«Хацелі, каб здала іншых». Адна з найлепшых студэнтак ВДМУ — пра свае 17 сутак, адлічэнне і тое, чаму маладым нельга быць «па-за палітыкай»
Паліна Нітчанка — студэнтка-другакурсніца віцебскага «меда». Хутчэй за ўсё, былая: 1 лютага, калі Паліна выйшла на волю пасля 17 сутак арышту, яна ад маці даведалася, што яе адлічылі з ВНУ. Дзяўчына ўпэўненая, што з палітычных матываў, бо нават самым дрэнным студэнтам у іх заўсёды даюць шанец. Паліна ж была выдатніцай. Але адначасова з гэтым стала вельмі праблемнай і нязручнай для адміністрацыі: пасля выбараў яе паспелі чатыры разы асудзіць па сумна вядомым артыкуле 23.34.
У гутарцы з «НН» дзяўчына распавяла, як з абсалютна апалітычнай ператварылася ў актывістку і якімі былі яе 17 сутак.
Паліне — 18. Яна родам з Жодзіна. Яшчэ ў жніўні 2020-га яна абсалютна не цікавілася палітыкай. «Мне было ўсё роўна, хто пераможа на выбарах», — шчыра прызнаецца дзяўчына. «Але калі я ўбачыла бесчалавечнае стаўленне да людзей 9 жніўня і ў наступныя дні… Людзі ў поўнай абмундзіроўцы дазвалялі сабе страляць у зусім безабаронных, у адных шортах і майцы — на якое ліха? Гэта мяне моцна абурыла, таму я выйшла [пратэставаць]. Маці выхавала мяне так, што я не магу проста ўзяць і змірыцца з несправядлівасцю».
Першы раз Паліну асудзілі яшчэ ў верасні: за ўдзел у вулічным шэсці. Пасля гэтага — за акцыю салідарнасці студэнтаў, праведзеную ў Дзень народнага ўльтыматуму 26 кастрычніка. Тады ўсё абышлося штрафамі: агулам на 44 базавыя велічыні.
Але ўжо ў студзені пайшлі арышты: першыя 7 сутак Паліна атрымала за здымкі ў відэазвароце, дзе студэнты з Віцебска выказаліся супраць гвалту. А пасля, не вызваляючы дзяўчыну з ізалятара, ёй далі яшчэ 10 сутак зверху за ўдзел у ланцугу салідарнасці ў падтрымку палітзняволеных студэнтаў.
«Штрафамі я не «выхоўвалася», таму мне, думаю, і вырашылі даваць суткі. Але было і яшчэ адно назіранне. Калі я прыйшла падпісваць ужо другі пратакол за ланцуг салідарнасці, супрацоўнік, які вёў маю справу, вельмі хацеў, каб я здала іншых людзей, што стаялі са мной побач на фота. Я нават памятаю, як ён паабяцаў: «Калі скажаш, што там за дзяўчынкі, не будзеш сядзець», — разважае Паліна.
У камеры з дзяўчынай сядзела яшчэ 6 чалавек (ложкаў было восем). З палітычным артыкулам была толькі сама Паліна і віцебскі блогер Алена Янушкоўская.
«Сярод супрацоўнікаў ізалятара былі тыя, хто шкадаваў нас. Па правілах можна было раз на тыдзень хадзіць у душ, а нас звадзілі два. У халады днём дазвалялі карыстацца коўдрамі. Але знаходзіліся і тыя, хто адразу крычаў, калі ты асмельваўся прылегчы на ложак да адбою».
З галоўных мінусаў дзяўчына называе адсутнасць гарачай вады і холад:
«У вялікія маразы я сядзела каля самай батарэі і нават у трох швэдрах не магла сагрэцца».
Ад турэмнай ежы дзяўчына адразу адмовілася.
«Я ўжо ацаніла мясцовае меню раней, калі апынулася ў ізалятары да суда на трое сутак. Не магла гэта есці. Ну, і навошта тады карміць унітаз, а пасля яшчэ і плаціць за гэта немалыя грошы? Я напісала заяву, што адмаўляюся ад харчавання. Першыя дні ела хлеб, якога на ўсіх давалі вельмі шмат, запівала гарбатай. Пасля сукамерніцы дзяліліся са мной сваімі перадачамі. Ежу ад маіх сваякоў мне перадалі толькі праз 7 сутак: у першай перадачы прынялі выключна адзенне і сродкі гігіены. Сказалі, што харчаванне мне «не паложана».
20 студзеня ў Паліны павінен быў адбыцца экзамен па гісталогіі. Нават у турме яна спрабавала да яго рыхтавацца: хацела атрымаць добры бал, каб не псаваць сярэдні за семестр (за папярэднія дзяўчыне паставілі 9 і 10).
«Сканцэнтравацца было вельмі цяжка, бо амаль уся камера курыла. А яшчэ пастаянна крычала радыё», — прызнаецца дзяўчына.
Паліна накіравала ў ВНУ ліст з просьбай перанесці экзамен у сувязі з яе арыштам, але за пропуск яе ўсё ж вырашылі адлічыць.
«Я, канечне, паеду яшчэ да адміністрацыі, высветлю ўсе абставіны майго адлічэння. Пры магчымасці хачу аднавіцца. У медыцынскі я ішла мэтанакіравана: не проста любіла хімію і біялогію, а хацела дапамагаць людзям. Я знаходжу гэтую прафесію высакароднай. У мяне і маці — доктарка», — кажа дзяўчына.
Запужаць дзяўчыну суткамі дакладна не атрымалася. Яна кажа, што адчувае сябе добра, і чакала ад турмы куды горшага. Але калі ў камеры з табой аказваюцца добрыя людзі, то з імі не прападзеш.
«Цяпер, убачыўшы ўсё, што адбываецца навокал, я ўпэўненая, што студэнты не могуць заставацца па-за палітыкай. Быць па-за палітыкай для мяне — гэта, перш за ўсё, не ведаць свае правы. А калі мы іх не ведаем, гэтым карыстаецца і адміністрацыя ВНУ, і дзяржава».
Калі аднавіцца ў Беларусі не атрымаецца, дзяўчына будзе вымушаная паступаць ва ўніверсітэт за мяжой.
Каментары