14 падсудных, 109 пацярпелых міліцыянтаў. Пачаўся суд па «масавых беспарадках» пасля выбараў у Пінску
У судзе Маскоўскага раёна Брэста 23 сакавіка пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць 14 пінскіх палітвязняў. Іх усіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках у ноч на 10 жніўня ў Пінску (ч. 2 арт. 293). На лаве падсудных — пінчукі ад 19 да 44 гадоў: муж і жонка, два сябры, актывіст руху «За свабоду», таксіст, у якога дагэтуль траўмы пасля збіцця сілавікамі. Пацярпелымі па справе выступаюць 109 супрацоўнікаў міліцыі, большасці якіх прычыненыя шкоды, якія не пацягнулі за сабой кароткачасовага расстройства здароўя. Да некаторых пацярпелых, па матэрыялах справы, «спрабавалі ўжыць гвалт». Пракуратура выставіла пазоў на суму 24 тысячы рублёў — у столькі ацанілі шкоду ад дзеянняў пратэстоўцаў у Пінску. На судовы працэс пусцілі толькі сваякоў абвінавачаных і дзяржаўную прэсу — незалежныя журналісты і назіральнікі не змаглі патрапіць у залу, паведамляе spring96.org.
Увечары 9 жніўня пінчукі пачалі збірацца каля сваіх выбарчых участкаў, каб даведацца пра вынікі выбараў па сваіх раёнах. Аднак там іх пачалі адпраўляць да гарвыканкама, бо ўсе звесткі нібыта ўжо там. Калі ўвечары каля гарвыканкама сабралася каля тысячы чалавек, да іх з мегафонам выйшаў начальнік Пінскага ГАУС Дзмітрый Каравякоўскі і чыноўнік.
Было прапанавана вылучыць ад людзей пяць дэлегатаў, якія змогуць пагутарыць з кіраўніцтвам горада. Па словах пінчукоў, людзі проста хацелі даведацца вынікі выбараў. Калі пяць чалавек увайшлі ў будынак гарвыканкама, начальнік міліцыі сказаў усім чакаць. Каля будынка гарвыканкама яны прачакалі каля дзвюх гадзін, але сваіх пяці дэлегатаў у той вечар яны так і не дачакаліся.
За гэтыя дзве гадзіны ў горад прыбыло падмацаванне сілавікоў. Людзей сталі акружаць. Апынуўшыся ў такой сітуацыі, людзі пачалі прарывацца з «кальца». Па словах мясцовых, далей пачаліся сутыкненні з АМАПам: сілавікоў пачалі адціскаць. Пачаліся масавыя жорсткія затрыманні. Затрыманых збівалі на працягу некалькіх дзён.
На лаве падсудных: 36-гадовы маналітчык Раман Багнавец, 20-гадовы фанат ФК «Хваля» Данііл Богнат, 31-гадовы Рыгор Гунько, 28-гадовы работнік «Пінскдрэва» Сяргей Ляжэнка, 43-гадовы дальнабойшчык Станіслаў Міхайлаў, 44-гадовая санітарка Алена Маўшук, 20-гадовы Дэвід Масціцкі, 35-гадовы таксіст Вячаслаў Рагашчук, 19-гадовы фанат ФК «Хваля» Алег Рубец, 37-гадовы актывіст руху «За свабоду» Ігар Салавей, 35-гадовы Аляксандр Цярэшка, 32-гадовы Артур Халімончык, 20-гадовы Вячаслаў Шэлямет.
Усе, акрамя Сяргея Маўшука, знаходзяцца ў брэсцкім СІЗА-7. Сяргею абраная мера стрымання ў выглядзе хатняга арышту, а яго жонка ўжо больш васьмі месяцаў утрымліваецца пад вартай.
Паводле версіі абвінавачвання, 14 абвінавачаных, «прыняўшы 9 жніўня 2020 года ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве каля будынка Пінскага райвыканкама, груба парушылі грамадскі парадак».
«У яго развіццё ўчынілі пагромы, нанеслі супрацоўнікам міліцыі ўдары рукамі, нагамі і рознымі прадметамі — дошкамі, палкамі, вулічнымі скрынямі, фрагментамі тратуарнай пліткі і бетонных парапетных пліт, бутэлькамі, камянямі, металічнымі вырабамі і арматурай. Пасля чаго наўмысна знішчылі і пашкодзілі транспартныя сродкі і іншую маёмасць, якія належалі АУС, фізічным і юрыдычным асобам».
З усіх пацярпелых тром прычыненыя пашкоджанні, якія пацягнулі доўгі разлад здароўя на тэрмін да 4 месяцаў: Вячаславу Шэлесту (закрыты пералом ступні), Аляксандру Барычэўскаму (надрыў звязкі калена), Сяргею Сімончыку (пералом кісці рукі). У матэрыялах справы пералічваецца каля 35 супрацоўнікаў АУС, якія выступаюць у якасці пацярпелых, з фармулёўкай «да іх спрабавалі ўжыць гвалт і прычыніць цялесныя пашкоджанні ў выглядзе збіцця». 54 супрацоўнікам АУС прычыненыя пабоі без удакладнення пашкоджанняў.
Шкода ад дзеянняў пратэстоўцаў пракуратура ацаніла ў 24 тысячы рублёў. Да абвінавачаных заяўлены пазоў аб спагнанні шкоды ў салідарным парадку. У матэрыялах справы пералічаныя прадметы, якім нанесены ўрон дзеяннямі пратэстоўцаў: 11 металічных супрацьударных шчытоў (адзін — 145 руб. 33 кап.), 18 шлемаў «Джэта» з забралам (адзін — 140 руб.), 4 кулеахоўныя шлемы без забрала (адзін — 540 рублёў), 5 бронекамізэлек (адна — 595 руб. 50 кап.), гумовых 10 палак (адна — 2 руб. 66 кап.), 17 газавых балончыкаў «Стандарт пякучы перац» (адзін — 6 руб. 78 кап.), 13 скрынь (адна — 34 руб. 20 кап.), 30 раслін «Петунія» (адна — 72 кап.), 7 лавак, тэлефон супрацоўніка Samsung Galaxy S7, шыльда «Пінскі раённы выканаўчы камітэт» (на дзвюх дзярж. мовах) (140 рублёў) і іншыя.
Каментары