар пазнаёміўся ў цягніку, калі ён ехаў чытаць лекцыю ў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт. Будучая жонка аказалася яго студэнткай. 

«Калі прыйшоў у аудыторыю, то пабачыў яе. Мяне ўразіла Дар’я сваёй дабрынёй, прыгажосцю, яна падобная чымсьці да маёй першай жонкі, таксама мела габрэйскія карані. Ёсць у мяне асабістая прывязанасць да такіх жанчын. Нават успамінаю беларускіх дзеячоў 1920-х гадоў, якія абіралі жонак-габрэек», — расказвае ён. 

Калі ў Захара з Дар’яй пачаўся раман, гэта заўважылі ва ўніверсітэце. Мужчыну папярэдзілі, што калі ён не перарве адносін са студэнткай, то можа страціць працу. 

«Я застаўся з ёй ў адносінах, — кажа ён. —Яна была зачараваная Ізраілем, паехала туды жыць. Доўга не мог без яе трываць. І гэта была падстава, каб разарваць адносіны, але пачуцці аказаліся моцныя. Усё кінуў і паехаў за ёй.

Мной рухала каханне, а другая прычына, чаму я з’ехаў, — жыццё ў Беларусі станавілася для мяне ўсё больш невыносным.

Мяне выціскалі з працы ў Эканамічным універсітэце, часта выклікалі на размовы з рэктарам. 

Рашэнне было імпульсіўнае і асэнсаванае адначасова. Тым больш, што я на той момант ужо выдаў замуж сваю дачку, якая ў мяне ад першай жонкі. І я меў права на рызыку». 

У 2012-м Захар Шыбека пераехаў у горад Хайфа, а ў 2015-м ажаніўся з Дар’яй. Тады яму было 66 гады, жонцы — 28. У пары ў гэтым жа годзе нарадзіўся сын. 

Мужчына кажа, што ён разумеў усе рызыкі такой сувязі і не думаў, што шлюб прынясе задавальненне маладой дзяўчыне. 

«Адгаварваў яе. Яна палічыла, што галоўнае тут не ўзрост, а тое, што ў нас разам вельмі добра «спяваюць» душы. 

Я розніцу ў гадах на той момант не адчуваў. Быў у вельмі добрай форме. Жонка стала такім сваеасаблівым сувязным мяне з сучаснасцю. Яна мне дапамагала зразумець моладзь, тэндэнцыі, студэнтаў, якім я выкладаў. Нашы адносіны ніяк з-за ўзросту не парушаліся», — дзеліцца ён. 

Фота: сацыяльныя сеткі

Бацькі будучай жонкі Захара спачатку неадназначна паставіліся да выбранніка дачкі.

«Маці Дар’і было ўсё роўна, а вось тата вельмі перажываў, трагічна для яго гэта ўсё было. Ён супакоіўся толькі тады, калі прыехаў да нас і пераканаўся, наколькі ў нас усё гарманічна, прыгожа. Ён пачаў радавацца разам з намі. Цяпер у мяне з ім добрыя адносіны. Ён вельмі адукаваны чалавек, кандыдат педагагічных навук, а дзядуля маёй жонкі — прафесар, доктар псіхалогіі.

Я думаю, таму і яна абрала мяне: у яе з дзяцінства было закладзена шанаванне навуковасці, розуму, інтэлекту. Яна не магла выбраць сабе свайго аднагодка, таму што яна бачыла сваіх бацькоў, якія вылучаліся з агульнай масы.

Зразумела, што яна атрымлівае ад мяне надзейную абарону і што я буду заўсёды стаяць на варце яе інтарэсаў», — расказвае мужчына. 

«Галоўная каштоўнасць для жанчыны — гэта не забяспечанасць мужчыны, а яго надзейнасць, павага да жонкі»

У Беларусі ў Захара Шыбекі пенсіі няма, у Ізраілі таксама. Жыве сям’я на сацыяльную дапамогу і заробак Дар’і, якая працуе медыцынскай сястрой. 

У пары тры сыны: малодшаму 4 месяцы, сярэдняму 5 гадоў, старэйшаму — 7. 

«Цяпер я самы бедны прафесар у свеце. У мяне нічога няма: ні пенсіі, ні дома, ні машыны. Раней было дзве кватэры ў Мінску, цяпер адна, якая належыць маёй дачцэ. 

Мы маем пэўную дапамогу, каб здымаць кватэру. І гэта дазваляе нам жыць не шыкоўна, але ўмерана. У Ізраілі не даюць паміраць ад голаду і ісці жабраваць на вуліцу, тут вельмі моцная сістэма сацыяльнай дапамогі. Для мяне багацце, канечне, рэч пажаданая, але я ніколі не імкнуўся да гэтага.

Для мяне заўсёды галоўным была свабода, вольная праца, духоўныя, культурныя каштоўнасці, сям’я. У гэтым плане, можа быць, я самы багаты прафесар у свеце. 

Мне пашчасціла, што Дар’я мае медыцынскую адукацыю. Яна прафесійна глядзіць нашых дзяцей і мяне», — расказвае ён. 

Ці не выстаўляе жонка Захара прэтэнзіі, што фактычна яна сама ўтрымлівае сям’ю?

«Можа быць, у яе ёсць нейкае шкадаванне наконт таго, што яе муж не працуе, але Дар’я ніколі мне пра гэта не казала, — мяркуе Захар. — Галоўная каштоўнасць для жанчыны, асабліва для такой, як яна, гэта не забяспечанасць мужчыны, а яго надзейнасць, павага да жонкі. Яна вельмі цэніць тое, што я бяру вялікі ўдзел у выхаванні дзяцей. Я іх гляджу, гатую есці, адводжу ў садок, сяджу. Думаю, што гэта больш важна для жанчыны, чым калі мужчына прыносіць грошы, а сам жыве на працы і дзеці яго не бачаць. 

Тое, што я на пенсіі і заняты дзецьмі, гэта не значыць, што я адмовіўся ад навуковай дзейнасці». 

Фота: сацыяльныя сеткі

Дачка мужчыны, якая нарадзілася ад першага шлюбу, узрадавалася, калі яе бацька нарэшце ўладкаваў сваё асабістае жыццё. 

Захар думае, што ў яе не было да яго пытанняў, бо яна бачыла, якія выпрабаванні ён прайшоў з яе маці, калі даглядаў яе хворую. 

«Нашы адносіны зараз сталі больш глыбокімі, змястоўнымі: яна пераехала з мужам у Ізраіль. 

Усе мае дзеці побач са мной — гэта дадатковы стымул для аптымістычнага, якаснага жыцця.

Яе муж тут уладкаваўся на працу з добрым заробкам, Беларусь згубіла таленавітага хіміка. Дачка па адукацыі архітэктарка і бібліятэкарка, але яна пакуль працу па спецыяльнасці не знайшла, пакуль падалася ў афіцыянткі», — кажа ён. 

У Ізраілі пасля нараджэння дзіцяці жанчыне аплачваюць тры месяцы адпачынку. Потым ёсць магчымасць глядзець яго да года і не губляць месца працы. 

«Пасля, калі няма з кім пакінуць дзіця, жанчыны аддаюць яго ў прыватныя садкі і вымушаны плаціць даволі вялікія грошы, да 1000 даляраў у месяц. У дзяржаўныя малых прымаюць з трох гадоў, там бясплатна. Адукацыя ў дзяржаўнай школе таксама, у прыватных навучанне каштуе 600 даляраў у месяц. 

У другім класе ў школе праводзіцца тэставанне на выяўленне здольнасцей, таленту. Могуць перавесці іх у прэстыжныя школы і часткова аплачваюць вучобу», — расказвае ён. 

«Імкнуся, каб мае дзеці былі патрыётамі Ізраіля і не забывалі пра радзіму, каб былі настроены ў перспектыве на дапамогу Беларусі»

Мужчына кажа, што ён ніколі не думаў пра тое, што можа «раптоўна захварэць». У яго на такое няма часу.

«Займаюся фізкультурай, ёгай, хадзьбой, роварам, плаваннем, — тлумачыць Захар.

— Я ўпэўнены, што буду жыць доўга, у мяне няма іншага выбару. Праблема захавання здароўя, сваёй карыснасці для сям’і — гэта мая прыярытэтная мэта. 

Цяпер у мяне тым больш няма сумненняў наконт будучыні маіх трох сыночкаў, бо побач са мной ёсць старэйшая дачка, яе муж, якія будуць дапамагаць». 

Па словах Захара, у Ізраілі ў дачыненні да сямейных адносін усё так: нараджаюць столькі дзяцей, колькі атрымліваецца. 

«У іх рэгламентаваныя сэксуальныя адносіны, у крытычныя для жанчыны дні яны нават могуць спаць асобна. Яшчэ адна адметнасць, што веруючыя юдэі шмат прысвячаюць жыццё рэлігіі. 

Значную частку насельніцтва ў Ізраілі складаюць мусульмане. У іх таксама вельмі вялікая нараджальнасць у сям’і. Жанчына ў іх займае службовае становішча, звычайна муж працуе, а жонка гадуе дзяцей», — расказвае ён. 

На думку Захара, запазычыць у ізраільцян варта шмат якіх прынцыпаў, але яму хочацца захаваць у сабе беларуса.

«Стараюся дзецей неяк зацікавіць беларускай мовай, з жонкай на ёй размаўляем. Увогуле імкнуся, каб мае дзеці былі патрыётамі Ізраіля і не забывалі пра радзіму, каб яны былі настроены ў перспектыве на дапамогу Беларусі. 

Думаю, што ў тым узросце, у якім я прыехаў у Ізраіль, мне было ўжо складана нешта перайняць. Маю беларускую матрыцу немагчыма змяніць. Лічу, што не варта падстройвацца пад чужыя каштоўнасці. Я іх паважаю, але ўспрымаю як знешні элемент культурных адносін», — тлумачыць ён. 

За дзесяць гадоў Захар не змог прывыкнуць у Ізраілі да бюракратычнай машыны, якая працуе там вельмі павольна. 

Таксама яго насцярожвае рэлігійны фанатызм. 

«У Хайфе нейкай сур’ёзнай вайны за гэтыя 10 гадоў не адчуў, — кажа ён. — Мне проста пашчасціла, жыў у мірных умовах. Хаця ў перспектыве не выключаю, што можа здарыцца вайна з тэрарыстычнай арганізацыяй «Хізбалла», якая патрымліваецца Іранам і знаходзіцца ў Ліване. І тут не вельмі далёка ад Хайфы. Спадзяюся, што абарона будзе наладжана. Ізраілю перыядычна прыходзіцца ваяваць, гэта змушае хвалявацца за сям’ю».

Захар Шыбека разважае, што ўсё ж арабскі і рускі свет падобныя паміж сабой.

«Шануецца нейкі лідар, кіраўнік, усё яму падпарадкоўваецца. Жанчыны знаходзяцца ў нераўнапраўных адносінах да мужчыны. Расія зараз і знаходзіць паразуменне ў свеце на Блізкім Усходзе — Сірыя, Лівія. Усё адна кампанія, сямейства. 

Малюся, каб Украіна ў гэтай барацьбе выйшла пераможцам, гэта аслабіць азіятчыну не толькі на еўрапейскім кантыненце, але і на Блізкім Усходзе», — лічыць ён. 

«Ягайла быў здольны нараджаць дзяцей ў 72 гады, бо вёў каралеўскі лад жыцця, які па сваёй якасці быў вельмі добры»

Пацікавіліся ў Захара, якія ў яго ёсць лайфхакі па захоўванні здароўя, у тым ліку мужчынскага. 

«Сэксуальныя адносіны паміж мужчынай і жанчынай — гэта дар Боскі. Пры парушэнні гэтага мужчына шмат чаго губляе і для большасці гэта трагедыя. 

Могуць быць псіхалагічныя праблемы, дэпрэсія, неапраўданая жорсткасць. Патрабуецца вялікая праца над сабой, каб перажыць гэтую першую «смерць». Без падтрымкі жанчыны гэта складана. 

Трэба таксама ўлічваць біялагічны фактар, генетыку. Магчыма, такія мужчыны неяк прыстасаваліся да жыцця, але я ім не зайздрошчу. Яны не атрымліваюць асалоду ад жаночай ласкі, камфорту ў сваім сямейным жыцці. 

Сэксуальнае жыццё можа быць і пасля 70.

Каб быць сэксуальна актыўным у такіх гадах, трэба весці здаровы лад жыцця: добрае харчаванне, сон, фізкультура. Існуе шмат іншых спосабаў — кітайцы, напрыклад, распрацавалі цэлую гімнастыку даа, каб захаваць мужчынскія здольнасці.

Калі мужчына мае такі намер, то ён павінен неяк упарадкаваць сваё жыццё. І жанчына таксама», — дзеліцца ён. 

Фота: сацыяльныя сеткі

Захар успамінае, што наш кароль Ягайла пад 70 займеў трох сыноў ад сваёй чацвёртай жонкі, Соф'і Гальшанскай. «Я думаў, што яму з гэтым дапамагалі прыдворныя, — усміхаецца прафесар Шыбека, — але калі мне ўдалося нават у 74 гады працягнуць свой род, то я можа памыляўся. 

Ягайла быў здольны нараджаць дзяцей, бо вёў каралеўскі лад жыцця, які па сваёй якасці быў вельмі добры. Можна сказаць, што я цяпер жыву ў Ізраілі як кароль у гэтым сэнсе. Але, вядома, для гэтага трэба намаганні», — расказвае ён.

У Беларусі Захар Шыбека быў апошні раз тры гады таму. 

«Яшчэ адзіны сэнс майго жыцця — прыехаць у вольную Беларусь. Цяпер мяне стрымлівае тое, што могуць проста арыштаваць, таму што сваю пазіцыю адносна цяперашняга кіраўніцтва Беларусі не хаваю. Думаю, што нагаварыў на крымінальныя артыкулы і магчымасць пасядзець у мінскай турме. Але лічу, што

дзе б ні жыў чалавек, працаваць на карысць Беларусі можна заўсёды», — падсумоўвае мужчына.

Чытайце таксама: 

«Яго не задавальняла, што на мне дарагая бялізна». Беларусы расказалі, як рассталіся з партнёрамі з-за фінансаў

«Каму ад гэтага дрэнна, калі ў мужа шчаслівая жонка?» Гісторыі здрадаў у адносінах

«Гатовы траціць на яе 500 рублёў у месяц». Мінчук размясціў на машыне аб'яву аб пошуку дзяўчыны і расказвае навошта

Каментары19

  • Маладзён
    25.09.2022
    Рэспект дзядзьку)
  • Сэксолаг
    26.09.2022
    Сэксуальнае жыцце есць такая ж праява жыцця, як дыханне, трауленне и г. д. Дык чаму б яму не быць, калi есць жыцце увогуле? I узрост тут нi пры чым
  • змяя
    26.09.2022
    калі там чакаць новы вершык да "тамашыка"?

Сілавікі працягваюць умацоўваць свае будынкі, баючыся паўстання4

Сілавікі працягваюць умацоўваць свае будынкі, баючыся паўстання

Усе навіны →
Усе навіны

«Расія не здольная напоўніцу скарыстацца з захопу Вуглядара, яе рэсурсы абмежаваныя» — генерал Бэн Ходжэс

У Маскве за паклёп на Лукашэнку судзяць палітолага Суздальцава. Пагражае да 5 гадоў26

БФФ прэзентавала новую форму нацыянальнай зборнай. Не абышлося без налёту сілавікоў9

Генсак НАТА заклікаў членаў альянсу ігнараваць ядзерныя пагрозы Пуціна1

У міліцыі расказалі, за што будуць караць квадробераў5

Расійскія МіГ-31К ужо не ў Беларусі?1

Партугалія пачне выдаваць гуманітарныя візы. Іх змогуць атрымаць і беларусы

Паўночнакарэйскія войскі ўжо на тэрыторыі Украіны — The Washington Post

«Квадроберства ў Беларусі існуе даўно». Найлепшыя твіты тыдня8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сілавікі працягваюць умацоўваць свае будынкі, баючыся паўстання4

Сілавікі працягваюць умацоўваць свае будынкі, баючыся паўстання

Галоўнае
Усе навіны →