Пяскоў: Крэмль катэгарычна не згодны з рашэннем Мінска абмежаваць доступ да сайта kp.by
Пра гэта заявіў у пятніцу журналістам прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў.
«Мы катэгарычна не згодныя з гэтым. Мы лічым, што, безумоўна, гэта ідзе ў парушэнне прынцыпу свабоды СМІ», — сказаў прадстаўнік Крамля.
«Вядома, мы б чакалі ад беларускага боку забеспячэння ўмоў для працы нашых СМІ на тэрыторыі Беларусі», — падкрэсліў Пяскоў.
Доступ да сайта kp.by быў абмежаваны раніцай 29 верасня. Напярэдадні вечарам на сайце выдання выйшаў артыкул з каментаром аднакласніцы праграміста Андрэя Зельцэра, які ў перастрэлцы ў кватэры на вуліцы Якубоўскага застрэліў афіцэра КДБ Дзмітрыя Федасюка і быў забіты. Той артыкул адразу выклікаў хвалю абурэння і абраз у праўладных тэлеграм-каналах.
Мінінфармацыі потым патлумачыла, што доступ да сайта быў абмежаваны, бо на ім была змешчана публікацыя, у якой «утрымліваліся звесткі, якія садзейнічаюць фарміраванню крыніц пагроз нацыянальнай бяспецы, што заключаюцца ў штучным нагнятанні напружанасці і супрацьстаяння ў грамадстве паміж грамадствам і дзяржавай».
Каментары