Французскія таксісты палілі машыны на пратэстах супраць мабільнай праграмы
Uber, лічаць яны, не спрыяе здаровай канкурэнцыі.
Французскія таксісты перакрылі сталічныя аэрапорты Шарль-дэ-Голь і Парыж-Орлі і аэрапорты ў іншых гарадах, паведамляюць французскія СМІ. Прычына пратэстаў — мабільны сэрвіс таксі Uber. Міністр унутраных спраў заклікае да больш жорсткіх правіл для Uber, перадае Reuters.
Пратэсты супраць Uber дайшлі да гвалту — таксісты паляць шыны, б’юць шкло і перакульваюць аўтамабілі кіроўцаў Uber.
The Local раней паведамляла пра збітага таксістамі кліента Uber.
Uber прапануе ўладальнікам аўто падвозіць людзей за плату, а пасажырам — хутка знаходзіць перавозчыка праз мабільную праграму. Сэрвіс выходзіць таннейшым за таксі, што не падабаецца таксістам і заканадаўцам.
У Францыі Uber забаронены, але дзейнічае яго мадыфікацыя UberPOP. Яна дазваляе аказваць паслугі, падобныя да таксі — перавозчык «дзеліць машыну» з пасажырам, пры чым лічыцца, што не дзеля прыбытку, а дзеля раздзелу аплаты за бензін. Стаць перавозчыкам UberPOP можна без усялякіх ліцэнзій, кіроўцы не мусяць плаціць падаткі і адлічэнні. Гэта робіць звычайныя таксі неканкурэнтаздольнымі. Таксісты сцвярджаюць, што праз Uber прыбыткі ўпалі на траціну.
Супраць Uber пратэставалі ў многіх іншых краінах, але падобна, што французскія таксісты сталі першымі, хто перайшоў да маштабнага гвалту.
На сёння ў Беларусі Uber не дзейнічае, хаця нядаўна кампанія адкрывала вакансіі ў Мінску.
Каментары