Грамадства

Самыя «эфектыўныя» суддзі Мінска: колькі пратэстоўцаў адправілі ў калоніі і каго судзілі за грамадзянскую пазіцыю

Па інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», за год беларускія суды асудзілі паводле «палітычных» крымінальных артыкулаў мінімум 976 чалавек. З іх пазбавілі волі 449 чалавек. Больш за ўсё палітычных прысудаў у Беларусі вынеслі брэсцкія суддзі — па «пінскай справе» і па справе аб «масавых беспарадках» яны адначасова дзясяткамі адпраўлялі людзей у калоніі. Па «справе карагодаў» брэсцкія суддзі вынеслі «палітычныя» прысуды ў дачыненні да 81 чалавека. Самыя масавыя «судовыя канвееры» ладзілі брэсцкія суддзі Вера Філонік, Іна Клышпач, Святаслаў Каліна і іншыя. У Мінску такімі групамі судзілі два разы — «справу студэнтаў» і «справу ўдзельнікаў закрытага чата». Адразу 12 і 11 чалавек суддзі Марына Фёдарава і Дзмітрый Астапенка адправілі ў калоніі. «Вясна» склала спіс самых рэпрэсіўных суддзяў у Мінску, якія больш за ўсіх па палітычных матывах судзілі беларусаў па крымінальных артыкулах.

Мінімум 20 чалавек прызнаў вінаватымі па «палітычных» артыкулах. Суддзя Дзмітрый Карсюк

Суддзя Цэнтральнага раёна Дзмітрый Карсюк па «палітычных» артыкулах Крымінальнага кодэкса асудзіў мінімум 20 чалавек. Гэта рэкорд сярод мінскіх суддзяў.

Фота: sudexpert.gov.by.

Усяго па арт. 342 Крымінальнага кодэкса ён асудзіў 11 чалавек, яшчэ двух чалавек па арт. 293 КК, а таксама некалькі чалавек па дыфамацыйных артыкулах.

Пяць чалавек Карсюк адправіў за ўдзел у пратэстах у калонію. Мастака па святле, якога звольнілі з Новага драматычнага тэатра за забастоўку, Данілу Ганчарова ён асудзіў на два гады пазбаўлення волі за ўдзел у шасці нядзельных маршах і за тое, што дасылаў Nextа фотаздымкі з перамяшчэннем сілавікоў.

У калонію на два гады Карсюк таксама адправіў шматдзетнага бацьку Мікалая Шэметава за адміністраванне дваровага тэлеграм-канала і 26-гадовага Максіма Цішкевіча за ўдзел у пратэснай акцыі ў дзень выбараў. Таксама гэты суддзя асудзіў да чатырох гадоў узмоцненага рэжыму 27-гадовага мінчука Паўла Лукаянава за тое, што ён «дэманстратыўна знаходзіўся на кантэйнеры» на пратэсце ў ноч з 10 на 11 жніўня.

20-гадовы мінчук Арцём Саковіч таксама адпраўлены Карсюком у калонію на чатыры гады за ўдзел у леташніх пратэстах. 

Васьмі беларусам Карсюк прызначыў «хатнюю хімію». Такое пакаранне суддзя выносіў за абразу былой прэс-сакратаркі МУС Вольгі Чамаданавай, начальніка ГУБАЗіКа, міліцыянтаў і нават сваёй каляжанкі суддзі Юліі Крэпскай.

Сем чалавек Дзмітрый Карсюк адправіў на «хімію». Сярод іх жыхар «Плошчы перамен» Васіль Логвінаў, якога асудзілі за аднаўленне графіці з «дыджэямі перамен». Пасля трох месяцаў пад вартай палітвязня асудзілі да двух гадоў «хіміі» і вызвалілі ў зале суда. Таксама на «хімію» Карсюк адправіў Валерыя Вішчэню за ўдзел у пратэснай акцыі 13 верасня. У Валерыя трое дзяцей, малодшы з каторых мае інваліднасць.

Адправіла ў калонію 12 фігурантаў «справы студэнтаў». Суддзя Марына Фёдарава

Суддзя Савецкага суда Марына Фёдарава атрымала вядомасць праз прысуды 12 фігурантам «справы студэнтаў»: 11 палітвязняў былі асуджаныя да 2,5 года калоніі і адзін — да двух гадоў пазбаўлення волі. Незадоўга да гэтага да трох гадоў «хіміі» Фёдарава асудзіла 21-гадовага студэнта трэцяга курса БДУІР Арцёма Вінакурава. За год суддзя вынесла 16 «палітычных» прысудаў. 

Па арт. 342 КК да трох гадоў «хіміі» гэтая суддзя таксама асудзіла збітага пасля затрымання пасля «Маршу вызвалення палітвязняў» будаўніка Кірыла Паўлаўца. Ён заяўляў на судзе, што даў «пакаяльныя» паказанні пасля збіцця, але суддзя на гэта ніяк не адрэагавала і вынесла абвінаваўчы прысуд.

Пару месяцаў назад Фёдарава адправіла на год у калонію строгага рэжыму 42-гадовага Аляксея Шчарбацюка за тое, што ён на балконе крычаў «Жыве Беларусь!» і «Лукашенко — петух!».

У 2018 годзе суддзя Марына Фёдарава таксама вяла гучную «справу прафсаюза». Яна асудзіла за ўхіленне ад выплаты падаткаў па арт. 243 Крымінальнага кодэкса да чатырох гадоў «хіміі» старшыню Беларускага незалежнага прафсаюза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзя Фядыніча і галоўнага бухгалтара прафсаюза РЭП Ігара Комліка. 

На рахунку 16 «палітычных» прысудаў, якія выносіла ў пары з памочніцамі пракурораў Касьянчык і Таратынка. Суддзя Юлія Блізнюк

Суддзя Фрунзенскага суда Юлія Блізнюк за год вынесла таксама 16 «палітычных» прысудаў. У асноўным яна судзіла людзей у пары з вядомымі памочніцамі пракурораў Алінай Касьянчык і Валерыяй Таратынка. Гэта яна адправіла Максіма Паўлюшчыка на два гады калоніі за абнаўленне ў раёне станцыі метро «Пушкінская» ў Мінску надпісу «Не забудзем» на тратуары каля народнага мемарыяла памяці забітага пратэстоўца Аляксандра Тарайкоўскага.

Вясной Блізнюк разглядала справу супраць чатырох мінчукоў — Яўгена Бароўскага, Івана Зянько, Аляксея Драба і Уладзіміра Кацкеля (усе прызнаныя палітвязнямі), якія 11 кастрычніка мінулага года падчас разгону «Маршу гонару» каля станцыі метро «Пушкінская» адбілі ад затрымання чалавека. Па запыце Валерыі Таратынка яна асудзіла ўсіх на тэрміны ад чатырох да пяці гадоў калоніі.

Да 4,5 года калоніі Блізнюк асудзіла былога супрацоўніка МНС Рыгора Давыдава. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках 10 жніўня непадалёк ад ГЦ «Рыга» ў Мінску. Дзяржабвінаваўцай па справе выступала Аліна Касьянчык.

Гэтая суддзя на 4 гады калоніі адправіла праграміста Арцёма Саўчука, які жыў дзесяць гадоў у Польшчы, а перад акцыямі прыехаў да родных. З Касьянчык яго абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках 10 жніўня: штурхануў на паркоўцы калясак каля гандлёвага цэнтра «Цівалі».

Да году калоніі па арт. 342 Крымінальнага кодэкса Блізнюк асудзіла сябра Арцёма — футбольнага трэнера Арцёма Хвашчэўскага. Хлопца, у тым ліку, абвінавацілі ў перакрыцці дарогі на вуліцы Прытыцкага ў Мінску ў ноч з 10 на 11 жніўня. Суду ён заяўляў, што паказанні пасля затрымання даваў пад ціскам.

Блізнюк асудзіла да двух гадоў «хіміі» валанцёра штаба Віктара Бабарыкі і кіраўніка Ruin Bar Ok16 Лявона Халатрана. Яго асудзілі па арт. 342 КК за ўдзел у групавых дзеяннях ў ноч з 9 на 10 жніўня. На судзе ён не прызнаў віну і заявіў пра збіццё 11 жніўня ў ГУБАЗіКу, калі патрабавалі пароль ад тэлефона, але суддзя гэта не прыняла да заўвагі.

Таксама Блізнюк пры падтрымцы Касьянчык вынесла прысуды дзвюм мінчанкам Анастасіі Нікіцінай і Святлане Лабунской за раскіданыя самарэзы каля пракуратуры Мінска: 1 год і 1 месяц пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі і 1,5 года «хатняй хіміі». 

Адначасова адправіў у калонію на пяць-дзевяць гадоў 11 чалавек. Суддзя Дзмітрый Астапенка

За суддзёй Заводскага раёна Дзмітрыем Астапенкам лічыцца як мінімум 14 асуджаных па палітычных матывах. Ён разглядаў адну з самых масавых у Мінску спраў — удзельнікаў закрытага тэлеграм-чата. 11 чалавекам Астапенка вынес строгія прысуды: ад пяці да дзевяці гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Усіх іх абвінавацілі ва ўдзеле ў тэлеграм-чаце «радыкальнага напрамку». Акрамя гэтага, у намеры пашкодзіць або знішчыць тры «Табакеркі». Некаторыя палітвязні заяўлялі на судзе пра катаванні і ціск, але Астапенка не прыняў гэта да заўвагі.

Да двух гадоў «хіміі» Астапенка таксама асудзіў назіральніка за выбарамі Аляксандра Аграйцовіча. Аляксандра абвінавацілі ў тым, што ён узвёў паклёп (арт. 188 КК) на прадстаўнікоў выбарчай камісіі падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў у 2019 годзе — 12 супрацоўніц школы №187 Мінска. А менавіта — апублікаваў на сваім youtube-канале «Дзённікі назіральніка» ў маі 2020 года загадзя лжывыя звесткі пра чальцоў выбарчай камісіі, якія знеслаўляюць іх гонар і годнасць. У відэа Аграйцовіч адзначыў, што яны з'яўляюцца фальсіфікатарамі выбараў і ў перыяд датэрміновага галасавання здзейснілі падробку дакументаў. Абвінавачаны не прызнаў віну: ён упэўнены, што вынікі выбараў былі сфальсіфікаваныя. 

Прызнала вінаватымі 12 чалавек па крымінальных «палітычных» артыкулах. Вікторыя Шабуня

За год суддзя Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыя Шабуня вынесла мінімум 12 прысудаў па палітычных матывах. З іх дзевяць чалавек яна адправіла ў калонію. Так, на два гады калоніі Шабуня адправіла Ягора Сугойдзя — мужчыну, які дзявятага жніўня ў раёне Стэлы сарваўся з аўтазака. Пасля інцыдэнту ён трапіў ў бальніцу. Пасля гэтага ён быў узяты пад варту. На судзе яго прызналі вінаватым па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса і асудзілі да двух гадоў калоніі.

На год калоніі суддзя Вікторыя Шабуня асудзіла па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса мінчука Аляксея Муравіцкага. У дзень выбараў, 9 жніўня, супрацоўнікі АМАП затрымалі Муравіцкага на выбарчым участку і збілі яго на Акрэсціна. 16 жніўня ён выйшаў на Марш і прадэманстраваў атрыманыя падчас збіванняў гематомы. Пратэстоўцы напісалі яму на спіне «Усіх не заб'еш» — момант перформансу побач з КДБ трапіў на фотаздымкі. Таксама Муравіцкі браў удзел у Маршы 25 кастрычніка: ён з БЧБ-сцягам залез на дах сваёй машыны і крычаў «Жыве Беларусь». За гэта па рашэнні Шабуні ён правядзе год у калоніі агульнага рэжыму.

Таксама ў калоніі апынуўся па рашэнні Шабуні 22-гадовы тэхнік з Мінска Антон Лакішык. Суд Цэнтральнага раёна 18 лістапада асудзіў яго за напад на амапаўца 14 ліпеня на Нямізе да трох гадоў калоніі. Супрацоўнік мінскага АМАПа пасля некалькіх удараў Антона не атрымаў цялесных пашкоджанняў і не звяртаўся ў медыцынскія ўстановы. Але мінчука прызналі вінаватым і ўзялі пад варту ў зале суда.

Да 5,5 года калоніі суддзёй Шабуняй быў асуджаны член ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі Сяргей Капанец. Палітвязня абвінавацілі ў дапамаганні Сцяпану Пуцілу, Раману Пратасевічу і іншым асобам у арганізацыі масавых беспарадкаў шляхам перадачы ў бот тэлеграм-канала, прызнанага на цяперашні момант экстрэмісцкім, тэкставай інфармацыі і відэа аб перамяшчэнні спецтэхнікі сілавікоў 9 жніўня, а таксама ў распаўсюдзе ўлётак, перададзеных яму Юрыем Васкрасенскім, і каардынаванні руху людзей ад ГЦ «Спектр» да адміністрацыі Першамайскага раёна пасля закрыцця ўчасткаў для галасавання 9 жніўня. Таксама Капанца абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту 10 і 11 жніўня на вуліцы Прытыцкага і праспекце Пушкіна ў Мінску. Сяргей віну не прызнаў. Палова судовага працэсу прайшла ў закрытым рэжыме праз вывучэнне матэрыялаў з экстрэмісцкага тэлеграм-канала. Суддзя Вікторыя Шабуня прысудзіла палітвязню 5,5 года калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Суддзя Шабуня вясной асудзіла да двух гадоў «хатняй хіміі» па крымінальнай справе па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса 33-гадовую мінчанку Юлію Якубовіч. Яе абвінавацілі ў блакаванні дарог на Раманаўскай Слабадзе ў Мінску 20 снежня і 3 студзеня за тое, што дзяўчына з групай людзей двойчы каля хвіліны пастаяла на пешаходным пераходзе са сцягамі.

Асудзіў 11 чалавек па палітычных матывах, ігнараваў на судзе заявы пра збіццё для атрымання «патрэбных» доказаў. Максім Трусевіч

Суддзя Першамайскага раёна Максім Трусевіч асудзіў мінімум 11 чалавек. На два гады калоніі 25 мая па арт. 342 КК ён асудзіў аднаго з распрацоўшчыкаў стартапа MakeML Аляксея Караткова. Па гэтай справе дэпутатка Бундэстага Германіі Табеа Роснэрз вярталася да суддзі Максіма Трусевіча, каб той вынес палітзняволенаму Караткову прысуд з захаваннем законнасці. Але суддзя накіраваў яе ліст у міліцыю, бо нібыта ён мае прыкметы ўмяшання ў працу суда.

Таксама Трусевіч адправіў на чатыры гады калоніі 22-гадовага студэнта БДУ Яўгена Каліноўскага за падзеі 14 ліпеня ў Мінску. Яго абвінавацілі ў актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і ў гвалце ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. Сваёй віны ў судовым працэсе Яўген Каліноўскі не прызнаў.

Да пяці гадоў калоніі суддзя Трусевіч асудзіў 30-гадовага Мікіту Харловіча, якога затрымалі непадалёку ад дому і знайшлі ў яго ў заплечніку і ў чорным пакеце дзве шкляныя бутэлькі. Мікіту прызналі вінаватым у падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках і захоўванні гаручых сродкаў. На працэсе ён заявіў пра збіццё ў ГУБАЗіКу для атрымання «патрэбных паказанняў», але Трусевіч пакінуў гэта без заўвагі і гэтыя паказанні сталі доказамі па крымінальнай справе.

Тры гады«хатняй хіміі» Трусевіч прысудзіў Вадзіму Марчанку за ўдзел у Маршы, за які ён ужо адбыў 15 сутак арышту. Суддзя Першамайскага раёна судзіў мінчукоў за абразу прэзідэнта і памочніцы Фрунзенскага пракурора Валерыі Таратынка, супрацоўнікаў міліцыі - даў «хатнюю хіміяю».

Да трох гадоў «хіміі» Трусевіч асудзіў Яўгена Рапіна за ўдзел у акцыі пратэсту 4 кастрычніка і за тое, што ўдарыў па камеры відэаназірання каля ізалятара на Акрэсціна. Мінчука ўжо накіравалі адбываць пакаранне, але 16 верасня яго вызвалілі па памілаванні.

Вынес «палітычныя» прысуды Калеснікавай, Знаку і актывістам па справе тэлеграм-канала «Армія з народам». Суддзя Сяргей Епіхаў 

Суддзя Мінскага абласнога суда Сяргей Епіхаў асудзіў сем чалавек на вялікія тэрміны па двух рэзанансных справах. Гэта справа тэлеграм-канала «Армія з народам» і справа Марыі Калеснікавай і Максіма Знака. Па першай справе былі адпраўленыя ў калонію пяць блогераў і актывістаў на чатыры з паловай, пяць з паловай і шэсць гадоў калоніі. У калоніі з-пад малатка Епіхава апынуліся актывіст партыі «Народная грамада» Сяргей Спарыш, удзельніца руху «Краіна для жыцця» Антаніна Канавалава, блогеры Сяргей Ярашэвіч, Сяргей Коршун і Яўген Прывалаў. Іх прызналі вінаватымі ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках, у падрыхтоўцы беспарадкаў, а Спарыша таксама ў тым, што перашкаджаў працы Цэнтрвыбаркама. 

А нядаўна Епіхаў прызнаў вінаватымі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч. 3 арт. 361 (Заклікі да дзеянняў супраць нацбяспекі), ч. 1 арт. 357 (Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 (Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва ім) і асудзіў Максіма Знака да 10 гадоў узмоцненага рэжыму, а Марыю Калеснікаву да 11 гадоў пазбаўлення волі. 

Каментары

Браты-блізняты прыйшлі працаваць у міліцыю. Адзін з іх пераплыў раку і ўцёк з Беларусі, каб не займацца палітычнымі справамі. Пагутарылі з ім

Браты-блізняты прыйшлі працаваць у міліцыю. Адзін з іх пераплыў раку і ўцёк з Беларусі, каб не займацца палітычнымі справамі. Пагутарылі з ім

Усе навіны →
Усе навіны

У Новай Баравой загарэўся рэстаран5

У Мінску пабудуюць дамы з відам на БТ3

На Краснай плошчы ў Маскве жанчына зладзіла салют па заданні махляроў2

Гіганцкая чарга на мяжы Польшчы ў бок Беларусі знікла3

Жыхару Мазырскага раёна далі пажыццёвае за жорсткае забойства суседскай пажылой пары2

«Грабуць вазкамі». У Віцебску прадпрымальнікі са згарэлага гандлёвага цэнтра прадаюць выратаваны тавар на вуліцы19

У Пружанскім раёне выпадкова застрэлілі паляўнічага4

У аграгарадку пад Маладзечнам з-за перабояў з электрычнасцю загараюцца ацяпляльныя катлы?6

Вялікабрытанія ўпершыню пратэсціравала радыёхвалевую сістэму супрацьпаветранай абароны. Што гэта такое?4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Браты-блізняты прыйшлі працаваць у міліцыю. Адзін з іх пераплыў раку і ўцёк з Беларусі, каб не займацца палітычнымі справамі. Пагутарылі з ім

Браты-блізняты прыйшлі працаваць у міліцыю. Адзін з іх пераплыў раку і ўцёк з Беларусі, каб не займацца палітычнымі справамі. Пагутарылі з ім

Галоўнае
Усе навіны →