Грамадства

«Перад прысудам намаляваў мне вялікае сэрца». Асуджаны на 4 гады калоніі праграміст збіраецца ажаніцца за кратамі

«Радыё Свабода» расказвае гісторыю 24-гадовага праграміста Рамана Канановіча, асуджанага на 4 гады турмы, які зьбіраецца ажаніцца са сваёй каханай Валерыяй за кратамі.

Раман Канановіч у судзе, 10 лютага 2021. Фота: spring96.org

Інжынэра-праграміста Рамана Канановіча абвінавацілі ва ўзьвядзеньні барыкадаў у ноч з 10 на 11 жніўня каля мэтро «Пушкінская», калі загінуў Аляксандар Тарайкоўскі. Прысуд — 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму.

З доказаў была толькі адна фатаграфія

Паводле абвінавачаньня па частцы 2 артыкула 293, якое агучыў пракурор Аляксандар Рамановіч, Раман Канановіч «прыняў удзел у загадзя сплянаваных масавых беспарадках у Менску, што выразіліся ў непасрэдным зьдзяйсьненьні пагромаў, супраціве прадстаўнікам улады». Нібыта ён выняў «зь іншымі нявызначанымі асобамі ня менш за 4 мэталічныя пруты з агароджы» і перамясьціў іх да барыкадаў.

Дзеяньні Рамана і іншых нявызначаных асобаў, паводле абвінавачаньня, пацягнулі за сабой парушэньне руху пяці аўтобусаў і тралейбусаў, а таксама парушылі спакой і права добрапрыстойных грамадзян на свабоднае перасоўваньне. Аднак ніякіх матэрыяльных патрабаваньняў «Менсктранс» ня выставіў.

Асноўны доказ — адзіны фатаздымак, дзе Раман знаходзіцца ў групе зь іншымі людзьмі каля турнікету.

Віны Раман, якога праваабаронцы палічылі палітвязьнем, не прызнаў, патлумачыўшы, што спрабаваў адсунуць агароджу, каб прайсьці па ходніку. У апошнім слове малады чалавек сказаў, што агароджу не разьбіраў, не ламаў і на дарогу не выносіў.

«Фатаграфія зафіксавала толькі адзін момант. На жаль, няма іншых фота ці відэа, якія б адлюстравалі, што празь некалькі сэкундаў мяне там ужо не было. Таксама спадзяюся, што для суду відавочна, што ў мяне не было ніякай зброі. Усё гэта пацьвярджае, што я ня ўдзельнічаў ні ў пагромах, ні ў супраціве прадстаўнікам уладаў».

Суд доўжыўся ўсяго тры гадзіны. Судзьдзя Ленінскага суду Тацяна Шоцік вынесла прысуд: 4 гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

«На падставе матэрыялаў з тэлефона можна меркаваць, што Канановіч мае рэвалюцыйныя і нават экстрэмісцкія погляды»

Сяброўка Рамана Валерыя дзеліцца сваімі ўражаньнямі пра суд. Яна сьцьвярджае, што з доказаў у абвінавачваньня была толькі адна фатаграфія.

«На фота некалькі чалавек, на пярэднім пляне Раман. Адной рукой ён дакранаецца да турнікету, а другой рукой ён наагул корпаецца ў тэлефоне. Яшчэ да справы былі далучаныя відэаматэрыялы, дзе Рамана наагул няма, а пракурор на іх пабудаваў абвінавачаньні.

Яшчэ быў адзін цікавы момант: на першым паседжаньні судзьдзя агучыла, што матэрыялы, якія «дасталі» з тэлефона Рамана, не адносяцца да матэрыялаў крымінальнай справы.

А дзяржабвінаваўца сьцьвярджае, што «на падставе матэрыялаў з тэлефона можна меркаваць, што Канановіч мае рэвалюцыйныя і нават экстрэмісцкія погляды». Там знайшлі, да прыкладу, фатаграфію Віктара Бабарыкі — калі праглядаеш у тэлефоне навіны, некаторыя захоўваюцца. І вось на падставе відэазапісаў, дзе Рамана няма, і на падставе матэрыялаў з тэлефона дзяржабвінаваўца папрасіў 4 гады зьняволеньня!

У артыкуле, які інкрымінуецца Раману, узгадваецца збройны супраціў, наяўнасьць халоднай зброі, удзел у масавых беспарадках, прычыненьне матэрыяльнай шкоды. Шкоды не было, зброя не даказаная, супраціву не было», — пералічвае Валерыя.

«Мы нават ня ведалі, за што яго забіраюць»

Затрымалі Рамана Канановіча 16 кастрычніка. Гэта была пятніца, наперадзе два выходныя. Пратрымалі тры дні на Акрэсьціна, потым перавялі ў СІЗА № 1 — на «Валадарку», — расказвае маці Рамана Юлія.

«Мы нават ня ведалі, за што яго забіраюць. Я запыталася ў хлопцаў, якія прыехалі яго забіраць: «За што?». Яны мне толкам не адказалі, у іх было некалькі блытаных вэрсій. Пазьней сьледчы прад’явіў мне фатаздымак, і я хоць даведалася, у чым вінавацяць маё дзіця.

У нашай сям’і, акрамя Рамана, яшчэ двое сыноў. Раман пару гадоў таму сказаў мне: «Мама, я ўжо вырас. Пакуль я жыву з табой, я ня стану самастойным». І сышоў жыць на найманую кватэру. Мне нават не было што сказаць. А адсочваць, дзе ён, куды ходзіць — я лічыла, што гэта ўжо некарэктна. Так што я нічога ня ведала. Безумоўна, мы ператэлефаноўвалі адзін аднаму, калі ў горадзе стала неспакойна, званілі часьцей. Аднак пра тыя падзеі ён не расказваў», — кажа маці Рамана.

Яна ўзгадвае, што сын заўсёды добра вучыўся, скончыў менскую гімназію № 27 з інфармацыйна-эканамічным ухілам. Паступіў вучыцца на факультэт радыёфізыкі і інфарматыкі Белдзяржунівэрсытэту.

«Гэта, бадай, самы цяжкі факультэт, а Рома паступіў на бюджэт. Паводле дыплёму ён інжынэр-радыёфізык. На першым курсе захапіўся праграмаваньнем. Дзеці хутка захапляюцца чымсьці новым і хутка «астываюць», а тут было сур’ёзнае захапленьне, якое стала любімай працай.

Спачатку займаўся на курсах у ЕРАМ, але шмат чаго засвоіў самастойна. І цяпер працуе інжынэрам-праграмістам у сур’ёзнай кампаніі», — расказала спадарыня Юлія.

Маці кажа, што Рома вельмі пазытыўны, вясёлы, зь неверагодным пачуцьцём гумару.

«Ён вельмі прышпільны. Неяк я сустракалася са школьнымі сяброўкамі, мы рэдка бачымся, а дзеці вельмі хутка растуць. Папрасілі паказаць фатаздымкі дзетак. А я разумею, што ў мяне няма фота Рамана. Пішу: «тэрмінова зрабі сэлфі». Ён дасылае праз пару хвілін фота: ляжыць у ваньне, а на вачах пячэнькі», — узгадвае маці.

«Малодшы сын пасьля прысуду доўга плакаў»

У сям’і Канановічаў яшчэ двое дзяцей: сярэдняму сыну 15, малодшаму 12 гадоў.

«Мы ня ўцягваем дзяцей у палітыку, але ж яны самі ўсё разумеюць, бачаць — яны ж не сьляпыя. Мы жывем у Каменнай Горцы. Дзеці бачылі, што побач выбухалі гранаты, ім жа вочы не закрыеш! Браты вельмі перажывалі за Рамана, мяне падтрымлівалі, спадзяваліся на лепшае. Малодшы сын пасьля прысуду доўга плакаў», — гаворачы гэта, спадарыня Юлія таксама плача.

У яе была апошняя надзея, што, можа, у судзе справу перакваліфікуюць, аднак гэтага ня здарылася. 11 лютага Юліі дазволілі спатканьне з сынам.

«Ён ня скардзіцца, можа, мяне шкадуе. «Мама, усё нармальна, я ня мерзну, адчуваю сябе добра», — кажа. Трымаецца адэкватна. Я за яго хвалююся, ён за мяне. Верым у лепшае. У адным лісьце напісаў: «Я сам не чакаў, што вытрымаю і стану мацнейшым».

Маці Рамана верыць, што сям’я дасьць рады такому выпрабаваньню.

«Калі трапляеш у такія ўмовы, у чалавека выяўляюцца яго моцныя рысы, — кажа яна. — Дзяўчына ў Рамана цудоўная, мы вельмі пасябравалі. Зараз яны рыхтуюцца ўступіць у шлюб. Я вельмі ўдзячная Валерыі — гэты пякельны выпадак дапамог выявіць сапраўдныя пачуцьці, У такой сытуацыі яна вельмі падтрымлівае Рому. Так што хутка ў мяне будзе яшчэ і дачка».

«У нас дна няма, у нас дрыгва»

Маці вельмі занепакоеная, што за такі працяглы тэрмін зьняволеньня Раман страціць кваліфікацыю

«У яго такі сьветлы розум, і вельмі крыўдна, што 4 гады гэтыя сьветлыя мазгі будуць атрафавацца. 4 гады для праграміста — гэта дыскваліфікацыя. Ён дасягнуў напружанай працай вельмі высокага ўзроўню, а давядзецца зноў пачынаць усё адпачатку. За кратамі ён шмат чытае, просіць даслаць падручнікі па якой-небудзь новай замежнай мове, каб напружваць мозг.

Я ўважліва сачу за судовымі працэсамі, колькі праграмістаў ужо пасадзілі — турмы павінны быць гумовыя! Я не ўяўляю, хто будзе працаваць? Частка найлепшых у турме, частка зьехала з краіны. Нездарма кажуць, што Беларусь — краіна балот. У нас дна няма, у нас дрыгва. Мы падаем, падаем, падаем. Я ня ведаю, калі мы апынёмся на зямлі», — уздыхае маці Рамана Канановіча.

«Гэта поўны крах беларускай судовай сыстэмы»

У Рамана шмат сяброў, яны падтрымліваюць сям’ю. Вячаслаў сябруе з Раманам больш за 10 гадоў, цяпер жыве і працуе ў Санкт-Пецярбургу. Кажа, што Раман — чалавек прагрэсіўных поглядаў, вельмі адкрыты, з цудоўным пачуцьцём гумару.

«Тэрмін, які далі Раману, — гэта жах! Не заслугоўвае ён такога прысуду, гэта страшна несправядліва. Гэта поўны крах беларускай судовай сыстэмы. Магчыма, яе ў нармальным выглядзе ніколі і не існавала, але тое, што зараз робіцца, на колькі саджаюць палітзьняволеных, — проста абсурд, ганьба», — кажа Вячаслаў.

Сябра верыць, што Раман здолее вельмі хутка вярнуцца да прафэсіі, бо «вельмі таленавіты».

«Я спадзяюся, што ён вытрымае, не азлобіцца за кратамі. Мы зараз перапісваемся зь ім, лісты бадзёрыя», — кажа Вячаслаў.

Яшчэ адзін сябар Арцём кажа, што дзякуючы Раману ён таксама стаў праграмістам.

«Калі я атрымліваў яшчэ сярэднюю спэцыяльную адукацыю, у мяне былі лябараторныя работы па адной з моваў праграмаваньня. І былі праблемы, — расказвае Арцём. — І цягам паўгода я прыходзіў да яго, і мы разам рашалі гэтыя лябараторныя работы. Яшчэ ён мне параіў добрыя курсы па праграмаваньні ў кампаніі, дзе ён працаваў — ён вельмі зразумела, проста, даступна ўмее тлумачыць Так што дзякуючы менавіта Раману я таксама стаў праграмістам».

«Мы верым, што гэтае пекла хутка скончыцца. Каханьне і сьвятло значна мацнейшыя»

Валерыя і Раман пазнаёміліся паўтара года таму. Драматычныя падзеі, вымушанае расстаньне спачатку на 4 месяцы, а цяпер, магчыма, і на 4 гады толькі ўзмацнілі іх пачуцьці, і яны вырашылі пажаніцца. Шлюб заключаць за кратамі.

Валерыя кажа, што яе каханы вельмі добры па характары, яны разам дапамагаюць прытулкам для сабак і бадзяжным жывёлам. Сваіх хатніх гадаванцаў завесьці пакуль не пасьпелі.

«У нашых плянах — два сабакі. Як мінімум адзін зь іх будзе абавязкова «выратаванцам». Рома хоча даць яму сьмешнае імя і ўсім расказваць, што гэта я так па-дурному назвала сабаку! Так што я рассакрэціла ўсім яго падступны плян, — расказвае Валерыя пра Рамана. — Рома вясёлы вельмі. Зь ім заўсёды можна проста дурэць цэлы вечар і адпачываць пасьля сур’ёзнай працы. Калісьці я нават крыху зьдзіўлялася яго здольнасьці жартаваць з усімі, хто трапляўся на нашым шляху: з прадавачкай у краме, з трэнэрам у спартзалі, з курʼерам. Веру, што і цяпер ён ня страціў пачуцьця гумару».

Аднак галоўныя якасьці яе каханага — гэта клопат і ўважлівасьць. Ён пастаянна клапоціцца пра блізкіх людзей, кажа дзяўчына.

«Калі я зь ім, я адгароджана ад усялякіх праблем яго моцным мужчынскім плячом. Нават цяпер ён стараецца мне пісаць пазытыўныя лісты і радаваць мяне рознымі сюрпрызамі, якія ён можа зладзіць, нават знаходзячыся ў СІЗА.

За 4 месяцы мы напісалі ўжо больш за 150 лістоў адзін аднаму. Пішам кожны дзень. Падчас першага паседжаньня суду ён мне маляваў кветкі і паказваў іх праз краты. А перад прысудам у клетцы Раман намаляваў вялізнае сэрца. Разгарнуў яго мне адразу ж пасьля абвяшчэньня прысуду».

Валерыя расказвае, што ад моманту затрыманьня Рамана ў іх адбылася «паскораная інтэграцыя ў семʼі адзін аднаго».

«Так пісалі ў адной газэце, якая яму прыходзіць у СІЗА, і нам гэтая фармулёўка вельмі спадабалася! — кажа дзяўчына. — На жаль, пакуль Рома не знаёмы асабіста з маёй сямʼёй, але яны вядуць актыўную перапіску. У мяне дома Рому чакаюць яго любімыя мамчыны блінцы зь вяндлінай і сырам. Ён зь імі пазнаёміўся раней, чым з маёй мамай».

Усе блізкія Рамана вераць, што ў ягоным лёсе будуць перамены да лепшага.

«Мы верым, што ў нас наперадзе вельмі шмат добрага і гэтае пекла хутка скончыцца. Каханьне і сьвятло значна мацнейшыя», — кажа Валерыя.

Каментары

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне1

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне

Усе навіны →
Усе навіны

Кубракоў даводзіў, што міліцыянт Згірскі не датычны да банды налётчыкаў. Цяпер таго судзяць — пагражае да 20 гадоў5

«Новая эра супрацоўніцтва». У Ісламабадзе да візіту Лукашэнкі з'явіліся білборды на беларускай мове ФОТАФАКТ3

Эксперыментальная разметка з'явілася на дарогах Гомельскай вобласці1

МУС Германіі: Няма прыкмет таго, што крушэнне самалёта DHL у Вільні звязана з самаўзгараннем пасылак

38 шахедаў зайшлі ў Беларусь за суткі — гэта абсалютны рэкорд1

Украінцы ўдарылі ракетамі ATACMS па C-400 у Курскай вобласці — загінулі пяць расійскіх афіцэраў7

Дзе знаходзіцца дом, які прадалі даражэй за ўсё ў кастрычніку1

Прагноз Шрайбмана: пасля выбараў рэпрэсіі зменшацца23

«А сэнс арандаваць кватэру?» Гісторыя беларускай пары, якая жыве ў аўтадоме і падарожнічае па Еўропе3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне1

Брат удавы Зельцара: Кадэбісты ішлі ў кватэру па мяне

Галоўнае
Усе навіны →