Івашчанка: «Частку прэміі вырашыў перадаць сям’і Алеся Юркойця»
Падчас цырымоніі ўручэння прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча Анатоль Івашчанка абвясціў пра сваё рашэнне падтрымаць сям’ю Алеся Юркойця.
«Негалосны збор сродкаў на дапамогу Алесю ідзе ўжо даўно. Ён цяпер знаходзіцца ў складаным становішчы, колькі яно працягнецца – не ведае ніхто. – патлумачыў свой учынак Анатоль Івашчанка. – Сям’я, трое дзяцей гадуюцца без гаспадара. Варта падтрымаць чалавека, які столькі год жыцця аддаў беларушчыне, у тым ліку папулярызацыі беларускай літаратуры на Астравеччыне».
Нагадаем, учора Анатоль Івашчанка стаў лаўрэатам прэміі «Дэбют» імя М. Багдановіча у намінацыі «Проза» за кнігу «Анаталогія». Прэмія лаўрэату складае 2000$ у рублёвым эквіваленце.
Падследны «Валадаркі» і адзін з фігурантаў па справе карупцыі на Ашмянскай мытні, краязнаўца Алесь Юркойць знаходзіцца за кратамі ад сакавіка 2015 года.
Літаратурная прэмія «Дэбют» імя Максіма Багдановіча заснаваная ў 2010 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам, фондам «Вяртанне» і Саюзам беларускіх пісьменнікаў. Уручаецца за дэбютную кнігу аўтарам да 35 гадоў і даецца за творы ў жанрах, у якіх працаваў Максім Багдановіч: паэзія, проза, мастацкі пераклад.
Каментары