Фрык з «НОД», мілітарыст, кіраўнік прадпрыемства… Хто выйшаў на пікет у падтрымку Расіі?
Шэсць прарасійскіх актывістаў правялі 4 лютага пікет на плошчы Незалежнасці ў Мінску. Яны выказаліся ў падтрымку Расіі і заявілі, што «беларусы і расейцы адзін народ».
Гэта выглядала як рэакцыя на заяву Аляксандра Лукашэнкі 3 лютага, што «свабода і незалежнасць даражэйшыя за нафту».
Хто гэтыя людзі, што выйшлі на плошчу?
Пікет правялі чальцы так званага «Національно-освободітельного двіженія». Рух вядомы сваімі прарасійскімі поглядамі і падтрымкай сепаратыстаў Данбаса. А таксама — часам даведзенымі да абсурду поглядамі.
У інтэрв’ю «Нашай Ніве» Уладзімір Рыжанкоў, кіраўнік руху, расказваў, што СССР быў развалены агрэсіўным Захадам, які ўвесь час так ці інакш супрацьстаіць «мірнай славянскай цывілізацыі». Таксама Рыжанкоў і прэс-сакратарка руху Юлія Чырва запэўнівалі, што беларускую канстытуцыю напісалі ЗША, 80% нашых чыноўнікаў працуюць на Амерыку, а на Захадзе дзяцей адмыслова вучаць быць геямі і вучаць сэксуальным вычварэнствам.
Рыжанкоў сябе называе прадпрымальнікам. Гэта ён летась ствараў петыцыю супраць бел-чырвона-белага сцяга.
З расійскім сцягам на пікеце стаяў Аляксей Галавін.
Мужчына ўжо фігураваў у СМІ. Напрыклад, ён быў заўважаны на акцыі Статкевіча, прысвечанай патрабаванню справядлівых выбараў у верасні 2015 года.
Таксама Галавін — ці «Шахід Безмяцежны» як ён назыве сябе ў сацсетках — вельмі любіць зброю. Ён шмат фатаграфуецца з ёю сам і актыўна посціць фотачкі жанчын і дзяцей са «стваламі».
Галавін шмат займаецца спортам. Таксама ўдзельнічае ў «патрыятычным выхаванні моладзі» — вайсковых гульнях падлеткаў, якія ладзяць казакі Пятра Шапко.
Каларытны вусач — 47-гадовы мінчук Аляксандр Лявонаў.
На яго старонцы ў сацсетках усё кананічна: Пуцін і Паклонская, настальгія па СССР і здымкі Сталіна, Наваросія, «ДНР» і «ЛНР».
Яшчэ адзін — Сяргей Ланавенка.
Былому дэсантніку Ланавенку падабаюцца нажы і Наваросія.
Паводле непацверджанай інфармацыі, Ланавенка — блізкі сябар аднаго з баевікоў батальёна «Спарта», які раней узначальваў сумна вядомы Матарола (Арсеній Паўлаў).
Яшчэ адзін удзельнік — Андрэй Дзіментаў.
Мужчына даў «Нашай Ніве» разгорнуты каментар наконт свайго ўдзелу ў пікеце.
Па словах мужчыны, ён кіраўнік, мае сваю долю ў прыватным прадпрыемстве.
«Я выйшаў на пікет, бо лічу неабходным падтрымаць Расію сёння і выказаць салідарнасць з ёю. У нашым звароце ясна пра гэта гаворыцца.
Я не член «НОД» і ўвогуле з усімі людзьмі з пікета пазнаёміўся ў інтэрнэце — у суполцы Укантакце пад назвай «Ватны сектар». Я і з Рыжанковым згодзен толькі часткова — не ўсе яго ідэі я падтрымліваю. Пра арганізацыю «НОД» я, шчыра кажучы, даведаўся пазаўчора, — расказаў Дзіментаў. — Але так, я падтрымліваю Наваросію. Мне блізкі Сталін. Я падтрымліваю ідэю Саюзнай дзяржавы, падтрымліваю Расію.
Што тычыцца беларускай незалежнасці… Тут складана. Калі б мы ўвайшлі ў склад Расіі, гэта было б не самым горшым… Але і сказаць, што я супраць нашага суверэнітэту і дзяржаўнасці, я не магу».
«Але, за выключэннем «спадара нодаўца», ніхто знявагі ў бок Еўропы не выказваў. І ніхто іх не вітае. Мы супраць абражання іншых дзяржаў», — сказаў Дзіментаў.
Па словах Дзіментава, гэта быў не апошні пікет і зварот. Будуць яшчэ.
Каментары