Калі выбіраць між сном і фітнэсам, што важнейшае? Вось што кажуць медыкі
Сітуацыя: у вас маленькае дзіця ці ненармаваны графік на працы, і вы амаль не маеце вольнага часу. Пры гэтым хочацца і высыпацца, і знаходзіць час на трэніроўкі. Але што рабіць, калі прыходзіцца выбіраць нешта адно?
Дактары лічаць, што гэты выбар сам па сабе жудасны. І сон, і фізічная нагрузка — важныя кампаненты здаровага ладу жыцця, і нельга іх супрацьпастаўляць адзін аднаму, піша New York Times.
Сон важны для паспяховых трэніровак, бо ён зніжае рызыку траўмавання і дапамагае мускулам аднаўляцца. Калі вы недасыпаеце, ваш імунітэт пагаршаецца, што павялічвае вашы шансы захварэць — і, адпаведна, прапусціць трэніроўку. Недасып, як лічаць навукоўцы, павялічвае рызыку розных праблем са здароўем, у тым ліку лішняй вагі, сардэчна-сасудзістых хваробаў і дыябету.
Вядома, што і рэгулярныя трэніроўкі таксама прыносяць карысць здароўю. Напрыклад, яны паляпшаюць якасць сну.
Калі няма часу на паўнавартасныя трэніроўкі, заўсёды ёсць магчымасць уключыць у ваш рэжым дня трохі больш фізічнай нагрузкі. Напрыклад, можна карыстацца лесвіцамі, а не ліфтамі, ці паспрабаваць міні-комплексы практыкаванняў даўжынёй, скажам, у пяць хвілін.
Лепш за ўсё знайсці баланс паміж дастатковай колькасцю сну і трэніроўкамі.
Калі хочацца трэніравацца, але вы вымушаныя тры разы за ноч прачынацца праз дзяцей, лепей усё ж выбраць сон.
Каментары