Міністэрства абароны Беларусі абвяргае інфармацыю, што з'явілася 24 лістапада ў сацыяльных сетках, а затым і на інтэрнэт-рэсурсах, пра нібыта пакінутага на холадзе на некалькі гадзін у якасці пакарання ваеннаслужачага.
Паведамлялася, што інцыдэнт адбыўся на тэрыторыі Мінска, в/ч 35730. Нейкі відавочца выклаў у сетку вельмі кароткі ролік, зняты з акна. На ім бачны адзінокі салдат на пляцы. Ролік мае каментар, напісаны з памылкамі і знявагамі ў адрас беларускай арміі. З яго вынікае, што ваеннаслужачы знаходзіцца на марозе трэцюю гадзіну. Аўтар зрабіў выснову, што салдат пакараны за нейкую правіннасць.
«Гэтая інфармацыя і высновы не адпавядаюць рэчаіснасці і носяць вельмі тэндэнцыйны характар. Гэта хлусня і правакацыя. Інфармацыя абсалютна не адпавядае рэчаіснасці», — заявілі БелаПАН у прэс-службе Міністэрства абароны. Там паведамілі, што ваеннаслужачы падчас перапынку ў вучэбных занятках некаторы час ахоўваў ваенную маёмасць, якая выкарыстоўвалася пры іх правядзенні. У прыватнасці, скрыні з вучэбнымі гранатамі.
Каментары