Як правакатары закідваюць фэйкі ў незалежныя медыя — канкрэтны прыклад
21 мая Рэдакцыя «Нашай Нівы» атрымала дзіўны дакумент ад чытача. Маўляў, сталічных настаўнікаў завочна запісваюць у ініцыятыўную групу Лукашэнкі. У прынцыпе, у грамадскасці ёсць справядлівы скепсіс да таго, як была сфарміраваная гэта група на 11 тысяч чалавек. Але…
Трохі насцярожвае дзіўнае і неахайнае аздабленне дакумента (хто такая Вікторыя Міхайлаўна?) і спіс настаўнікаў. Надта іх прозвішчы нагадваюць гомельскую медыятусоўку. Арцём Шапор — блогер Арцём Шапораў, Філіп Максімовіч — блогер Максім Філіповіч, Пётр Кузняцоў — так завуць уласніка гомельскага партала «Моцныя навіны».
«Наша Ніва» звязалася з тым самым «неабыякавым чытачом». Ён запэўніў, што выкладае ў мінскай школе #143 у Чыжоўцы. І распавёў, што адбываецца ў школе.
«У нас усе адмовіліся падпісваць, акрамя аднаго настаўніка. Яго завуць Юрый Вектар, ён сам пажылы казах з беларускім дазволам на жыхарства, які ўсяго баіцца, — распавёў сіплым голасам «малады спецыяліст» Віктар. — Дырэктар на нашым баку, але прыязджалі дзве маладыя чыноўніцы з аддзела адукацыі, пагражалі нам звальненнем, калі не падпішам».
«Віктар» нават даў кантакт адной з «настаўніц» — Алісы Селязнёвай.
Жанчына распавяла «Нашай Ніве», што нібыта выкладае рускую мову ў пачатковых класах і што гісторыя Віктара — чыстая праўда.
Прыгожа і патрыятычна!
Але ж хлусня.
Пошук па твары мінчанкі «Алісы» выдаў нейкую гамяльчанку Марыю Семянцову.
Таксама «Наша Ніва» звязалася з вучнямі школы 143 і пасля пагаварыла нават з адным з завучаў. Ніводнага настаўніка з такім прозвішчам у школе няма.
«Наша Ніва» ў выніку адкрыта пацікавілася ў «настаўніка»: навошта закідваць фэйкі?
«Ёсць свае прычыны, — патлумачыў свой учынак суразмоўца. — Няважна, хто я, але вы пісалі хлусню пра мяне і не рэагавалі пасля на мае заўвагі… Так рабіць непрыгожа? Я так не лічу».
«Аліса Селязнёва», яна ж Марыя Семянцова, не захацела пракаментаваць гэтую «акцыю».
Каментары