Шрайбман: Калі правесці справядлівыя выбары, у апазіцыі былі б 40% у парламенце і большасць у Мінгарсавеце
Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман у інтэрв'ю сайту «Интересные люди» паразважаў пра тое, як магла б выглядаць ідэальная Беларусь, калі б у ёй былі свабодныя выбары, і якія палітычныя сілы былі б сярод лідараў.
Шрайбман адзначае, што пры аўтарытарным рэжыме патэнцыйнае поле кандыдатаў зачышчана яшчэ на падыходах.
«Мы не ведаем тых людзей, якія былі б здольныя ў іншай сітуацыі вылучыцца ў палітыку: буйныя бізнэсмены, талковыя блогеры-актывісты, чыноўнікі, банкіры, юрысты», — кажа аглядальнік.
Ён лічыць, што сёння сярод беларускага топавага бізнэсу ёсць людзі, якія маюць каляпалітычныя амбіцыі і ўяўленні аб тым, як павінна развівацца краіна: Віктар Пракапеня, Віктар Бабарыка, магчыма Алег Хусаенаў.
Шрайбман лічыць, што ёсць людзі ва ўладзе, якія ў іншай сістэме пры іншых уводных хутчэй за ўсё паспрабавалі б сябе ў палітыцы. У якасці прыкладу ён прыводзіць Шуневіча.
Таксама больш актыўна праяўлялі б сябе сённяшнія апазіцыянеры.
«Мы прывыклі лічыць, што наша апазіцыя — слабая, палітычна вылегчаная сіла. Нават не сіла — слабасць. Але ў адрозненне ад кандыдатаў улады, апазіцыянеры за гэтыя 25 гадоў хоць неяк займаліся палітычнай дзейнасцю. Калі правесці справядлівыя выбары ў Мінскі гарсавет, упэўнены, што большасць месцаў былі б у апазіцыянераў. Гэтыя людзі маглі б мець у парламенце 40% галасоў. Многія апытанні паказваюць, што за апошнія 5-6 гадоў беларусы сталі больш прарыначнымі, меншымі патэрналістамі, менш хочуць удзелу дзяржавы ў рэгуляванні ўсяго, больш разлічваюць на сябе. Гэта значыць, што вырасла электаральная база», — кажа Шрайбман.
Каментары