Намеснік Карпенкі пра ліст настаўнікаў: Усе вучні будуць атэставаныя. Калі за тры чвэрці — то за тры
Шэраг беларускіх настаўнікаў праз «Нашу Ніву» звярнуліся з адкрытым лістом да міністра адукацыі Ігара Карпенкі. Яны абураюцца дэталямі ліста, разасланага яго намеснікам Аляксандрам Кадлубаем.
Чытайце: Настаўнікі звяртаюцца да міністра Карпенкі: Пазбавіць атэстацыі дзяцей, якія навучаюцца дома — непедагагічна і не па-чалавечы
Праз невялікі час пасля публікацыі зварота Кадлубай сам адрэагаваў на зварот настаўнікаў і праментаваў «Нашай Ніве» сітуацыю. На яго думку, або настаўнікі яго не зразумелі, або ён іх.
«У гэтым лісце ідзе спасылка на мяне: маўляў, я даў каментар ці склаў ліст да настаўнікаў пра тое, што не будуць атэстоўваць тых дзяцей, якіх няма за партай.
Але настаўнікі павінны выказаць сваю пазіцыю больш лагічна, каб было ясна, што іх абурае і што мы робім не так?
Дзяцей не пазбавілі магчымасці атэставацца! За год ім ацэнка будзе стаяць, нават калі вучань не быў ні на адным занятку ў чацвёртай чвэрці, пра гэта казалася ўжо не адзін раз», — кажа Кадлубай.
Што тады было ў тым лісце?
«Ліст пісаўся са спасылкай на нарматыўныя акты, якія на сёння складзены такім чынам: калі вучань ёсць у школе, ён можа атрымаць ацэнку, калі няма — не можа.
Але гэта ж не кажа пра тое, што не можа адбывацца адукацыйны працэс.
Калі Ганна Севярынец займаецца са сваімі вучнямі, то хай займаецца. Міністэрства адукацыі не прапісвае, як яна павінна гэта рабіць. Але калі гэта праз месенджары, іншыя праграмы, то як паставіць ацэнку ў школьны журнал?
Калі падчас урока з дзіцём нешта здарыцца, — не дай Божа, пад машыну трапіць, — а ў журнале будзе стаяць ацэнка, а не «энка», — то гэта цягне для школы наступствы згодна з цяперашнімі актамі. Вось пра што гаварылася.
А што можна атэстоўваць нават па выніках адной чвэрці — дык гэта прапісана ў правілах атэстацыі.
[За чацвёртую чвэрць] ставяцца літары Н/А — «неатэставаны». Гадавая ацэнка лічыцца згодна з раздзелам 2, пункта 6 Правілаў атэстацыі — па выніках той колькасці чвэрцяў, за якія школьнік засвоіў матэрыял. Калі тры чвэрці, то тры».
«Адукацыйны працэс працягваецца. Я думаю, пасля майскіх выходных большасць школьнікаў вернецца за парты», — падсумаваў Кадлубай.
Каментары