«Куды вас суправаджаць?» Апублікавалі зліў тэлефонных размоў Балабы і прапагандысткі БТ Лебедзевай
«Байпол» апублікаваў злітыя тэлефонныя размовы, дзе гучаць галасы, вельмі падобныя да галасоў камандзіра сталічнага АМАПа Дзмітрыя Балабы і журналісткі БТ Ксеніі Лебедзевай. Даты званкоў не ўдакладняюцца, верагодна, гэта 2020 год, калі былі актыўныя пратэсты.
У адной з апублікаваных размоў журналістка і камандзір сталічнага АМАПа абмяркоўваюць суправаджэнне падчас працы БТ у горадзе.
— Дзмітрый Уладзіміравіч, вітаю!
— Вітаю.
— Турбуе Лебедзева Ксенія, БТ.
—Так-так, Ксенія, вітаю.
— Мне сказалі, што вашы байцы будуць нас суправаджаць.
— Канечне.
— Добра. А адрасы будуць у вас, ці мне трэба будзе ўдакладніць?
— Куды вам трэба, каб суправаджалі? Куды трэба, туды і суправодзяць. Не праблема.
— Ясна. Я зразумела. Добра, а як нам з імі састыкавацца трэба будзе?
— Я пачуў. У колькі яны вам патрэбныя?
— Я думаю, бліжэй да абеду. Недзе з 13, 14, вось так. У гэты час. Дакладна не магу сказаць, таму што мы заўтра будзем ехаць з Брэста. Вось. Як з дарогай будзе.
— Ксенія, я зразумеў. Вы будзеце недзе на вуліцы працаваць? Ну, я маю на ўвазе, у памяшканнях, на вуліцы? Дзе вас трэба суправаджаць?
— Хутчэй за ўсё, у памяшканні.
— У памяшканні. У дзелавым стылі, у касцюмах? Ну мне ж трэба разумець, у што людзі мусяць быць апранутыя.
— Не касцюм! Проста ў цывільным звычайным.
— Ага. Добра, без пытанняў. Давайце так, мы бліжэй да вечара тады пасля… 18 у вас будуць скарэктаваныя планы? Выйдзем на сувязь і ўсё вырашым.
— Давайце, дамовіліся.
— Дамовіліся.
— Тады я набяру вас.
У іншай злітай размове Лебедзева просіць аддаць ёй для сюжэта запіс з міліцэйскага рэгістратара.
— Так, Ксенія, алё.
— Дзмітрый Уладзіміравіч, вітаю.
— Прывітанне.
— Ну мы вось толькі што адпрацавалі з хлопцамі. Яны там пісалі сёе-тое на відэарэгістратар. Хацела вас спытаць, ці можам мы яго сабе зліць?
— На відэарэгістратар? Калі трэба… А там нейкія?..
— Ну там сітуацыя такая атрымалася, што я пайшла проста ў кватэру размаўляць, камеру ў кватэру не пусцілі, а гук пісалі, а потым проста на выхадзе відэарэгістратар зафіксаваў, што вось была размова. Ну вось такі момант. Нічога такога няма.
— Нічога такога няма… Добра. Без праблем. Няхай хлопцы са мной звяжуцца, я ім задачу пастаўлю, каб аддалі гэтую інфармацыю.
Па звестках «Байпол», раней журналістка, тады яшчэ пад прозвішчам Рачкова, была дырэктаркай фірмы па аказанні паслуг «Тэарт Акропль». Як сцвярджае «Байпол», у міліцэйскіх зводках фігуруе інфармацыя пра тое, што яна брала грошы за курсы радыёвядучых, але іх не праводзіла. На яе ў 2009 годзе з гэтай нагоды паступіла каля 10 скаргаў.
Каментары