Чысткі ў Магілёўскім універсітэце: прымусілі сысці ўжо трох беларускамоўных выкладчыкаў
Усе трое яшчэ год таму віселі на дошцы гонару ВНУ, а цяпер аказаліся непатрэбнымі.
«Я быў змушаны напісаць заяву па ўласным жаданні, інакш мяне б звольнілі па артыкуле аб недастатковай кваліфікацыі», — кажа прафесар кафедры археалогіі і гісторыі Беларусі Аляксандр Агееў, які працаваў у ВНУ з 1991 года.
Агееў — вядомы ў Магілёве чалавек. Прычым вядомы не толькі як выкладчык, ён удзельнічаў і ў грамадска-палітычным жыцці краіны, быў у шэрагах БНФ і ТБМ. У 2003 і 2007 гадах абіраўся дэпутатам у Магілёўскі гарсавет. Уваходзіў у тапанімічную камісію пры гарвыканкаме. Выдаваў альманах «Магілёўская даўніна», а таксама сумесна з Алегам Трусавым напісаў кнігу «Магілёўская ратуша». Такіх знаўцаў гісторыі Магілёва не так шмат, але ў далейшым супрацоўніцтве ўніверсітэт больш не зацікаўлены, пры тым што ёсць недахоп кадраў.
Рэч у тым, што ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя Куляшова нядаўна працавала атэстацыйная камісія, яна скончыла работу 31 мая. Па яе выніках некаторым з супрацоўнікаў і было прапанавана звольніцца.
«Рашэнне прымаецца «калектыўным рэктарам», — смяецца Аляксандр Агееў. — Сам рэктар кажа, што не можа не давяраць высновам атэстацыйнай камісіі, у працы якой ён не браў удзелу».
Рэктар МДУ — вядомы гісторык і археолаг Дзяніс Дук, вучань Георгія Штыхава і Сяргея Тарасава. Калісьці Лукашэнка называў кнігу Дука і Вольгі Ляўко «здаровым нацыяналізмам».
Па звестках «Нашай Нівы», у час працы атэстацыйная камісія засяроджвалася не столькі на прафесійнай дзейнасці выкладчыкаў, як на тым, што яны пісалі ў сацыяльных сетках ці як выказваліся публічна. На гэтай падставе і выносіліся рашэнні.
«Смяёмся: яшчэ нядаўна ўсе трое віселі на дошцы гонару, а Шаруха дык на самай важнай дошцы гонару ўніверсітэта, а цяпер непатрэбныя», — кажа Агееў.
Ігар Шаруха — прафесар кафедры прыродазнаўства, нейкі час пабыў і дэканам. Ён ва ўніверсітэце ад 1993 года. Яго лічаць ці не найлепшым географам Магілёва. Шаруха ўзначальвае абласное аддзяленне Беларускага геаграфічнага таварыства. Меў шматлікія граматы-падзякі ад Міністэрства адукацыі.
Трэцім выкладчыкам, які быў вымушаны сысці з МДУ, стаў дацэнт кафедры літаратуры і міжкультурных камунікацый Віталь Еўмянькоў. ВНУ Еўмянькоў аддаў 21 год працы.
«Шчыра кажучы, шкада. Шкада ўніверсітэт, шкада студэнтаў», — напісаў у фэйсбуку Еўмянькоў.
Усе трое — гэта беларускамоўныя выкладчыкі. Агееў кажа, што пэўныя прапановы аб працы ўжо маюцца. «Людзі падзяліліся: хтосьці мне спачувае, а хтосьці, наадварот, віншуе», — кажа ён.
Каментары