«Застаецца ўсё менш». Жонка атрымала новы ліст ад Андрэя Скурко — пра Булгакава, ішакоў і расплату
Філасофскае і будзённае пераплятаецца ў лістах палітвязня-нашаніўца, урыўкамі з якіх падзялілася яго жонка.
…Я ўсё яшчэ трохі пад уражаннем ад навіны пра бацьку Ганны і Паўла. Я яго ведаў (прынамсі, бачыў) яшчэ са студэнцкіх часоў. Перадавай Ганне і Вользе, калі раптам будзеце кантактаваць, спачуванні ад мяне. Грамадства ў нясплатным доўгу перад гэтай сям’ёй…
…Нам столькі ўсяго наперадавалі, што цяпер трэба будзе ўважліва сачыць, каб нічога не папсавалася:) Учора нават зрабілі «вялікую місу» салата з памідораў, перцаў і агуркоў. А паколькі ёмкасці на такую колькасць у нас няма, замяшалі проста ў вялікім поліэтыленавым пакеце.
…Цікава было падумаць, за што мы «плацім» цяпер. Правільна ты напісала: «плацім» — не ў сэнсе «расплачваемся», а ў сэнсе «набываем». Я думаю, мы набываем новае бачанне нашай сям’і, абноўленыя адносіны, глыбейшыя пачуцці. Словам, далёка не кожнай сям’і так шанцуе.
Таксама я пазбаўляюся схільнасці да неабгрунтаванага раздражнення і ўвогуле буду, напэўна, вельмі спакойны пасля ўсяго гэтага.
…Я абсалютна спакойны, сяджу і чакаю сустрэчы з вамі. Успомніўся выраз «палоннае цярпенне» з ужытку Масковіі 16—17 ст. (гэта калі яны траплялі ў ВКЛ).
Мы тут неяк смяяліся, што па-турэцку будзе не «сядзець», а «ляжаць» у турме:) Зараз я сяджу (ляжу?) і гляджу на вялізную торбу агуркоў, якія нам, напэўна, давядзецца пасаліць.
…Яшчэ з нашых мясцовых навінаў: мы замянілі кляёнку на стале і лаўках на новую (купілі на атаварцы). Здаецца, нават пасвятлела тут:) Хоць некаторыя бурчалі, што цяпер камера — як жаночая (кляёнка — у фіялетавыя ружы.
…На выходных чытаў «Іностранную літературу». №1 — раман партугальскага пісьменніка Жазэ Эдуарду Агуалузы «Крэольская нацыя». Ён напісаны ў форме лістоў паэта Фрадыке Мэндэса — гэта выдуманы персанаж і калектыўны псеўданім паэтаў 1900-х. А тут, кшталту, знайшліся новыя лісты. Там цікава пра Анголу і Бразілію, гандаль рабамі і абаліцыянізм (дзеянне адбываецца ў ХІХ ст.) Абстаноўка серыяла «Рабыня Ізаўра» (пра які баба Стэпка казала: трэба ўміраць, але хочацца паглядзець, чым скончыцца). Там былі цікавыя разважанні партугальцаў пра іх калоніі ў Афрыцы: маўляў, калі б свет ведаў, што нас (партугальцаў) там даўно няма, што мы змяшаліся з мясцовымі і страцілі ўплыў, ніякіх калоній у нас бы даўно не было. Нагадвае чымсьці сітуацыю з нашым мясцовым суседскім каланіялізмам, мне здаецца.
№2 ў часопісе па цікавасці — біяграфія англійскай пісьменніцы віктарыянскай эпохі Джордж Эліят. Зачапіўся вось за што. Калі яна выдала першы раман «Амос Бартан» ( пра вясковага святара), рэдактар сказаў, што нічога падобнага не чытаў пасля … — і назваў раман, выдадзены 100 год да таго. Я падумаў спярша: вось што значыць спелая кніжная культура — можна на адным узроўні параўноўваць творы, напісаныя з інтэрвалам у сто год. А пасля падумаў: мы таксама ж можам параўноўваць Віктара Марціновіча з Кузьмой Чорным (і часта першы будзе ў мінусе). Дый прамова Мялешкі дагэтуль смешная. Словам, вылечыўся ад крэольскага комплексу.
…Думаў нядаўна, як гісторыя сям’і праграмуе дзеянні наступных пакаленняў. Гэта, можа быць, разгадка таго, што называюць «сямейным рокам». Напрыклад, калі б прадзед уступіў у калгас ці неяк на каленях прасіў не саджаць яго, у сям’і была б іншая зададзенасць размоў, іншае светаўспрыманне фарміравалася б. Думка сырая яшчэ, не ведаю, ці ясна я яе выказваю.
…Сёння мянялі кнігі — мы атрымалі «Срэбную дарогу» Сціны Джэксан у перакладзе Алены Казловай. Узяўся чытаць. Такі серыялазамяняльнік. Таксама цяпер у нас ёсць Жуль Верн («Таямнічы востраў»), том Булгакава (Міхаіла, а не Валерыя), сумніўныя «Тайны землі русской» і том Алеся Савіцкага. Учора прыйшла газета «Культура» (яна выходзіць накладам 2,8 тысяч і яе можна купіць у 8 месцах у Мінску). Разгарнуў яе з унутранымі дрыжыкамі — а там Рудак, Сін, Чарнякевіч. І даводзіцца ж з неахвотай трымаць іх там, бо больш на культурныя тэмы і пісаць яўна няма каму.
А сёння прыйшла «Родіна» — вельмі цікавая. Яны там друкуюць падборку наўгародскх берасцяных грамат: «За меня не волнуйся. Сел в Коломне на ладью». Таксама ў інтэграцыйнай рубрыцы — артыкул пра Максіма Багдановіча (побач з матэрыяламі пра Жукава і забойства Кубэ). Артыкул мілы, хоць роля Багдановіча ў нашай літаратуры, на маю думку, ясна не пазначаная. Затое напісана (я не ведаў), што Багдановіч арганізаваў у Ніжагародскай гімназіі «анархіческій кружок» (узлазіў на стол, дамагаючыся змены школьнай канстытуцыі).
…Я тут лячуся ад усяго, як у санаторыі.
…Пакуль гэты ліст дойдзе, будзе ўжо 100 дзён, як гэта ўсё працягваецца (ура! Застаецца ўсё менш!) Трэба сказаць, калі ўсё скончыцца, мне спатрэбіцца гадзінка-другая на адаптацыю. Бо тут ужо часам здаецца, што лісты і газеты ідуць з іншай планеты, а гукі «знешняга свету» (музыка з касцёла, гудкі машын) выклікаюць здзіўленне. Пішу гэта не ў парадку скаргаў на жыццё, проста апісваю свае адчуванні, як ты прасіла.
…Які разважлівы сынок наш! І яшчэ дзівосна: не думаў, што сучаснае дзіця будзе так цікавіцца коньмі. У мяне, дарэчы, быў у дзяцінстве конь на калёсіках, нават фота з ім ёсць. Каня абавязкова яму здабудзем — самага лепшага. Ну, і я сам буду на паўстаўкі падпрацоўваць на гэтай пасадзе.
…Так хочацца быць побач з вамі! Але прыйдзецца трохі пацярпець. А пасля ўжо будзем разам увесь-увесь час! А пакуль буду думаць вам верш пра каня.
…Думаў, што нашу сітуацыю ні ў якім разе нельга ўспрымаць як трагічную выпадковасць, злом лёсу і г.д. Тут не выпадковасць, а хутчэй заканамернасць. Такі цяпер час і так мы цяпер жывём, прыйдуць іншыя часы — будзе ўсё іначай.
І дзіўна было б, каб нас гэта не зачапіла. Таму проста жывём далей, пражывём гэта і ўзмоцнена падтрымліваем адно аднаго.
…Таксама думаў: наколькі цяжка спрагназаваць, які эпізод нашага жыцця адаб’ецца на падзеях у будучым, паўплывае і на наш лёс, і на нашчадкаў. Гэта можа быць і штосьці, на чым сам не засяроджваеш увагу. Як, напрыклад, з Вітаўтам, найбольшым дасягненнем якога многія лічаць Грунвальд. Хоць ён пасля яшчэ 20 год жыў і работаў.
…Апошнія дні чытаў нарысы і апавяданні Міхаіла Булгакава. Ідэалагічна ён, канечне, манархіст, гэта нам чужое. Але я падумаў: ён апісвае Маскву 1920-х, той час, калі там быў Уладзімір Дубоўка. Магчыма, яны нават недзе бачыліся.
…Я тут увогуле набываю несістэматызаваныя веды з самых розных сфераў жыцця. Напрыклад, учора многа даведаўся пра вослікаў (ішакоў). Як на іх ездзіць, чым карміць, як увогуле яны жывуць. Аказваецца, каб на ішаку паехаць, трэба сеўшы, паказытаць спецыяльнай палачкай трохі ніжэй патыліцы. Ну і рознае такое. Калі дзе-небудзь пазнаёмімся з вослікам, ужо будзем ведаць, як дзейнічаць.
…Прашу вас, знаходзьце нагоды для радасці і будзьце спакойныя за мяне.
Я заўжды з вамі сэрцам, а скора буду і іншымі органамі і часткамі цела!
* * *
Яны ўсё жыццё пісалі для вас. Падтрымайце вы іх зараз, лістамі або грашовымі пераводамі.
Скурко Андрэй Генадзевіч
Марціновіч Ягор Аляксандравіч
СІЗА-1, Мінск, вул. Валадарскага 2, 220030.
А таксама нагадаем, што ідзе збор грошай на выданне кнігі і аўдыякнігі дзіцячых вершаў, напісаных Андрэем Скурко ў турме.
-
«Далей будзе толькі больш». Беларус-распрацоўшчык у галіне ШІ, які працуе ў Нью-Ёрку, расказаў, што нас чакае
-
«Кампенсацыя за паразу ў Сірыі». Што стаіць за заявай Мядзведзева наконт «новых рэгіёнаў» Расіі
-
«Гэта найлепшая версія Трампа». Амерыканская журналістка апісала, як замах на Трампа глыбока змяніў яго і надаў спакою
Каментары