«Спачатку былі вясёлыя, а цяпер упалі духам». Беларусы пра тое, як сябе паводзяць і пра што гавораць расійскія вайскоўцы ў гарадах
Спачатку расійскія вайскоўцы сустракаліся жыхарам Беларусі на вуліцах іх гарадоў і вёсак, пакуль ішлі сумесныя вучэнні, а потым «праверка сілаў і сродкаў рэагавання», арганізаваныя Масквой і Мінскам. З пачатку вайны ва Украіне расійскіх жаўнераў стала больш не толькі ў памежжы, але і ў іншых беларускіх гарадах. Беларусы, якія сутыкаліся з імі, расказалі Zerkalo.io, як паводзяць сябе ў нашай краіне салдаты, які напалі на суседнюю дзяржаву. Усе суразмоўцы папрасілі змяніць іх імёны.
«Спакойныя, звычайныя людзі, не праяўлялі ніякай агрэсіі»
Некалькі разоў мінчук Андрэй, кіроўца службы «Яндэкс.Таксі», падвозіў расійскіх вайскоўцаў.
— У мяне была замова, я адвозіў некалькіх чалавек, яны былі апранутыя ў цывільнае, але сказалі, што расійскія вайскоўцы. Потым туды ж я вазіў яшчэ аднаго, ужо ў форме, ён мне сказаў, што там у іх знаходзіцца штаб, — распавядае Андрэй.
У адрозненне ад многіх беларусаў, якія пісалі ў рэдакцыю, што імкнуцца не кантактаваць з чужымі вайскоўцамі, мужчына ўступае з імі ў размову па дарозе.
— Мне цікава, што яны там робяць, навошта яны сюды прыехалі. Але яны ў ходзе размовы імкнуцца асабліва не гаварыць на тэму гэтага ваеннага канфлікту. А так спакойныя, звычайныя людзі, не праяўлялі ніякай агрэсіі. Дрэнных уражанняў у мяне ад іх няма, але мазгі ў іх забітыя ідэалогіяй.
Кіроўца кажа, што падчас адной з такіх замоў ён паспеў распытаць сваіх суразмоўцаў пра ўмовы, у якіх яны знаходзяцца.
«Распавядалі, што ў іх стаяць звычайныя вайсковыя палаткі, выгод — ніякіх. Груба кажучы, кінулі іх, і ўсё. Яны казалі, што не ведаюць, якія ім паставяць задачы: «Як толькі прыйдзе нейкая інфармацыя, могуць нас сарваць і адправіць ва Украіну. Мы нічога не ведаем». А адзін з іх мне распавядаў, што быў пад Жытомірам».
— Раз яны могуць выклікаць «Яндэкс», значыць, у іх ёсць тэлефоны і інтэрнэт. Яны ведаюць, што адбываецца ва Украіне, глядзяць навіны?
— Тэлефоны ў іх ёсць — і нармальныя (смартфоны), і кнопкавыя. Але ў іх глушаць сувязь. Гэта я заўважыў сам. Калі мы пад'ехалі да канцавога пункту, дзе яны дыслакуюцца, інтэрнэт лавіў вельмі дрэнна. Яны ведаюць, што там [ва Украіне] адбываецца, але, груба кажучы, прачышчаныя сваёй ідэалогіяй і лічаць, што робяць правільна. Казалі, маўляў, «гэта ўсё Захад, Польшча, Амерыка — яны вінаватыя. Украіна ва ўсім вінаватая».
Я ў аднаго, што старэйшы, пытаўся: праўда, што каля 20 тысяч расійскіх салдат загінулі ва Украіне? Ён: «Ды не, гэта інфармацыйная вайна, перабольшанне». Я спытаўся, колькі ўсё-такі загінулых, але ён сышоў ад адказу.
Яшчэ пытаўся, чаму яны не з'ехалі пасля вучэнняў. Мне сказалі: «Ну, вось так атрымалася». У адказ, на колькі зацягнецца гэты канфлікт, нічога канкрэтнага я не пачуў. Адзінае, як я разумею, яны гатовыя ехаць ва Украіну, калі іх адправяць.
«Спытаў у вайскоўца, як ён адрознівае рэгулярную армію ад нацыстаў. Адказу ў яго не было»
Аляксандр з Мазыра кажа, што ў ваколіцах ягонага горада таксама размясціліся вайсковыя падраздзяленні Расійскай Федэрацыі. Мужчына кажа, што кожны дзень у небе бачыць ваенна-транспартныя і ўдарныя верталёты, а таксама ён назіраў пускі ракет.
— Каля горада знаходзіцца НПЗ, і вайскоўцы запраўляюцца проста з трубы, якая ідзе ад завода, таму праз горад штодня ездзяць бензавозы. Каля гарадской бальніцы і морга перыядычна бачым вайсковыя санітарныя аўтобусы, — распавядае мужчына.
Нагадаем, 11 сакавіка расійская служба ВВС паведамляла, што мясцовы морг нібыта забіты целамі расійскіх вайскоўцаў, але пазней гэтую інфармацыю зняпраўдзілі ў эфіры «Беларусь 1».
Па словах Аляксандра, вайскоўцаў часта можна сустрэць у гарадскіх гандлёвых кропках. Як распавядае суразмоўца, большасць вайскоўцаў у горадзе з Далёкага Усходу, сустракаюцца і жыхары Чачні.
— Яны скупляюць літаральна ўсе прадукты: печыва, чай, каву, кансервы, каўбасы і іншыя прадукты. Бяруць мыла, шампунь і туалетную паперу.
Суразмоўца ўдакладняе, што часам у іхных пакупніцкіх кошыках аказваецца вялікая колькасць спіртнога. Мясцовым жыхарам яны прадаюць паліва з бензавозаў (зліваюць у лясах непадалёк ад горада) і сухпайкі.
Мужчына адзначыў, што пару тыдняў таму «адолеў у сабе негатыўныя пачуцці» і пагаварыў з адным з вайскоўцаў.
— Я падышоў ветліва, з усмешкай — той купіўся і пачаў размову. Казаў, што быў у баях пад Гастомелем і на той момант збіраўся хутка ехаць туды зноў. Распавядаў прапагандысцкую лухту пра фашыстаў і пра тое, што яны ратуюць усіх нас, вызваляюць Украіну. Што ваююць не з рэгулярнай арміяй, а з нацысцкімі батальёнамі, — успамінае гутарку Аляксандр і дадае, што запярэчыў суразмоўцу.
— Я сказаў, што мясцовыя жыхары і я ў тым ліку часта бывалі ва Украіне, ніякіх фашыстаў там няма і нікога ратаваць не трэба. Спытаў у вайскоўца, як ён адрознівае рэгулярную армію ад нацыстаў. Адказу ў яго не было. Як і на пытанне, чаму салдат Расійскай Федэрацыі ва Украіне не сустракаюць з кветкамі.
Мазыранін паспрабаваў даведацца, дзе расіянін бярэ інфармацыю аб сітуацыі ў зоне баявых дзеянняў, пра настроі мясцовых жыхароў, ці ведае ён пра ўкраінскі праект «Шукай сваіх», які дапамагае ідэнтыфікаваць палонных і загінулых салдат расійскай арміі.
— Той адказаў сцвярджальна, але сказаў, што давярае толькі СМІ Расіі. Я параіў яму браць інфармацыю з розных крыніц і ўключыць мозг, пакуль гэты мозг не выбіла куляй, — падзяліўся Аляксандр. — А лепш адразу дзейнічаць або здацца ў палон. Але ён заявіў, што гэтага не зробіць, хоць і «вайна ідзе страшная», ён патрыёт і яму сорамна здацца. На гэтым размова была скончаная. Я зразумеў, што ў галаве ў гэтага вайскоўца, і мне яго зусім не шкада.
Прыкладна такая ж гутарка выйшла і з другім вайскоўцам. Праўда, у канцы я спытаў, чаму вялікая і магутная дзяржава не можа пракарміць сваіх салдат і яны вымушаныя спусташаць паліцы магазінаў. Пачуў адказ, што яны купляюць «толькі смачнасці» і кормяць іх добра. Але мы ж бачым набітыя да верху вазкі з прадуктамі.
«Людзі збіралі ім бульбу мяшкамі, прыносілі гародніну, хоць у нас блізка мяжа з Украінай»
Прадавец адной з сельскіх крамаў у Гомельскай вобласці Вольга кажа, што вайскоўцы ўжо другі месяц закупляюцца ў яе краме. А з'яўляцца ў вёсцы пачалі з пачатку лютага. Па словах Вольгі, першапачаткова іх было няшмат.
— Калі пачалася ўся гэтая блытаніна (не ведаю, як усё гэта па-іншаму назваць), ужо праязджалі міма нас у бок мяжы і іх стала значна больш. Яны размяшчаюцца дзесьці побач, салдаты пастаянна прыходзяць у краму. Раней — групамі, а цяпер іх колькасць значна скарацілася, — кажа жанчына.
Яна мяркуе, што падраздзяленні з'язджаюць з гэтых месцаў.
Са слоў Аксаны, вайскоўцы не абдзеленыя грашыма. Сярэдні чэк у іх важкі — 300—400 рублёў за раз.
— У некаторых людзей з нашай вёскі гэта месячны заробак, — распавядае Вольга. — Звычайна прыходзіць група з плюс-мінус дзесяці вайскоўцаў, кожны атаварваецца на такую суму і расплачваецца сваёй карткай. Я не ведаю, ён гэта бярэ для сябе ці, можа быць, на некалькіх чалавек. Натуральна, іх там не 10 і не 15 у гэтых падраздзяленнях.
Тых, хто прыходзіць, мы ведаем ужо ў твар. Ведаем, хто што курыць, якую ежу выбірае. Напрыклад, некаторыя купляюць толькі дарагую курыную каўбасу. Магчыма, іншае мяса есці ім не дазваляе вера. Наогул, ва ўсіх вайскоўцаў, па нашых вясковых мерках, багаты прадуктовы кошык.
— Паперу туалетную ў нас не бралі, затое выграблі ўсе вільготныя сурвэткі, мы не паспявалі заказваць, — кажа беларуска. — Мабыць, ім няма дзе памыцца. Бралі пасты і шчоткі зубныя, парашкі, мыйныя сродкі і губкі, шкарпэткі, пальчаткі тэкстыльныя рабочыя. У нас было некалькі тэрмасаў — іх таксама адразу купілі.
Аксана кажа, што яе аднавяскоўцы нават дапамагалі вайскоўцам. Некаторыя нават насілі закаткі і сабралі грошы па арганізацыях.
— Людзі да іх ставіліся станоўча — я не бачыла варожасці, негатыву ў нашым населеным пункце, — адзначае яна.
— Гэта было да пачатку вайны ці цяпер?
— У перыяд, калі ваенныя дзеянні толькі пачыналіся, потым была актыўная фаза, можа, сярэдзіна сакавіка, пакуль яны тут стаялі. Людзі збіралі ім бульбу мяшкамі, у каго была нейкія гародніна — прыносілі.
Ведаеце, мяне гэта трохі збянтэжыла: усё-ткі ў нас блізка мяжа з Украінай, амаль у кожнай сям'і — сваякі ў Чарнігаўскай вобласці, — разважае Аксана. — Можа, адыграла ролю тое, што паказвае тэлебачанне беларускае ці расійскае, я нават не ведаю. Некаторыя іх шкадавалі, поспеху ім жадалі. Адсоткаў 90, напэўна, ставіліся да іх станоўча.
— Але быў выпадак. Памятаю, адна жанчына стаяла на касе, да яе падышоў гэты вайсковец, маўляў, давай, маці, куплю ўсё, што ты хочаш, аплачу тваю куплю. Вы б бачылі яе погляд у яго бок! — апісвае Аксана негатыўную рэакцыю пакупніцы.
— Салдаты заўсёды ветлівыя, асабліва калі параўноўваць з нашымі мясцовымі будаўнікамі. Заўсёды: «Добры дзень, калі ласка, дзякуй, да пабачэння». Калі ў краме ёсць маленькія дзеці, купляюць ім прысмакі. І гэта, ведаеце, неяк у мяне не вяжацца з навінамі аб іх дзеяннях ва Украіне, дзе яны там рабуюць дамы, жанчын гвалцяць.
— Вы не верыце, што яны могуць сябе так паводзіць ва Украіне?
— Чаму не веру? Усюды ёсць і добрыя, і дрэнныя людзі. Усё магчыма. Можа, яны былі ў стане алкагольнага ап'янення? Таму што яны некаторыя куплялі шмат піва, шмат гарэлкі, — сцвярджае жанчына. — Але і іх можна зразумець: суткамі на вуліцы, на холадзе.
Пра вайну, працягвае Аксана, з мясцовымі вайскоўцы стараліся не гаварыць. Толькі зрэдку можна было пачуць, як абмяркоўвалі сітуацыю паміж сабой.
— Яны не паведамляюць свае званні. Спачатку былі такія мацёрыя мужчыны гадоў за 40, потым — зусім зялёныя хлопцы гадоў да 25. Мясцовым казалі, што яны не тэрміновай службы, а кантрактнікі, — тлумачыць беларуска. — Былі, скажам, вясёлыя, ахайна апранутыя.
Аднойчы да нас прыйшоў хлопец азіяцкай знешнасці, можа, бурат, і спытаўся, дзе ён знаходзіцца. Кажу: «У Беларусі, а вы ехалі і не ведаеце, куды, не арыентаваліся па дарожных знаках?»
Паводле яго слоў, яны ехалі лясамі і не ведаюць дакладнае месцазнаходжанне. Яшчэ дадаў, што ў іх няма тэлефонаў і ён не звязваўся з жонкай на той момант ужо два тыдні. Але праўда ў іх няма тэлефонаў, ці ім сказалі так казаць?
Я напісала на паперцы назву населенага пункта. Салдат ведаў, што знаходзіцца ў Беларусі, але не разумеў, дзе менавіта.
— Цяпер яны ўжо брудныя, стомленыя — упалі духам. Тыя, якія ў нас тут стаялі, нікуды не выязджалі. Думаю, яны так выглядалі ад стомы, напружання, няведання, што будзе заўтра: адправяць іх кудысьці ці не.
Аднойчы некалькі салдат, ужо калі аплацілі ўсе свае пакупкі, паміж сабой абмяркоўвалі: «Вось, зараз паедзем ва Украіну, і нас там грымнуць, а ўсё гэта дабро дастанецца бандэрам», — перадае пачутую гутарку жанчына. — Вядома, яны разумелі, куды ехалі. Калі яны па кантракту ішлі, як тут не разумець?!
Каментары