Блогер Яўген Савін расказаў, што на яго ў Беларусі завялі крымінальную справу
Вядомы футбольны блогер Яўген Савін пасля вымушанага ад'езду з Расіі распавёў пра тое, з якой рэакцыяй сустрэўся пасля выпуску з украінскімі футбалістамі і што на яго ў Беларусі заведзеная крымінальная справа, паведамляе «Трыбуна».
«Пасля выпуску з украінскімі спартоўцамі і выказвання сваёй грамадзянскай пазіцыі ў дачыненні да вайны ва Украіне прэзідэнт ФК «Красава» Савін Яўген пакінуў краіну», — сказана ў паведамленні ў відэа на ютуб-канале «Красава».
— Ты разумеў, якімі будуць наступствы гэтага выпуску?
— Я разумеў, што будзе ціск на клуб і на мяне, але, узважыўшы ўсе за і супраць і параіўшыся з жонкай, вырашыў, што проста не магу ў гэтай сітуацыі маўчаць. Было зразумела, што я не змагу нічым займацца ў гэтым жыцці, не змагу рабіць youtube-кантэнт, не змагу быць самім сабой, калі не скажу ў гэтай сітуацыі тое, што я думаю. Паміж страхам і сумленнем я выбраў сумленне.
У мінулым годзе ў мяне быў выпуск пра Беларусь — пра тое, што гульцоў за падтрымку пратэстаў супраць Лукашэнкі выганялі з зборнай, клубаў пагражалі, збівалі фанатаў. Нядаўна мой юрыст распавёў, што на мяне завялі крымінальную справу, па якой мне пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі. Так што ў Беларусь мне дарога закрытая. І вось тады, год таму, мне людзі казалі: а калі ў Расіі такое адбудзецца, ты зможаш пра гэта сказаць? Я адказваў: спадзяваюся, у мяне хопіць смеласці. Ну, паглядзім цяпер, што ў Расіі будзе. Не здзіўлюся, калі таксама завядуць справу.
Маёй маме тэлефанавалі пасля выпуску пра Украіну на наступны дзень. Я ніколі не чуў сваю маці, якая плакала ў слухаўку 50 хвілін. Ніколі ў жыцці. Проста тэлефанавалі людзі і казалі: Вы каго выхавалі? І мне хацелася проста знайсці гэтых людзей, сказаць: слухайце, Вы ##### [нафіга] тэлефануеце пенсіянерам? Патэлефануйце мне. Што я зрабіў не так, каму здрадзіў, якой радзіме?
Я ведаю, што людзей, якія рэпосцілі выпуск, цягалі на допыты. Напрыклад, просты хлопец з Пермі, у якога футбольны паблік. Ён распавёў, што яго выклікалі ў міліцыю і дапытвалі. Распытвалі, ці ёсць у мяне замежнае фінансаванне. Я не здзіўлюся, калі мяне хутка прызнаюць замежным агентам.
А дэпутат Дзярждумы ад «Адзінай Расіі» [Раман] Церушкоў прапанаваў «даць маім словам прававую ацэнку». Пакуль што аб наступствах невядома. Магчыма, дадасца яшчэ адзін «трафей» акрамя беларускай крымінальнай справы, — пракаментаваў Савін.
Каментары