Апошні месяц лета парадаваў музычнымі навінкамі. У нашым традыцыйным топе знайшлося месца як легендам, так і новым імёнам, якія вартыя вашай увагі.
Kovacs — Cheap Smell
Другі альбом галандскай спявачкі — гэта аповед пра тое, як ператварыць расчараванні і адмовы ў гісторыю міжнароднага поспеху.
Cheap Smell — гэта адзін з самых адкрытых і шчырых soul-альбомаў дзесяцігоддзя. Так кажа афіцыйны прэс-рэліз, і падставаў да недаверу няма.
Oh Sees — Smote Reverser
Каліфарнійскія рокеры стабільна штогод выпускаюць па альбоме. Змяняюцца толькі назвы гурта: Orinoka Crash Suite трансфармавалася ў Oh Sees і радуе сваіх «застабілаў» новай плыткай.
Interpol — Marauder
У спробах захаваць свой фірмовы саўнд важна не загнаць сябе ў кут. Крытыкі чакалі ад шостага альбома амерыканцаў у тым ліку і прыкметаў заняпада гурта, але праца Interpol — адназначна адзін з найлепшых альбомаў года.
Jain — Souldier
Другі альбом адной з найбольш папулярных французскіх спявачак. Песні Джэйн — гэта гісторыі з хэпі-эндам, якія распавядаюцца шыкоўным вакалам у не менш шыкоўным музычным аздабленні.
Blood Orange — Negro Swan
Новая праца Дэва Хайнса, аднаго з найбольш запатрабаваных прадзюсараў, які працаваў з Florence And The Machine, Arctic Monkeys, Blondie. Хіба гэта недастаткова для таго, каб націснуць на плэй і зацаніць сольнік амерыканца?
Alice In Chains — Rainier Fog
Новы альбом некалі культавага гранж-гурта. Трэцяя спроба ў новай гісторыі Alice In Chains вярнуць дзевяностыя з жывымі Кабэйнам ды Стэйлі. Але ці варта сябе ў чарговы раз падманваць?
Ólafur Arnalds — re:member
Чацвёрты альбом ісландскага кампазітара — гэта тое, што ўжо сёння можна назваць сучаснай класічнай музыкай. Аўтар не цураецца электронных прымочак і стварае музыку, пад якую класна марыць.
Drezden — Drezden
Што тут можна сказаць? Сяргей Міхалок працягвае эксперыменты: наступным крокам ад чувачкоў з гантэлямі стала самакапанне пад мелодыі і рытмы сучаснай эстрады. Элементы рэфлексіі праклёўваліся праз усю апошнюю творчасць Ляпісаў і выліліся ў асобны сайд-калектыў культавага беларускага музыкі.
The Kooks — Let's Go Sunshine
Брытанцы з The Kooks у апошні дзень лета выпусцілі свой пяты студыйнік. 15 трэкаў уяўляюць сабой партрэт сучаснага гарадскога брытанскага жыцця.
Eminem — Kamikaze
Без ніякіх анонсаў, сінглаў і прома… Нечакана Эмінем зрабіў рэліз свайго чарговага альбома.
Kamikaze — гэта рэакцыя на крытыку яго папярэдняй працы. Revival аказаўся правальным. Рэакцыя калег і крытыкаў раззлавала Маршала Мэтэрса і справакавала з'яўленне найлепшага альбома рэпера за апошні час.
А што вы слухалі ў жніўні?
Каментары