Прадстаўнікі ўладаў Буркіна-Фасо паведамілі пра мяцеж вайскоўцаў, якія запатрабавалі ад палітыкаў падтрымаць іх у барацьбе з радыкальнымі ісламістамі і адправіць у адстаўку кіраўнікоў арміі і разведкі, перадае агенцтва Reuters.
З раніцы ў нядзелю ў краіне блакаваўся доступ да інтэрнэту, перадае сэрвіс маніторынгу блакіровак NetBlocks. Паведамлялася, што прэзідэнт арыштаваны, а ўрад страціў кантроль над сітуацыяй, але ўлады гэтую інфармацыю адмаўляюць.
Хваляванні ў гэтай краіне адбываюцца на фоне рэгулярных няўдач уладаў у барацьбе з узброенымі джыхадыстамі. У краіне рэгулярна ўчыняюцца масавыя забойствы. За апошнія шэсць гадоў у выніку нападзенняў ісламістаў загінулі тысячы жыхароў краіны, не менш чым мільёну прыйшлося пакінуць свае дамы. Праваабарончыя групы паведамляюць аб масавым гвалце і з боку вайскоўцаў.
Буркіна-Фасо — краіна на захадзе Афрыкі, былая французская калонія пад назвай Верхняя Вольта. Вядомы паблажлівы выраз «Верхняя Вольта з ракетамі» — гэта ад яе, бо да 1984 года так звалася і незалежная дзяржава. А Буркіна-Фасо — гэта камбінацыя слоў адразу з дзвюх мясцовых моваў, у перакладзе азначае «радзіма сумленных людзей».
Мусульмане складаюць тут большасць насельніцтва, каля 60%, але ёсць шмат людзей і іншых веравызнанняў. Да 2014 года Буркіна-Фасо кіраваў Блэз Кампаарэ, адзін з найбольш засядзелых прэзідэнтаў пры ўладзе (з 1987 года). Але 8 гадоў таму яго ад улады адхілілі падчас вайсковага перавароту.
Каментары