Грамадства

Беларуская эмігрантка ў Амерыцы стала інстаграм-блогеркай — расказвае пра падзеі ў Мінску і збірае сотні тысяч праглядаў

Эмацыйнае відэа гэтай дзяўчыны ў інстаграме на англійскай мове пра сітуацыю з Раманам Пратасевічам за тыдзень набрала каля мільёна праглядаў. Агулам яе англамоўныя інстаграмныя запісы пра падзеі ў Беларусі збіраюць дзясяткі і сотні тысяч праглядаў. Мы пагутарылі з Машай Забарай, беларускай эмігранткай з прыгарада Нью-Ёрка — пра тое, навошта яна расказвае пра Беларусь і хто яе аўдыторыя.

Здымак з архіву гераіні

Машы 23 гады, яна нарадзілася і вырасла ў Мінску, у 16 гадоў атрымала стыпендыю на навучанне ў класе віяланчэлі ў Мінесоцкай старэйшай школе па спецыяльнай праграме пры кансерваторыі. Пасля заканчэння школы працягнула адукацыю ў Нью-Ёрскім універсітэце на падвойнай спецыяльнасці: кінематограф і музыка, але праз два гады кінула навучанне, маўляў, атрыманай у Амерыцы адукацыі ёй было дастаткова, а працягваць займацца музыкай Маша больш не хацела.

Цяпер дзяўчына працуе ў праекце Thrift to Fight — ініцыятыва збірае сэканд-хэнд адзенне, прадае і атрыманыя грошы размяркоўвае ў дробныя кам’юніці, якія займаюцца пытаннямі расавай справядлівасці, ЛГБТ-праблемамі, падтрымкай людзей з інваліднасцю.

Маша кажа, што стала цікавіцца беларускай палітыкай яшчэ ў дзяцінстве:

«Мой бацька — беларуска-ўкраінскі рэжысёр і акцёр Ігар Забара. Мая мама-віяланчэлістка была ў мінскай рок-тусоўцы, дзе выкарыстоўвалі тарашкевіцу і заўсёды прытрымліваліся апазіцыйных поглядаў. Цяпер 90% з гэтых людзей — у чорных спісах. Я з самага дзяцінства ведала, што такое бел-чырвона-белы сцяг, мой бацька вадзіў мяне на мітынгі. Была нейкая сустрэча з адным з кандыдатаў у прэзідэнты, не памятаю, які гэта быў год, але памятаю, як ён узяў мяне на рукі. А потым я ўжо сама стала гэтым цікавіцца, пачала хадзіць на мітынгі, часам нават больш небяспечныя. Аднойчы, калі мне было 12 гадоў, мы загарнуліся з маім сябрам у бел-чырвона-белы сцяг і пабеглі на мітынг. Мой бацька практычна выцягнуў мяне адтуль за шкірку і сказаў: «Ідзі дадому, каб маці не ўбачыла па тэлевізары». Колькі сябе памятаю, заўсёды была ў апазіцыі.

Сувязь с Радзімай я падтрымлівала і падтрымліваю заўсёды — у Мінску ў мяне засталося шмат сяброў. Раней я даволі часта, раз у некалькі месяцаў, прыязджала дадому, аднак апошні раз была там 3,5 года таму — з-за візавых праблем пакуль што не магу выехаць з ЗША».

Першыя відэа наконт сітуацыі ў Беларусі Маша пачала запісваць паралельна з пачаткам жнівеньскіх падзей у краіне:

«У мяне шмат сяброў, якія не ведаюць, што адбываецца ў Беларусі. Толькі дзякуючы мне яны ведаюць хаця б, што існуе такая краіна Беларусь. Калі адбываліся падзеі ў жніўні і мае родныя і сябры знаходзіліся на Акрэсціна, мае амерыканскія знаёмыя намагаліся мяне падтрымаць, але яны не разумелі, што адбываецца. Я вырашыла: усе кліпы, якія датычацца жніўня і якія дапамагаюць людзям разабрацца ў беларускай сітуацыі, трэба змясціць ў адно відэа і перакласці яго на англійскую мову. Цяпер, калі мне задаюць пытанні, я проста дасылаю ім відэа з субцітрамі на англійскай — вось, глядзіце, што адбываецца ў маёй краіне.

Да таго, як усё гэта пачалося, на мяне былі падпісаныя каля паўтары тысячы чалавек, і большасць з іх былі амерыканцы. Цяпер, я думаю, усё падзялілася пароўну: траціна з СНД, іншая траціна — з ЗША, астатнія — з іншых краін, якія не размаўляюць па-руску: мне шмат пісалі з Італіі, Літвы».

Відэа, прысвечанае затрыманню Рамана Пратасевіча, атрымала такую вялікую колькасць праглядаў дзякуючы перапостам беларускай аўдыторыі, але Маша таксама адзначыла і зусім нечаканую падтрымку:

«Рэпост відэа таксама зрабіла Мерхан, вядомая актывістка з Палесціны. У яе каля паўмільёна падпісчыкаў, магчыма, шмат людзей прыйшло і ад яе.

Я атрымала шмат пазітыўных водгукаў, шмат падтрымкі. Негатыўных каментарыяў было зусім няшмат, хіба што некалькі разоў — напэўна, аўдыторыя «ябацек» не зусім разумее англійскую мову, таму яны могуць толькі здагадвацца, пра што ідзе гаворка. Хіба што звярнулі ўвагу на мае няголеныя ногі ў адным з пастоў».

Але тут узнікае пытанне: што можа змяніць абазнанасць заходняй аўдыторыі аб сітуацыі ў Беларусі, якая практычная карысць ад гэтага? З гістарычнага досведу Еўропа і ЗША дастаткова інертна рэагуюць на палітычная падзеі ў краінах постсавецкай прасторы:

«Гэта ўжо нешта змяняе. Большасць беларускай апазіцыі знаходзіцца за мяжой, у іншым разе іх бы наўпрост забілі альбо пасадзілі ў турму. Таму я мяркую, што колькасць апазіцыі не толькі ў інтэрнэце, але і фізічна за мяжой пабольшала. І ў іх ёсць сур’ёзная палітычная сіла, як у Ціханоўскай ці Латушкі, яны часта сустракаюцца з замежнымі палітыкамі, намагаюцца нешта рабіць.

Я лічу, што абазнанасць пра Беларусь у комплексе з санкцыямі і іншымі палітычнымі рашэннямі дапамагае беларусам знайсці ў сабе смеласць. Сябры з Мінска штораз кажуць: любое відэа, любое прызнанне таго, што ў Беларусі адбываецца пекла, — гэта вельмі моцная падтрымка, якая адчуваецца ў паўсядзённым жыцці. Калі ты ведаеш, што за табою стаіць увесь свет, сіл дадаецца больш.

Пры гэтым я не планавала і не планую даваць нейкія парады беларусам, асабліва наконт таго, ці выходзіць людзям на вуліцу альбо не: непрымальна, каб людзі з іншых краін давалі парады, як беларусам трэба дзейнічаць.

Па сутнасці я займаюся перакладам навін, але я не супрацоўнічаю прафесійна з ніводным амерыканскім ці замежным СМІ. Я займаюся гэтым толькі для сваіх сяброў у інстаграме. Са мной яшчэ ніхто не звязваўся, акрамя Voices of Belarus, цяпер я буду рабіць пераклады для іх — гэта адзіны англамоўны беларускі акаўнт у інстаграме, які вядзе апазіцыя». 

Маша Забара на мітынгу ў падтрымку Беларусі ў Філадэльфіі. Здымак з архіву гераіні

Маша не намагаецца падбіраць словы, рэзка выказваючыся пра беларускія ўлады. Як яна сама тлумачыць, у ЗША гэта зусім прымальна і не выклікае аніякага здзіўлення. 

Акрамя таго, Маша намагаецца акцэнтаваць увагу на ўплыве Расіі не толькі на цяперашняе становішча ў Беларусі, але і на ментальную залежнасць беларусаў ад усходніх суседзяў:

«Я называю гэта стакгольмскім сіндромам. І мяне гэта ўражвае з кожным днём. Чаму я на гэта звяртаю ўвагу? Па-першае, мой тата — украінец, і я была вельмі ўражаная ўкраінскай сітуацыяй у 2014 годзе. Я тады ўбачыла, што гэта такое — імперыялістычная Расія, і мяне гэта жахнула. 

А ў самой Беларусі на працягу цэлага стагоддзя адбываўся культурны генацыд, калі забівалі ўсіх тых людзей, якія неслі ў сабе беларускую культуру, беларускія традыцыі, мову, і народ быў русіфікаваны да такой ступені, што беларуская мова дагэтуль асацыюецца з апазіцыяй! Я вельмі выразна памятаю момант у дзяцінстве, калі мне было 5 гадоў і мы гулялі з маёй сяброўкай у пясочніцы, яна мне тады казала: «Я сябе лічу расіянкай, лепей бы мы былі ў Расіі». Зніадкуль сказала. Фактар каланізацыі ў нас мала хто вывучае».

«Я хачу ўбачыць больш беларусаў, якія ганарацца сваёй мовай, якія з цікаўнасцю вывучаюць сваю гісторыю і культуру. Я хацела б убачыць людзей, якія з гонарам распавядаюць людзям у іншых краінах, што яны беларусы, не расейцы. Мне хацелася б бачыць у нашай краіне людзей, якія ідуць па праспекце Незалежнасці, глядзяць на будынкі і прыдумляюць цікавыя, іншыя планы горада, прыдумваюць праекты па ягоным развіцці. Хацелася б убачыць краіну, якая развіваецца, і беларусаў, якія ведаюць, што калі захочуць прапанаваць нешта новае, іх не будуць прыціскаць, — працягвае блогерка. —

Дарэчы, пра беларускую дыяспару было мала чуваць у ЗША да мінулага года, але летась яна вельмі моцна мабілізаваліся: тым, каму патрэбная дапамога, вельмі хутка знаходзілі жытло, машыны, дапамагалі грашыма, збіралі на медыцыну. Дыяспара ў нас, можа, і невялікая, але вельмі спагадлівая».

Маша на фота злева. Здымак з архіву гераіні

На пытанне, што з амерыканскага ладу жыцця Маша хацела б ўбачыць у Беларусі, яна адказвае:

«Мне хацелася б, каб людзі ў Беларусі навучыліся разумець, што ў іншых людзей можа быць іншае жыццё. Тут у мяне ёсць суседзі, і я не буду да іх лезці ў двор з пытаннем, чаму яны свайму сабаку чапляюць такі ашыйнік, а не іншы. Гэта значыць, што ёсць паважлівая дыстанцыя паміж людзьмі.

І пры гэтым яны пасміхаюцца адно аднаму на вуліцы — класічная тэма пра амерыканцаў. Агулам ёсць нейкая добразычлівасць, без умяшанне ў справы іншага». 

Каментары

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць8

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка панаракаў, што Арменіі няма на саміце АДКБ

У Гомельскай вобласці прайшоў «свінацыд», у некаторых раёнах выжыла толькі кожная 20-я свіння2

Пуцін прыгразіў ударыць «Арэшнікам» па «цэнтры прыняцця рашэнняў» у Кіеве4

«Задрыжаць і атарапеюць». МЗС Расіі абяцае кары ЗША з-за дазволу Украіне выкарыстоўваць ATACMS для ўдараў па Расіі12

Патрыярх Кірыл заклікаў не баяцца ядзернай зброі, таму што хрысціян не страшыць канец свету29

На таргі выставілі чыгунку пад Мінскам

Салістка «Начных снайпераў» звалілася з балкона падчас выступу ў Санкт-Пецярбургу

Конь і «Джылі» на подыуме: у Мінску прайшло моднае шоу, дзе гасцей прасілі адзецца па дрэс-кодзе13

Украінскі сцяг замест расійскага з'явіўся ўчора на вялізарным экране ў Астане ў часе візіту Пуціна

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць8

Вось сакрэтная статыстыка экспарту калію. Санкцыі дзейнічаюць

Галоўнае
Усе навіны →