Случак: На Агафонава рэагаваць не буду, ёсць больш важныя справы
Слаўгарадскі юрыст Арцём Агафонаў, вядомы сваімі прарасійскімі поглядамі, кінуў выклік знанаму абаронцу беларускай мовы Ігару Случаку.
«Белорусский язык — мёртвый. Говорю специально для тебя. Теперь попробуй меня засудить. Принимаешь вызов? Или только против детей способен геройствовать?», — правакуе Агафонаў.
Трэба сказаць, ён не першы. Раней яшчэ адзін юрыст Леанід Судаленка зрабіў фактычна тое ж самае. Яны абодва лічаць, што прыцягваць да адказнасці падлетка, які назваў беларускую мову мёртвай, — глупства. Маўляў, няхай Случак пазмагаецца ў судах з імі — вось гэта будзе годна.
Праўда, Ігар на правакацыі рэагаваць не збіраецца.
«Гэта ўжо камічная сітуацыя. Няхай яны ўжо адзіным фронтам напішуць нейкую заяву. Мабыць, Агафонаву хочацца падняць хайп у інтэрнэце на маім прозвішчы», — каментуе Ігар Случак.
Актывіст тлумачыць, што цяпер заняты больш важным пытаннем: прасоўвае змены ў Закон «Аб абароне правоў спажыўцоў», каб інфармацыя пра тавары і паслугі даводзілася адначасова на абедзвюх дзяржаўных мовах.
«Больш за 20 дэпутатаў падтрымліваюць, у прыватнасці, Канапацкая і Анісім, многія вытворцы таксама. Нават старшыня Палаты прадстаўнікоў выступае за пашырэнне беларускай мовы, — кажа Ігар Случак. — Я цяпер працую з вытворцамі, дэпутатамі.
Няма сэнсу рэагаваць на кожнага, няхай і медыйнага, але шараговага юрыста, які кідае правакацыйныя заявы, каб падымаць на гэтым хайп. Тым больш, я бяруся ўсё ж за прэцэдэнтныя выпадкі: першы журналіст, першая дзяўчына, першы былы міліцыянт. Юрыст у маёй практыцы ўжо быў, таму займацца Агафонавым бессэнсоўна. Пакуль што няма непаўнагадовага, няхай Агафонаў ці Судаленка знойдуць каго ці папросяць сваіх дзяцей напісаць, тады я за іх вазьмуся».
Ігар дадае, што Агафонаў яшчэ можа атрымаць свой працэс, калі за яго возьмуцца іншыя беларусы.
Каментары