У суботу прайшла справаздачна-выбарчая канферэнцыя руху «За свабоду». Яе ўдзельнікі пераабралі кіраўніцтва, абралі кандыдата на праймерыз правацэнтрысцкай кааліцыі і зацвердзілі стратэгію развіцця на чатыры гады, паведамляе прэс-служба руху.
Канферэнцыя пераабрала Юрыя Губарэвіча кіраўніком арганізацыі, які ўзначаліў рух два гады таму, змяніўшы на пасадзе Аляксандра Мілінкевіча, што кіраваў арганізацыяй ад 2007 года.
Губарэвіча таксама падтрымалі ў якасці кандыдата, які будзе намінаваны на праймерыз правацэнтрысцкай кааліцыі для абрання адзінага кандыдата на прэзідэнцкія выбары.
Першым намеснікам старшыні руху «За Свабоду» стаў Алесь Міхалевіч, яшчэ двума Віктар Янчурэвіч і Кірыл Стаселька.
Алесь Міхалевіч быў кандыдатам у прэзідэнты на выбарах у 2010 года, быў затрыманы і амаль два месяцы правёў у СІЗА. Пасля вызвалення ў лютым 2011 года ён правёў прэс-канферэнцыю, дзе распавёў пра здзекі. Вымушаны быў эміграваць, у верасні 2015 года вярнуўся ў Беларусь. Міхалевіч застаецца фігурантам справы «аб масавых беспарадках».
Каментары