Меркаванні

«У факце масавага гвалту над мірным насельніцтвам з боку расійскай арміі нічога новага няма». Ваенны эксперт пра паводзіны расійскіх салдат

«Афіцэры альбо самі ўдзельнічаюць, альбо заплюшчваюць на гэта вочы, альбо проста не могуць гэта спыніць», — кажа расійскі ваенны эксперт Юрый Фёдараў.

Фота: АР

У інтэрв’ю ютуб-каналу «Папулярная палітыка» ён выказаўся наконт злачынстваў арміі ў прыгарадах Кіева.

«Сам па сабе факт масавага гвалту над мірным насельніцтвам з боку савецкай арміі, з боку расійскай арміі — нічога ў гэтым, на жаль, новага няма. Калі вы паглядзіце ваенныя злачынствы савецкай арміі ва Усходняй Прусіі ў 1944-1945 гадах (дарэчы, і не толькі там, але і ў Польшчы, Чэхаславакіі, Венгрыі), дык там можна знайсці абсалютна жахлівыя апісанні відавочцаў, у тым ліку дастаткова вядомых пасля людзей у Савецкім Саюзе, — кажа Фёдараў. —

Тое самае пасля праяўлялася, хоць і ў трохі іншых маштабах і формах, у Афганістане і ў Чачні. Тое ж самае марадзёрства, той жа самы гвалт над мірным насельніцтвам у абсалютна садысцкіх формах — усё гэта было.

Усё гэта сведчыць пра глыбокую распуснасць не толькі вайсковай сістэмы, але расійскага грамадства ў цэлым, якое, за выключэннем параўнальна невялікай часткі, проста не хоча ведаць пра гэта, заплюшчвае вочы, а то і, крый Божа, маўкліва ўхваляе гэта.

Ёсць яўныя сведчанні сённяшняй вайны, калі расійскія салдаты былі ўзятыя ў палон разам з завушніцамі, на якіх была кроў, то-бок іх выдзіралі з вушэй у жанчын, дзяўчат. Гэта не проста марадзёрства — гэта садызм. І я думаю, што тое самае будзе паўтарацца і ў іншых вызваленых украінскіх гарадах, на жаль».

Адказваючы на пытанне аб ролі афіцэраў у сітуацыях, падобных да той, што здарылася ў Бучы, Фёдараў кажа:

«Наколькі я магу сабе ўявіць, афіцэры альбо самі ўдзельнічаюць (такое таксама можа быць, прынамсі такое было і ў Афганістане, і ў Чачні), альбо заплюшчваюць на гэта вочы, альбо проста не могуць гэта спыніць. Некаторыя самі грузяць пральныя машыны на свае БМП з разрабаваных дамоў і крам».

Адыход расійскай арміі з некаторых абласцей Украіны, на думку эксперта, сведчыць пра перагрупіроўку войскаў.

«Войскі з-пад Кіева, з-пад Чарнігава ідуць у Расійскую Федэрацыю, там адбываецца перафарміраванне патрапаных батальённа-тактычных груп, прыбывае тэхніка, і яны адпраўляюцца на ўсход Украіны, для таго каб рухацца па лініі ад Ізюма на поўдзень у бок Папаснай і Рубежнага.

Адтуль таксама магчымы наступ, асабліва калі, крый Божа, будзе ўзяты Марыупаль, і тады тыя сілы, якія трымаюць Марыупаль у аблозе, а гэта дастаткова значныя сілы, яны будуць рухацца на поўнач праз Валнаваху. Гэта будзе спроба акружыць групіроўку Узброеных сіл Украіны. І па сутнасці паўтарыць тое, што было ў 2015 годзе ў Дэбальцава. І калі гэта атрымаецца, а ў гэтым у мяне ёсць сур’ёзныя сумневы, тады будуць навязваць Украіне тыя ўмовы, якія будуць дазваляць Пуціну прадставіць гэтую авантуру, якую ён нарабіў, як перамогу».

Адказваючы на пытанне аб наяўнасці ў Расіі рэсурсаў, на тое каб ажыццявіць такі план, эксперт кажа, што галоўнай праблемай з’яўляецца не недахоп тэхнікі, хоць і ён відавочны, а недахоп падрыхтаваных кадраў. Фёдараў адзначае, што на вайну ва Украіне было кінута прыблізна дзве траціны наяўнага баяздольнага складу. Астатняя траціна — гэта сілы, якія патрэбныя, каб падтрымліваць баланс на захадзе з краінамі НАТА, і сілы ў Цэнтральнай Азіі.

«Што датычыцца тэхнікі, расійская армія ўсё больш нагадвае пацёмкінскую вёску. Гэта нечакана для ўсіх назіральнікаў. Сапраўды ўзнікае неабходнасць у працуючай тэхніцы.

Чаму тэхніка бярэцца з «вучэбак»? Бо там тэхніка знаходзіцца ў працоўным стане. А калі былі спробы раскансерваваць танкі, БМП, якія знаходзяцца ў рэгулярных частках, выявілася, што шмат паламанай тэхнікі, раскрадзена ўсё, акумулятараў няма, нават рухавікі папрадавалі кудысьці.

Аднак справа нават не ў гэтым. Наступ — гэта вельмі складаны від баявых дзеянняў, ён патрабуе наладжанага камандавання, добрага кіравання войскамі, лагістыкі. І з гэтым у расійскай арміі вялікія складанасці».

Сведчаннем гэтых праблем эксперт называе той факт, што загінулыя і параненыя расійскія генералы былі вымушаныя асабіста знаходзіцца на перадавой і гнаць салдат у бой, бо сярэдні афіцэрскі склад не выконваў належным чынам свае абавязкі.

Целы са знакамі катаванняў, трупы на вуліцах, брацкія магілы. Расійскія войскі пакінулі на Кіеўшчыне страшныя сляды

Пяскоў: Расія катэгарычна адхіляе любыя абвінавачванні ў забойствах цывільных людзей у Бучы

Каментары

Тэрарыст у Магдэбургу — бежанец з Саудаўскай Аравіі, але зацяты вораг іслама і прыхільнік «Альтэрнатывы для Германіі»9

Тэрарыст у Магдэбургу — бежанец з Саудаўскай Аравіі, але зацяты вораг іслама і прыхільнік «Альтэрнатывы для Германіі»

Усе навіны →
Усе навіны

Расійскае грамадства хоча вайны, паказваюць апытанні22

Выставілі на продаж будаўнічы рынак «Уручча»

Новыя стаўкі падаткаў у 2025 годзе. Колькі і за што давядзецца плаціць?1

Ілан Маск выказаў падтрымку «Альтэрнатыве для Германіі»11

Новы міністр культуры адказаў, ці гатовы даць другі шанец рэжысёру Андрэю Курэйчыку і ці прыме Купалаўскі Зою Белахвосцік17

«Тармазі, тармазі, б****!» З'явілася відэа пра расцягнутыя на дарозе на мяжы Расіі і Беларусі шыпы4

З'явіліся фатаграфіі замежных пасольстваў пасля ўдару па Кіеве11

ЗША патрацілі $30 мільёнаў на абслугоўванне арыштаванай яхты расійскага алігарха Керымава. У ёй памянялі нават ёршыкі ў прыбіральні1

Расійскаму спеваку Шарлоту, які спаліў пашпарт, запыталі сем з паловай гадоў калоніі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Тэрарыст у Магдэбургу — бежанец з Саудаўскай Аравіі, але зацяты вораг іслама і прыхільнік «Альтэрнатывы для Германіі»9

Тэрарыст у Магдэбургу — бежанец з Саудаўскай Аравіі, але зацяты вораг іслама і прыхільнік «Альтэрнатывы для Германіі»

Галоўнае
Усе навіны →