Грамадства2020

Укараняецца ў беларускія арганізацыі як юрыст, перасылае інфармацыю Лебедзевай. Дзіўная дзейнасць Мантаса Данелюса

Ён укараняўся ў беларускія арганізацыі, знаёміўся з бізнэсамі і актывістамі, а пасля таго, як уваходзіў у давер, перадаваў інфармацыю лукашэнкаўскай прапагандыстцы Ксеніі Лебедзевай. Але гэта не самае дзіўнае ў гэтай гісторыі.

Мантас Данелюс. Фота: сацыяльныя сеткі

Мантас Данелюс — літоўскі юрыст, які праводзіць свае кансультацыі для беларусаў у эміграцыі. 

Схема, па якой працуе Мантас, такая: ён у якасці бізнэс-кансультанта знаёміцца з беларусамі на мерапрыемствах, напрыклад, праводзіць лекцыі па тым, як адкрыць сваю справу. Іншыя звяртаюцца да яго па юрыдычную дапамогу, бо знаходзяць у інтэрнэце ці ў беларускіх суполках інфармацыю пра яго вялікі досвед як юрыста. Пасля таго як ён увойдзе ў давер, пачынаецца дзіўнае. 

Кансультант задае пытанні рознага характару, робіць відэазапісы ды скрыны перапісак і сістэматычна — «Нашай Ніве» вядомыя некалькі такіх выпадкаў — перасылае іх журналістцы Ксеніі Лебедзевай.

«Нашай Ніве» вядомыя некалькі гісторый, але не ўсе з закранутых асоб пагадзіліся, каб вядомае ад іх было апублікаванае. 

Па нашай інфармацыі, некалькі з беларусаў, якія сутыкаліся з Данелюсам, падалі на яго заявы ў літоўскую паліцыю.

Мантас ужо трапляў у радар мясцовых праваахоўных органаў раней.

У сеціве, напрыклад, ёсць дакумент, згодна з якім яшчэ ў 2011 годзе паліцыя (аддзел па расследаванні эканамічных злачынстваў) выносіла яму афіцыйнае папярэджанне, у якім патрабавала «выконваць Канстытуцыю і законы Літоўскай Рэспублікі, не абмяжоўваць правы і свабоды людзей». 

Афіцыйнае папярэджанне, якое было вынесена Мантасу Данелюсу

Па інфармацыі «Нашай Нівы», нейкі час Данелюс дапамагаў у якасці юрыста арганізацыі «Наш дом» Вольгі Карач. Таксама праводзіў кансультацыі ў арганізацыі «Дапамога», якой кіруе Наталля Калегава. Па нашай інфармацыі, з сакавіка там з ім ужо не падтрымліваюць сувязь.

Данелюс перыядычна публікуе фотаздымкі з сустрэч з беларусамі ў Літве.

Скрын афішы сустрэчы з Мантасам Данелюсам
Другая злева — Вольга Карач. Скрын з сацыяльных сетак Мантаса Данелюса. 
Другая злева — Вольга Карач. Скрын з сацыяльных сетак Мантаса Данелюса.

Сваё супрацоўніцтва з лукашэнкаўскімі СМІ Мантас не хавае. Ён дае каментары ў якасці літоўскага юрыста на тэлеканале «Беларусь 1» і хваліцца гэтым у сябе на старонцы ў фэйсбуку. 

Скрын, які Данелюс размясціў у сваёй сацыяльнай сетцы 

Такім «кансультантам» ён быў у сюжэце пра палітычную «справу Аўтуховіча» прапагандысткі Ксеніі Лебедзевай. У ім ён расказваў, да якіх «метадаў» звяртаюцца зняволеныя, каб зацягнуць судовы працэс.

Нядаўна на «Беларусь 1» усё ў той жа прапагандысткі выйшла інтэрв’ю з былым добраахвотнікам-каліноўцам — Віктарам Савічам. Але, як пазней хлопец расказаў «Зеркалу», тэлебачанню ён каментары не даваў. 

У выніку рэпрэсій 2020-га малады чалавек з’ехаў з Беларусі ў Літву. Калі пачалася вайна, ён уступіў у батальён Каліноўскага (пазней ён перайменаваўся ў Полк). 

Віктар расказаў, што 11 або 12 ліпеня ён разарваў кантракт з Узброенымі сіламі Украіны і вярнуўся ў Вільню, дзе вырашыў адкрыць свой бізнэс. Ён звязаўся з юрыстам, які кансультуе людзей па тым, як адкрыць сваю справу. Гэта быў той самы Мантас Данелюс.

«Калісьці я быў некалькі разоў у яго на лекцыях, таму і звязаўся з ім», — расказаў каліновец. 

Праз паўтара тыдні пасля знаёмства Мантас, са словаў Віктара, прапанаваў яму запісаць інтэрв’ю аб Палку. Данелюс сказаў, што ролік трэба для амбасады ЗША, каб «разабрацца з Палком». У выніку відэа, дзе хлопец гаворыць пра добраахвотнікаў, паказалі не ў пасольстве ЗША, а на БТ. 

У версіі БТ голас інтэрв'юера схаваны.

Гэта было не адзінае інтэрв'ю Данелюса з Савічам. Ëн запісваў хлопца на відэа некалькі разоў. Задаваў таксама пытанні пра Ціханоўскую, грошы апазіцыі і сваімі фармулёўкамі падводзіў суразмоўцу да адказаў, што Ціханоўская аточаная агентамі заходніх спецслужбаў і што каліноўцы лічаць сябе «шляхтай», а народ — «быдлам». Савіч такіх адказаў усё ж не даў.

У «Нашай Нівы» пасля прагляду даступнага нам арыгінала інтэрв'ю склалася ўражанне, што Данелюс меў ясны план і задачы, якіх адказаў ён хацеў дабіцца ад Савіча. 

Мантас Данелюс расказаў «Нашай Ніве», што з Лебедзевай знаёмы даўно. 

«З Ксеніяй Лебедзевай мы пазнаёміліся ў Паланзе задоўга да пандэміі. Яна здымала там відэа аб рэгулярных рэйсах «Белавія». Паколькі я свабодна размаўляю па-руску, дапамагаў ёй выконваць абавязкі журналіста.

Ксенія прыняла іслам, у мяне таксама шмат сяброў-мусульман, яшчэ мы абое аднаго знака задыяку, розніца ў гадах невялікая. Гэта больш падобна да сімпатыі мужчыны да жанчыны, чым да супрацы», — апісвае ён знаёмства.

«Ксенія — палкоўнік інфармацыйнай службы КДБ. Яна мне ў самым пачатку сказала, што ўсе зоркі службы навін Беларускага дзяржтэлерадыё адначасова дзейныя супрацоўнікі КДБ. У нас такая ж сітуацыя была ў Літве да перабудовы, так што для мяне гэта не сюрпрыз», — напісаў «Нашай Ніве» Данелюс.

Скрын адказу Мантаса Данелюса «Нашай Ніве»

На пытанне, навошта ён перадае інфармацыю пра беларусаў, Мантас адказаў, што «гэта дапамога жанчыне, якую я шчыра абажаю».

Грошы, кажа ён, за гэта яму не плацяць.

«Ксенія фатальная жанчына. Яна ўмее зачараваць мужчын. Гэты тып жанчын па-літоўску называецца Чорныя архідэі», — дзеліцца Мантас.

Скрын перапіскі Мантаса Данеліса з Ксеніяй Лебедзевай, які ён пераслаў «Нашай Ніве»

«Чысці нашу перапіску, не захоўвай скрыноў нашай перапіскі», — інструктуе яго Лебедзева. Аднак, як бачым, ён не выконвае гэтай просьбы.

Мантас Данелюс расказаў, што ён трапіў у «Наш дом» некалькі гадоў таму, яго парэкамендавала жанчына, якая жыла там у шэлтары. «Наша Ніва» ведае імя жанчыны.

«Яна пацвердзіла, што я правільны чалавек», — тлумачыць Мантас. 

Данелюс сцвярджае, што Вольга Карач і Наталля Калегава ведалі пра тое, што ён перадае інфармацыю Ксеніі Лебедзевай. Мы не ведаем, ці гэта праўдзівае сцвярджэнне. Наталля Калегава адмовілася каментаваць сітуацыю з Данелюсам публічна, Вольга Карач не адказала на наш запыт пра каментар.

Мы пацікавіліся ў Мантаса Данелюса, ці не бачыць ён праблемы ў супрацоўніцтве з лукашэнкаўцамі. 

«Літва не знаходзіцца ў стане вайны з Беларуссю. Мне дазволена дапамагаць журналістам Беларусі. КДБ з'яўляецца ўрадавым органам, але паколькі афіцыйнага ваеннага становішча няма, мне дазволена размаўляць з супрацоўнікамі КДБ да таго часу, пакуль не будуць раскрытыя дзяржаўныя сакрэты», — кажа Данелюс.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Ведаеце пра гэтую ці іншыя тэмы больш, пішыце ў наш бяспечны @Nasa_Niva_Bot.

Чытайце таксама:

Пасол Украіны журналістцы БТ: «Цяжка назваць карэспандэнтам вас. Ведаеце: вы прапагандыстка, не больш за тое»

Хто такая Ксенія Лебедзева, якая асвятляе жаночыя маршы для БТ

Вольга Карач распачала крыжовы паход — на «Нашу Ніву» і Антона Матольку

Літоўскія СМІ: Віленскі фонд «Дапамога» Наталлі Калегавай выкарыстоўваў махлярскія схемы, каб зарабіць на размяшчэнні беларускіх эмігрантаў

Каментары20

  • XXX
    18.08.2022
    А ў гэтай дамачкі з расейскаю ня ўсё ў парадку. 
  • (-_-)
    18.08.2022

  • даведка
    18.08.2022
    Соглашусь с утверждением, что Ксения Лебедева чёрная орхидея... 
    В понедельник преследовала дипломатов в Гродно, а во вторник утром возле областного суда нашли труп.

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны17

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны

Усе навіны →
Усе навіны

Даныя ўсіх карыстальнікаў Pokemon GO цяпер ператворацца ў глабальную мапу мясцовасці8

Байдэн спіша частку доўгу Украіне1

Трамп абмовіўся, што гатовы пайсці на трэці тэрмін. А ці магчыма такое ў ЗША ўвогуле?9

Стаў вядомы спіс афіцэраў, якіх Лукашэнка за падтрымку народу ў 2020 годзе пазбавіў званняў7

Бондарава заклікала пакараць Марзалюка. Але падвяла сябе пад 15 сутак за рэпост «НН»13

У эфіры прапагандыстаў паказалі яшчэ аднаго зняволенага каліноўца — Максіма Ралько5

У Мінску ўзяліся зносіць парк «Дрымлэнд» ВІДЭА2

Storm Shadow сёння маглі ўдарыць па гістарычнай сядзібе на Куршчыне, дзе размяшчаўся расійскі камандны пункт4

Куды зноў знік Пуцін? Выявілася, што яго апошнія сустрэчы — гэта насамрэч запісы месячнай даўніны3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны17

Макс Корж выпусціў першы кліп пасля пагроз ГУБАЗіКа. Правакацыйны і шматсэнсоўны

Галоўнае
Усе навіны →