У зямельны суд нямецкага горада Інгальштата па распараджэнні суддзі была дастаўленая котка, якая пакусала суседку яе гаспадыні. Праўда, паказанняў ёй даваць не давялося. Суддзя хацела толькі асабіста пераканацца ў тым, наколькі жывёла агрэсіўная, паведамляе DW.
У пазоўнай заяве пацярпелай паведамлялася аб тым, што суседская котка накінулася на яе і ўкусіла за правую нагу ў час вячэрняй прагулкі. З-за таго, што рана запалілася, лячэнне зацягнулася. Акрамя таго, на назе застаўся шнар. Пацярпелая запатрабавала праз суд аплату медыцынскіх паслуг і кампенсацыю за прычыненую маральную і фізічную шкоду —агулам амаль 2700 еўра.
Адказчыца ж настойвала на тым, што котка ў яе зусім не злосная, а мілая і пухнатая, не кусаецца, не драпаецца, ды і мухі не пакрыўдзіць, не тое, каб укусіць.
Суддзя зрабіла выключэнне
Нягледзячы на тое, што хатнім жывёлам уваход у будынкі нямецкіх судоў строга забаронены, суддзя Хайке Лінц-Хёне вырашыла, як паведамляе газэта Passauer Neue Presse, зрабіць выключэнне, і дала загад даставіць на чарговае пасяджэнне суда вінаватую ў здарэнні. Зразумела, у спецыяльнай клетцы для транспарціроўкі хатніх жывёл.
Сябар суседкі прывёз у прызначаны тэрмін у зямельны суд Інгальштата меркаваную злачынцу і чакаў у калідоры выкліку ў залу пасяджэнняў. Аднак да судовага допыту коткі ў гэты дзень не дайшло: працэс закончыўся міравым пагадненнем.
Адказчыца пагадзілася на палову патрабаванай сумы пры ўмове, што страхавая кампанія, у якой яе котка застрахаваная на выпадак нанясення ёю шкоды, выплаціць неабходную кампенсацыю па страхавым полісе. На тым бакі і сышліся.
Папугай разбушаваўся
Літаральна ў той жа дзень, калі котку выклікалі ў суд, вінаватым іншага скандалу аказаўся… папугай.
Як паведаміла інфармацыйнае агенцтва dpa, гэты папугай справакаваў выклік паліцыі. Ахоўнікам парадку патэлефанавалі з-за шуму і грукату падаючай мэблі ў суседняй кватэры: там відавочна біліся не на жыццё, а на смерць.
Калі нарад паліцыі прыбыў на месца здарэння, дзверы адчыніў мужчына з акрываўленай ніжняй губой. Як ён патлумачыў, рану яму нанёс папугай, які доўга назіраў за слоўным скандалам паміж дамачадцамі, а потым, відаць, яму гэта надакучыла, і ён вырашыў спыніць палеміку і ўмяшацца ў спрэчку. Мэбля, па словах гаспадара кватэры, падала таксама па віне папугая, які лётаў па кватэры. Гаспадар спрабаваў злавіць яго і вярнуць у клетку, чапляючыся пры гэтым за крэслы і іншую мэблю.
Паліцыя не стала даваць гэтай справе ход, таму хто сапраўды быў вінаватым скандалу — засталося нявысветленым.
Друкуецца ў межах спецыяльнай рубрыкі «Навіны Германіі»
Каментары