«Будзе спроба ўвесці ў менеджмент «сваіх людзей». Чым пагражае А1 заява Лукашэнкі пра «жорсткія меры»?
Пасля затырмання прэс-сакратара А1 Мікалая Брэдзелева прапаганда накінулася на мабільнага аператара і абвінаваціла яго ў зліве звестак. Праўда, каму і якіх не ўдакладнялася. А1 пракаментавала, што будзе абараняцца і абараняць супрацоўнікаў, а таксама, што мае строгія стандарты па папярэджанні зліву даных і механізмы расследавання такіх спраў. Скандал выйшаў на ўзровень аўстрыйскага МЗС. А ўчора намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Луцкі заявіў, што Лукашэнка запатрабаваў ацаніць дзейнасць кампаніі і прыняць «жорсткія меры».
«Тэлекамунікацыйны і кантэнт-правайдар А1 у пэўным сэнсе «зліваў» не той кантэнт і не туды. Гэта парушае любыя маральныя, этычныя і юрыдычныя нормы і правілы. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка даручыў правесці ацэнку дзеянняў кампаніі», — сказаў учора Ігар Луцкі.
Тое, што такую пагрозу агучыў не старшыня КДК ці КДБ, а толькі Луцкі, пакідае спадзеў на тое, што абыдзецца без сур’ёзных наступстваў.
«Увогуле, гэтая працяглая пагрозлівая гаварыльня выбіваецца са звыклай мадэлі паводзінаў уладаў, якія сёння не азіраючыся могуць дазволіць сабе любы пагром, — кажа крыніца «Нашай Нівы», абазнаная ў гэтай сферы. — Вылучаецца гісторыя і адсутнасцю канкрэтыкі, толькі яе абрысамі, якія трапляюць у паблік: і Луцкі, і прапаганда гавораць пра нейкія таямнічыя злівы, сэнс якіх, роўна як іх адрасаты і пацярпелыя, не выдаюцца.
Імаверна, спецыфічны характар гэтых «зліваў», які наўрад ці мог бы пашкодзіць шырокаму колу кліентаў (як гэта спрабуе выставіць прапаганда), і не дае чыноўнікам да канца дагаворваць фразы».
«Гэтак званымі «злівамі» інфармацыі займаліся нават паштальёнкі, наіўна было б думаць, што не было зліваў з боку мабільных аператараў — і я спецыяльна не вылучаю толькі аднаго з іх, — адзначае наш суразмоўца. — Пытанне, якія злівы сістэма палічыла небяспечнымі для сябе.
Я думаю, гаворка ідзе пра трыянгуляцыю (месцазнаходжанне — заўв. «НН») абанентаў у пэўны час, раздрукоўкі званкоў паміж абанентамі, з чаго — пры правільным падыходзе — можна зрабіць адназначныя і пэўныя высновы. Прыклад мы ўсе назіралі падчас прагляду расследавання аб сапраўдных абставінах смерці Рамана Бандарэнкі».
«Я думаю, што шукаюць канкрэтных людзей, адказных за злівы трыянгуляцый, пра гэта ўскосна сведчаць уцёкі асобных тэхнічных супрацоўнікаў з многіх кампаній, не толькі ад аператараў, — гаворыць наш суразмоўца. — У МТС цяпер увялі ў штат кадэбэшніка, чыя работа, як разумею, шукаць хто, што і калі.
А1 увядзенню такога работніка ў свой штат супраціўляецца. Я думаю, гэта ім настойлівы і працяглы сігнал, каб выдавалі сваіх і прымалі прапанову на ўвядзенне асабістаў у штат.
Калі глядзець на ўсё гэта вачыма Церцеля, то складваецца няёмкая сітуацыя: кампанія з замежным капіталам можа ведаць, дзе і калі знаходзіцца любы супрацоўнік гэтак званых сілавых структур, чыноўнік і з кім ён гаворыць, а ўздзеянне на гэтую кампанію мінімальнае», — дадае наш суразмоўца.
Пакуль што да канца не ясна месца прэс-сакратара Брэдзелева ў гэтай гісторыі. Стаў ён мэтанакіраванай ахвярай рэпрэсій ці проста зручным для атакі супадзеннем? У кулуарах папулярная версія, што яго ўзялі выпадкова.
«Даказаная такім чынам нелаяльнасць наложыцца на старыя факты аб знятай з дзяржаўнага тэлебачання рэкламе летам 2020-га. Гэтыя нейкія «злівы» — гэтага сёння ўжо дастаткова з улікам масіву інфармацыі, якім яны валодаюць», — лічыць іншы наш суразмоўца.
У чым канчатковая задача?
«Я думаю, будзе спроба ўвесці ў менеджмент нейкіх сваіх людзей пад гэтай маркай, што гэта асноўнае. Ну а паралельна рознага роду канкурэнты будуць спрабаваць вырашыць свае задачы, — кажа іншы наш суразмоўца. — МТС — свае.
ААЦ, які, як ужо вядома, пойдзе ў А1 з праверкай — свае (ААЦ — сузаснавальнік BeCloud, аднаго з двух у Беларусі цэнтраў захавання звестак, другі створаны А1).
Чым скончыцца праверка, якую правядзе непасрэдны канкурэнт, можна ў прынцыпе спрагназаваць — нічым добрым», — адзначыў суразмоўца.
Каментары