У Еўропу адправіўся танкер са звадкаваным прыродным газам з ЗША. Судна з Луізіяны знаходзіцца на шляху ў Партугалію. Гэта першая партыя газу, якую амерыканскія вытворцы пачалі пастаўляць на еўрапейскі рынак, піша The Wall Street Journal.
Як чакаецца, 300-метровы газавоз Creole Spirit прыбудзе ў пункт прызначэння 26 красавіка. Пакупніком з'яўляецца партугальская кампанія Galp Energia.
Аналітыкі прагназуюць, што паступленне амерыканскага газу можа справакаваць цэнавую вайну, якая прывядзе да зніжэння цэнаў для спажыўцоў на еўрапейскім рынку, дзе доўгі час дамінавала Расія.
ЗША пачалі прадаваць за мяжу газ, які здабываецца ў раёне Мексіканскага заліва, у лютым. Тэхаская Cheniere Energy адправіла першую партыю ў Бразілію, а затым у краіны Азіі.
Бум сланцавага газу змяніў сітуацыю на рынку энергетыкі ў ЗША, і, як чакаецца, краіна стане чыстым экспарцёрам газу ў 2017 годзе
У Еўропе амерыканскія пастаўшчыкі будуць канкураваць з Расіяй, якая ў цяперашні час пастаўляе каля траціны газу для кантынента па трубаправодзе. Напрыклад, Германія з Расіі атрымлівае палову свайго газу, Італія — траціну. Іншымі крыніцамі паліва з'яўляюцца Нарвегія, Алжыр і Блізкі Усход.
На думку аналітыкаў, Расія можа панізіць цэны для сваіх еўрапейскіх кліентаў, каб паспрабаваць адагнаць новых канкурэнтаў у асобе ЗША.
У бягучых цэнах амерыканскі ЗПГ, які дастаўляецца ў Еўропу, будзе каштаваць каля 4,30 даляра за мільён брытанскіх цеплавых адзінак. Расія прадае свой газ у Еўропу па сярэдняй цане 5,80 даляра. Аналітыкі лічаць, што Расія можа істотна знізіць цэны ў цэнавай вайне - да ўзроўню ніжэй за 3 даляры.
Каментары