Рэжысёр Олівер Стоўн, які здымаў фільм пра Пуціна, заявіў, што той хварэў на рак
Амерыканскі рэжысёр Олівер Стоўн у інтэрв'ю 17 мая выказаў здагадку, што перанесены Пуціным рак быў адным з фактараў, што ляжаў у аснове яго рашэння напасці на Украіну.
«Я не магу вам з упэўненасцю адказаць [чаму Пуцін напаў на Украіну]. Па-першае, мы не ведаем, што яму сказалі, ці разведка сапраўды давала яму правільныя ацэнкі. Магчыма, ён не быў добра інфармаваны пра ступень супрацоўніцтва, якое маглі даць рускім ва Украіне. Гэта магло быць адным з фактараў таго, што ён некарэктна ацаніў наступствы [вайны]. І не забывайце такую рэч: у Пуціна быў рак, і я думаю, ён адолеў яго, але яшчэ ён быў ізаляваны падчас кавіду. <…> Магчыма, ён страціў кантакт з людзьмі. Але я спекулюю, я не ведаю дакладна», ‒ сказаў рэжысёр.
Олівер Стоўн пазнаёміўся з расійскім прэзідэнтам у 2015 годзе, а ў 2017 годзе на экраны выйшаў ягоны чатырохсерыйны фільм «Інтэрв'ю з Пуціным», у якім суразмоўцы абмяркоўваюць гісторыю расійска-амерыканскіх адносін, сітуацыю ў Сірыі, Украіне ды іншыя геапалітычныя пытанні.
Гэты фільм крытыкавалі за тое, што Стоўн унікаў вострых тэмаў і адносіўся да Пуціна з ліслівасцю і ўгодлівасцю.
У 2019 годзе стала вядома, што Олівер Стоўн падчас інтэрв'ю з Пуціным папрасіў таго стаць хросным бацькам яго 22-гадовай дачкі.
У расследаванні пра здароўе прэзідэнта, апублікаваным «Праектам», гаворыцца, што Пуціна ў кожнай яго паездцы суправаджаюць у сярэднім дзевяць дактароў, а самыя частыя яго спадарожнікі — лор і хірург-анколаг, які напісаў дысертацыю аб лячэнні раку шчытападобнай залозы.
Каментары