У Зімбабвэ разгарэўся карупцыйны скандал вакол закупкі беларускіх пажарных машын
Закупка пажарнай тэхнікі з Беларусі выклікала скандал у Зімбабвэ. Здзелку называюць сумнеўнай, а яе кошт завышаным. З гэтай нагоды прадстаўніку Міністэрства па справах мясцовага самакіравання прыйшлося апраўдвацца ў парламенце, паведамляе reform.by са спасылкай на New Zimbabwe.
Міністэрства па справах мясцовага самакіравання абавязала мясцовыя грамады заплаціць за пажарныя машыны, назваўшы кошт кожнай з машын у 464 тысяч даляраў. Крытыкі лічаць, што кошт тэхнікі значна завышаны, і абвінавачваюць міністра мясцовага самакіравання Джулі Маё ў спробе абысці сістэму публічных таргоў.
Усяго Міністэрства хоча набыць 70 пажарных машын на суму 32 мільёны даляраў. Як паведамляе выданне Zimlive, машыны плануецца закупіць у беларускай кампаніі, якой валодае Аляксандр Зінгман, ганаровы консул Зімбабвэ ў Беларусі.
Аляксандр Зінгман вядзе актыўную бізнэс-дзейнасць у Афрыцы, займаецца пастаўкамі сельскагаспадарчай і прамысловай тэхнікі. Разам з сынам Віктара Шэймана Сяргеем яго называюць бенефіцыярам бізнэсу па здабычы золата ў Зімбабвэ. Летась Зінгман перадаў Зімбабвэ супрацьпажарную тэхніку з Беларусі.
Каментары