Што адбываецца з Фэйсбукам і Інстаграмам: паломка, хакерская атака, тэхнічны правал?
Facebook, Instagram і WhatsApp адключыліся для карыстальнікаў па ўсім свеце, заявіў гігант сацыяльных сетак у панядзелак, працуючы над аднаўленнем сэрвісаў пасля аднаго з самых працяглых збояў.
Facebook недаступны, таму што карыстальнікі не накіроўваюцца ў патрэбнае месца сістэмай даменных імёнаў. Сацсетка сама кантралюе адпаведныя налады, тлумачыць Reuters.
Эксперты па бяспецы, якія адсочваюць сітуацыю, заявілі, што адключэнне, верагодна, было выклікана памылкай канфігурацыі, з-за якой маршруты да сервераў Facebook былі недаступныя. Гэта магло быць вынікам унутранай памылкі, хоць тэарэтычна магчымы сабатаж звонку.
Узлом звонку лічыцца менш верагодным. З іншага боку, масавая атака тыпу «адмова ў абслугоўванні», якая здольная пакласці адзін з самых папулярных у свеце сайтаў, патрабуе альбо каардынацыі паміж магутнымі злачыннымі групоўкамі, альбо вельмі інавацыйнай тэхнікі.
Facebook прызнаў, што ў карыстальнікаў узніклі праблемы з доступам да яго праграмы, але не падаў ніякіх падрабязнасцяў аб характары праблемы або аб тым, колькі карыстальнікаў пацярпелі ад збою.
«Мы працуем над тым, каб як мага хутчэй вярнуць усё ў норму, і прыносім прабачэнні за любыя нязручнасці», — напісаў у Твітэры Facebook прыкладна праз 30 хвілін пасля першых паведамленняў аб збоі.
Адказаць Фэйсбуку было нашмат складаней, таму што супрацоўнікі страцілі доступ да некаторых сваіх уласных інструментаў з-за адключэння, кажуць людзі, якія адсочваюць гэтае пытанне.
Як кажа Браян Крэбс, вядомы эксперт у сферы кібербяспекі, выглядае, што DNS-запісы Фэйсбука былі кімсьці прыбраныя з глабальных табліц маршрутызацыі — інакш кажучы, з «адраснай кнігі» інтэрнэту.
Гэта датычыцца таксама Інстаграма і, верагодна, іншых рэсурсаў, якія трапілі пад атаку. Калі вы ўводзіце ў радок браўзера адну з спасылак на гэтыя сайты, яна павінна весці на рэсурс. Але сістэма, што давала магчымасць гэтай сувязі працаваць, зараз не функцыянуе.
«Гэта можна параўнаць з тым, што вы прыходзіце ў вялікі офісны цэнтр на сустрэчу, але сакратара няма на месце. Вы (ці, у выпадку з сённяшнім збоем, ваш камп'ютар) проста застаяцеся на сваім месце, бо не ведаеце, у які канкрэтна офіс вам трэба трапіць», — тлумачыць эксперт.
Пакуль няясна, як гэта здарылася. Фэйсбук — настолькі вялікая кампанія, што яна сама кантралюе ўласны DNS, таму толькі нехта ўнутры кампаніі мог спыніць працу гэтай сістэмы.
Акцыі Фэйсбука, у якога амаль 2 мільярды актыўных штотыднёвых карыстальнікаў, у панядзелак знізіліся на 5,7%. У пераводзе на рыначны кошт гэта азначае падзенне больш чым на 50 мільярдаў даляраў.
Дзіўнае супадзенне: літаральна за некалькі гадзін да глабальнага збою Фэйсбук трапіў у стужкі навінаў ва ўсім свеце праз сведчанні выкрывальніка, што сцвярджаў, нібыта кампанія аддала перавагу выгадзе, а не бяспецы.
Фрэнсіс Хаўген, былая менеджарка кампаніі, прадставіла журналістам Wall Street Journal шэраг унутраных дакументаў Фэйсбука. Згодна з імі, у кампаніі ведалі, што праца іх сацсетак дрэнна ўплывае на грамадства і карыстальнікаў, аднак нічога ў сувязі з гэтым не прадпрымалі.
Напрыклад, палітыка Фэйсбук садзейнічае распаўсюду дэзынфармацыі і звязанага з гвалтам кантэнту, а сацсетка Інстаграм, што належыць карпарацыі, дрэнна ўплывае на стан дзяўчат-падлеткаў.
У сваю чаргу Твітэр, іншы папулярны сэрвіс паведамленняў, пажартаваў нават са сваіх канкурэнтаў: «Прывітанне ўсім», — напісаў афіцыяльны акаўнт у Вялікабрытаніі.
Каментары