Піша Кастусь Шыталь.
На Паазер'і дзяржаўныя прадпрыемствы банкрутуюць адно за адным. У навінах пішуць, што пачаты працэс банкруцтва Пастаўскага прадпрыемства меліярацыйных сетак.
Перад тым у мястэчку Варапаева Пастаўскага раёна збанкрутавалі адразу два прадпрыемствы: дрэваапрацоўчы камбінат і завод жалезабетонных вырабаў. У мястэчку, дзе жыве менш як тры тысячы чалавек, трыста чалавек страцілі працу.
У мястэчку Падсвілле Глыбоцкага раёна, якое па памеры прыкладна такое ж, як Варапаева, збанкрутавалі льнозавод і вінзавод.
У Глыбокім — РайПО і кансервавы завод.
Мусілі б збанкрутаваць і многія прадпрыемствы сельскай гаспадаркі, але дадзены загад не пачынаць працэдуру іх банкруцтва. Там заробкі затрымліваюць па некалькі месяцаў, і большасць гаспадарак не плаціць унёскі ў ФСАН.
У «сытыя» гады многія хвалілі ўладу: маўляў, Лукашэнка не даў закрыць заводы, у людзей ёсць праца. Тады ў стратныя прадпрыемствы ўлівалі грошы, і адначасова стрымлівалі развіццё прыватнай ініцыятывы. Хто бачыў сутнасць працэсаў — разумелі, што рана ці позна ўсё гэта ляснецца.
Калі не стала дзяржаўнай падтрымкі — усё пасыпалася. Рэгіён дэградуе на вачах: меней працоўных месцаў, меншыя заробкі.
Валавы рэгіянальны прадукт на душу насельніцтва ў Віцебскай вобласці больш чым удвая ніжэйшы, чым у Мінску — 7.620 рублёў супраць 16.931. ВРП у вобласці пасля крызісу не падняўся нават да ўзроўню 2015 года.
Моладзь з'язджае, насельніцтва скарачаецца. З маіх аднакласнікаў у рэгіёне засталася менш як палова. Насельніцтва Докшыцкага раёна скарацілася на 30% за дванаццаць гадоў.
Каментары