З Масквы. Блог Алеся Чайчыца55

Алесь Чайчыц: Дзе ў Беларусі неанацызм

На гэтым тыдні — чарговая гадавіна ад нараджэньня цікавай беларускай дзяячкі Юліяны Мэнке, жонкі вядомага дыплямата БНР і архітэктара Лявона Вітан-Дубейкаўскага.

Мне як чалавеку зь вельмі страктатым этнічным паходжаньнем і трохі цікаўнаму да тэмы этнаграфіі асабліва прыкметна, што Юліяна Вітан-Дубейкаўская — этнічная немка зь невялікай віленскай нямецкай дыяспары, якая сьвядома далучылася да беларускага нацыянальнага руху, пісала кнігі на беларускай мове, выкладала ў беларускіх школах. Такіх людзей, як яна, было і ёсьць шмат.

Паэт Зьмітрок Бядуля і дзяржаўныя дзеячы БНР Майсей Гутман і Ісак Лур’е — габрэі. Уладзімір Мулявін, Натальля Арсеньнева і некалькі членаў Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня — расейцы ці напалову расейцы. Вядомы беларускі вайсковец часоў БНР Гасан Канапацкі — беларускі татарын. Юліяна Мэнке і член Апазыцыі БНФ Барыс Гюнтэр — немцы.

Музыка, мастак і тэлевядоўца Андрусь Такінданг — напалову чадзец, джазмэн і тэлевядоўца Павел Аракелян — армянін, папулярызатар беларускай мовы Андрэй Кім — часткова карэец, архітэктар беларускай царквы ў Лёндане Рафаэль Цзыўай Со — кітаец. Паэтэса Вера Рыч і музыказнаўца Гай Пікарда, абое брытанцы, пад канец свайго жыцьця былі паўнавартаснымі членамі беларускай дыяспары ў Лёндане.

Любому чалавеку, незалежна ад этнічнага паходжаньня, ёсьць месца ў гістарычным беларускім нацыянальным руху або ў цяперашняй беларускамоўнай/калябеларускамоўнай субкультуры.

Расейскія шавіністы і іхныя «гарлівыя» аднадумцы ў Беларусі сьвядома і наўпрост хлусяць пра існаваньне нейкай пагрозы беларускага нацызму, палохаюць гэтай хлусьнёй расейскага абываталя і імкнуцца справакаваць расейскія ўлады на нейкія варожыя дзеяньні ў дачыненьні да Беларусі. З рэчаіснасьцю, аднак, гэтая антыбеларуская прапаганда ня мае нічога супольнага.

Больш за тое: парадаксальным чынам 90% існуючых у Беларусі нэанацыстаў (сапраўдных: з расавымі тэорыямі і любоўю да гітлераўскай атрыбутыкі) — гэта расейскія нацыяналісты. Ад бандаў скінхэдаў і РНЕ 1990-х да цяперашніх нэапаганцаў-«родноверов» і татуяваных свастыкай праваслаўных папоў, тыповы беларускі нэанацыст — гэта чалавек пад расейскім манархічным бела-жоўта-чорным сьцягам, расейскамоўны, прыхільнік далучэньня Беларусі да Расеі і вораг незалежнай беларускай дзяржавы. А часам і ўвогуле імігрант з Расеі.

Беларускамоўная супольнасьць наадварот выштурхоўвае нэанацыстаў з сваіх шэрагаў.

Адзіны чалавек, каго можна было б назваць сур’ёзным беларускамоўным праварадыкальным публіцыстам, на сайце чыёй арганізацыі нават Беларуская нацыянал-сацыялістычная партыя калісь ішла пад лэйблам «нашыя папярэднікі», цяпер ужо даўно перастаў выступаць на беларускай мове і перайшоў на «праэўразійскія» пазыцыі.

Беларускі нацыянальны рух усю сваю гісторыю быў інклюзіўным, адкрытым да таго, каб да яго далучаліся любыя людзі, якія шчыра спачувалі беларускаму нацыянальнаму адраджэньню. А адраджэньне гэтае патрабавала ня многага: проста каб беларусам і беларускай культуры далі магчымасьць разьвівацца і мець у Беларусі тое месца, якое яна павінна мець. Людзям усіх іншых нацыянальнасьцяў пры гэтым гарантавалася абарона іхных правоў.

У Першай Устаўной Грамаце Рады БНР напісана: «Беларускі народ павінен зьдзейсьніць сваё права на поўнае самаазначэньне‚ а нацыянальныя меншасьці на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію». Выбары ў беларускі Ўстаноўчы Сход паводле Першай Граматы меліся адбыцца «на аснове агульнага права для ўсякага дарослага ня лічачыся з нацыянальнасьцю‚ вызнаньнем і родам.»

Другая Ўстаўная Грамата Рады БНР пастанавіла, што «У рубяжох Беларускай Народнай Рэспублікі ўсе народы маюць права на нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію; абвяшчаецца роўнае права ўсіх моваў народаў Беларусі.»

Нарэшце, у важным праграмным дакумэнце Рады БНР ад восені 1918 году (тэкст захаваўся толькі на расейскай мове — вось такая вось «агалцелая русафобія») датычна «нацыянальнага пытаньня» напісана:

«В НАЦІОНАЛЬНОМ ВОПРОСѢ:

1) Обезпеченіе Бѣлорусскому народу фактической возможности культурно-національнаго развитія,

2) свобода для всѣх національностей и равноправіе, обезпеченыя законом в смыслѣ національно-персональной автономіи,

3) участіе всѣх національностей в засѣданіи Независимой Бѣлоруссіи (мѣста в Кабинетѣ).»

Хтосьці, канечне, скажа, што паказчыкам самастойнасьці беларускай нацыі будзе, калі маргіналы, бандыты і нэанацысты, будуць таксама размаўляць на беларускай мове і лічыць бел-чырвона-белы сьцяг сваім нацыянальным сымбалем. Але пакуль гэта ня так, добра, што беларушчына зьвязаная з найбольш прагрэсіўнай часткай беларускага грамадзтва, а не наадварот.

Каментары5

Як жыве і чым займаецца Крысціна Моцная — меркаваная дачка Аляксандра Лукашэнкі33

Як жыве і чым займаецца Крысціна Моцная — меркаваная дачка Аляксандра Лукашэнкі

Усе навіны →
Усе навіны

Лаўроў даў прымірэнча-спакуслівае інтэрв'ю Карлсану10

Сёння даляр упаў на сем капеек да 3,4 рубля

На падтрымку дэпартаванага ў Беларусь экс-каліноўца Васіля Верамейчыка сабралі неабходную суму3

На трасе Мінск — Гродна заўважылі дзікіх коней ВІДЭА

Кіраўнік МЗС Польшчы: Я зачыню ўсе расійскія консульствы, калі Масква працягне дыверсіі5

Цэнтр Мінска сёння перакрыюць для ўсіх відаў транспарту — едзе Пуцін11

Кіраўніка крымінальнай міліцыі Клімавічаў арыштавалі за хабар. Пагражае да 15 гадоў10

Пара ажанілася з-за размеркавання. Суд прызнаў шлюб несапраўдным3

Трамп прызначыў «цара» па пытаннях штучнага інтэлекту і крыптавалют4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як жыве і чым займаецца Крысціна Моцная — меркаваная дачка Аляксандра Лукашэнкі33

Як жыве і чым займаецца Крысціна Моцная — меркаваная дачка Аляксандра Лукашэнкі

Галоўнае
Усе навіны →