Аль‑Джазіра ў гасьцях у Якубовіча і «Нашай Нівы». Відэарэпартаж
Арабскі тэлеканал выпусьціў сэрыю рэпартажаў пра Беларусь.
Мы звыкліся лічыць, што Аль‑Джазіра — гэта Бін Ладэн з «калашнікавым», талібы ў чалмах ды незразумелая вязь арабскіх літараў. Насамрэч жа, гэта цалкам рэспэктабэльны, лібэральны ды па‑заходняму прафэсійны тэлеканал, які надае, у тым ліку, увагу Беларусі.
![](http://www.nn.by/photos/aljazeera-01.jpg)
Перадача «Listening Post» — гэта 20 хвілінаў эфірнага часу, цягам якіх вядучы ў студыі прэзэнтуе відэаматэрыялы, прысьвечаныя адной тэме, у нашым выпадку — Беларусі. Рэпартэр Аль‑Джазіры Сайман Астроўскі прывёз зь Беларусі ажно два вялікія сюжэты — адзін пра стан беларускіх мэдыяў, а другі — пра тое, як дзяржава сваёй навязьлівай падтрымкай замінае музыкам працаваць.
Параўноўваючы рэпартажы ВВС і Аль‑Джазіры, нельга не ўсьміхнуцца: мы зноў бачым кадры ранішняга Менску, зноў мінімум руху на вуліцах, хіба што ў гэтым выпадку апэратар узьлез не на «Юбілейку», а на гатэль «Беларусь». Здаецца, відэашэраг рэпартажаў наўпрост залежыць ад таго, у якім гатэлі спыняюцца журналісты. «Гэтае месца лічыцца апошняй дыктатурай Эўропы», — чуецца голас журналіста за кадрам пад акампанэмэнт злавеснай музыкі.
![](http://www.nn.by/photos/aljazeera-02_Ostrovsky.jpg)
Сымон Астроўскі мае намер разабрацца, ці сапраўды Лукашэнка спрабуе выправіць адносіны з Захадам — на прыкладзе беларускіх мэдыяў. Пачынаецца ўсё ў Берасьцейскай фартэцыі, дзе ідзе сустрэча Пуціна ды Мядзьведзева. Кадры трапляюцца сапраўды анэкдатычныя. Вось, напрыклад, эпізод, у якім Павал Лёгкі, прэс‑сакратар Лукашэнкі, так старанна апякуецца журналістамі, што сам хапае штатыў ад відэакамэры апэратара Аль‑Джазіры ды подбегам нясе яго да месца прэс‑канфэрэнцыі.
![](http://www.nn.by/photos/aljazeera-03_Legki_sa_shtatyvam.jpg)
Але гэтая ідылія падманлівая. Спроба Саймана задаць незаплянаванае пытаньне Лукашэнку правальваецца. «На беларускіх прэс‑канфэрэнцыях няма калі задаваць пытаньні», — робіць выснову журналіст.
![](http://www.nn.by/photos/aljazeera-04_Ancipenka.jpg)
Пачуўшы пра тое, што ў парлямэнце разглядаецца новы закон аб СМІ, Астроўскі кіруецца ў Менск. Алесь Анціпенка ў офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў тлумачыць гледачам Аль‑Джазіры падводныя камяні новага закону. «Але ў Беларусі нават проста паведамляць пра навіны таксама можа быць небясьпечным», — заўважае рэпарцёр і скіроўваецца ў рэдакцыю «Нашай Нівы», дзе бярэ інтэрвію ў Андрэя Лянкевіча ды Сямёна Печанка, якія былі арыштаваныя ў часе сёлетнягя Дня Волі.
![](http://www.nn.by/photos/aljazeera-05_Video_NN.jpg)
![](http://www.nn.by/photos/aljazeera-06_Liankevich.jpg)
![](http://www.nn.by/photos/aljazeera-07_NN.jpg)
![](http://www.nn.by/photos/aljazeera-08_Pechanko.jpg)
Выслухаўшы адзін бок, Сымон Астроўскі скіроўваецца за лінію мэдыйнага фронту — да Паўла Якубовіча. Раскоша кабінэта галоўнага рэдактара «СБ. Беларусь Сегодня» ўражвае.
Патанаючы ў глыбінях скуранога фатэля, Сымон Астроўскі слухае аповед Паўла Якубовіча, які папыхвае сваёй нязьменнай піпкай. «Я не магу крытыкаваць дзейнасьць прэзыдэнта, — прызнаецца галоўны рэдактар. — Таму што прэзыдэнцкая адміністрацыя з’яўляецца суўладальніцай маёй газэты».
![](http://www.nn.by/photos/aljazeera-09_Yakubovich.jpg)
![](http://www.nn.by/photos/aljazeera-10_Yakubovich.jpg)
«Я прыехаў сюды з адкрытым сэрцам, спадзеючыся, што прэзыдэнт сапраўды вырашыў зьмяніць нешта да лепшага», — зь лёгкім сумам у голасе кажа Сымон Астроўскі, якога спыніў мажны ахоўнік на плошчы Незалежнасьці. «Але пакуль правяралі мае паперы, я зразумеў, што гэтай краіне яшчэ далёка да таго, каб скінуць свой савецкі імідж».
Бонусам да рэпартажу ў праграме «Listening Post» ідзе рубрыка «Галасы сусьветнай вёскі», дзе брытанскія экспэрты кажуць пра праблемы Беларусі.
Ляйтматыў такі: абмежаваньні свабоды мэдыяў у доўгатэрміновай пэрспэктыве ня будуць мець плёну.Акрамя гэтага паказваюць невялікую падборку інфармацыі пра непадцэнзурную палітычную флэш‑анімацыю, фільм Юр’я Хашчавацкага «Плошча», Белсат і стан інтэрнэту ў краіне. Нарэшце, гледачам прэзэнтуюць другі рэпартаж Саймана Астроўскага. «У Беларусі хапае адзнак таго, што ты знаходзішся ў Беларусі», — саркастычна кажа рэпарцёр, стоячы на праспэкце Пераможцаў, дзе дамы пярэсьцяць чырвона‑зялёнымі транспарантамі. Гэта датычыцца і радыёхваляў, дзе 75% музыкі павінна быць беларускай. Але, як выяўляецца, гэтым станам мала хто задаволены.
![](http://www.nn.by/photos/aljazeera-11_Ostrovsky.jpg)
Вось саліст гурту «Атлянтыка» грае на фартэп’яна ў рэстарацыі. Сытуацыя на радыёхвалях яго не задавальняе: круцяць часьцей, але папулярнасьць падае.
![](http://www.nn.by/photos/aljazeera-12_Atlantca.jpg)
Астроўскі ідзе ў студыю Радыё Бі‑Эй, дзе дыджэі скардзяцца на тое, што слухачы ня хочуць слухаць беларускіх музыкаў, а тыя, у сваю чаргу, ня могуць прапанаваць якасных трэкаў. Таму, маўляў, даводзіцца шукаць беларускія карані ў замежных выканаўцаў.
![](http://www.nn.by/photos/aljazeera-13_RadioBA.jpg)
Рэпарцёр Аль‑Джазіры, аднак, трапна заўважае, што ў сваіх пошуках дыджэі часьцяком не заўважаюць гуртоў, якія сьпяваюць па‑беларуску. Пра гэта кажа і Лявон Казакоў, які піша песьні для фолькавага гурту «Рокаш», і Піт Паўлаў з N.R.M.
![](http://www.nn.by/photos/aljazeera-14_Rokash.jpg)
![](http://www.nn.by/photos/aljazeera-15_Pit_Paulau.jpg)
«Правіла 75% мусіла зьменшыць замежны ўплыў і зрабіць радыё больш беларускім. Але ў выніку падтрымку атрымліваюць толькі тыя, хто капіюе замежную музыку, а ўсе астатнія прыціскаюцца», — робіць выснову Сайман Астроўскі.
На дэсэрт дыктар «Listening Post» прапануе гледачам кліп «Слухай бацьку» — «песьню, якую Аляксандар Лукашэнка не стамляецца слухаць, бо яна напісаная адмыслова пра яго».
Каментары