Сёлета валхвы ў Італіі панясуць маленькаму Іісусу падарункі і свае кавідныя пашпарты
Штогод перад Раством у Неапалі майстры гораду вырабляюць вялікую экспазіцыю — гісторыю Божага Нараджэння. Кожнага разу яна іншая — майстры ўлічваюць зменлівыя рэаліі свету і дадаюць іх у сцэнкі Раства. Сёлета тры валхвы, што ідуць пакланіцца маленькаму Ісусу, будуць мець пры сабе золата, ладан, смірну, а таксама кавідныя сертыфікаты, піша Reuters.
Летась, Марыя, Язэп і валхвы Бальтасар, Гаспар і Мельхіёр былі ў медыцынскіх масках.
Сёлета валхвы, якія ідуць здалёк за зоркай Раства, будуць трымаць у руках свае «зялёныя пашпарты» — сертыфікаты, неабходныя ў Італіі для міжгародніх падарожжаў і для таго, каб наведваць культурныя імпрэзы.
Такі пропуск выдаецца, калі чалавек атрымаў хаця б адну дозу прышчэпкі, мае адмоўны ПЦР-тэст ці толькі што перахварэў на каранавірус.
«Паколькі вешчуны прайшлі далёкі шлях з-за мора, я выдаў кожнаму з іх па зялёным пашпарце», — кажа Фэрыньё, адзін з майстроў з гістарычнага цэнтра Неапаля.
Стварэнне сцэнак Раства стала асобным відам мастацтва ў Неапалі яшчэ ў часы барока, і большасць жыхароў гораду выстаўляюць такія вяртэпы ў сябе на вокнах перад Калядамі.
Каментары