Звольніць Чарнякевіча загадаў асабіста Сямён Шапіра: «Ва ўніверсітэце 16 чалавек, якія заклікаюць звергнуць уладу»
Старшыня аблвыканкама расказаў тое, пра што КДБ маўчыць.
У панядзелак міністр адукацыі Сяргей Маскевіч прэзентаваў калектыву ГрДУ новапрызначанага рэктара Андрэя Караля. На паседжанні прысутнічалі гарадзенскія чыноўнікі з абласнога і гарадскога аддзелаў адукацыі.
Пасля Маскевіча ўзяў слова старшыня абласнога выканаўчага камітэта Сямён Шапіра. «Наконт Чарнякевіча прымаў загад я асабіста», — раскрыў таямніцу звальнення гісторыка і дацэнта ГрДУ Шапіра.
У сваім выступленні ён пахваліў універсітэт за тэхналагічныя дасягненні і раскрытыкаваў за промахі ў ідэалагічнай працы. Пра гэта «Белсату» распавяла адна з прысутных на сённяшняй сустрэчы ў ГрДУ.
«Напісалі падручнік і надрукавалі за мяжою. За чые грошы? — выступаў галоўны чыноўнік Гарадзеншчыны. — Не, каб да мяне прыйсці і пагаварыць!».
Шапіра ўпікнуў былога рэктара Яўгена Роўбу, што той марудзіў са звальненнем Андрэя Чарнякевіча праз сваё знаёмства з бацькам гісторыка, які таксама працаваў ва ўніверсітэце. Старшыня аблвыканкама прызнаўся, што ён уласнаручна даў загад звольніць аднаго з аўтараў падручніка «Гродназнаўства» Андрэя Чарнякевіча.
Сямён Шапіра таксама падзяліўся з прысутнымі, што рэгулярна чытае зводкі КДБ і ведае ўсё: «Ва ўніверсітэце шаснаццаць чалавек, якія заклікаюць звергнуць уладу». Гэтыя неназваныя ненадзейныя элементы не проста заклікаюць зрынуць уладу, але яшчэ і… ездзілі на роварах і пляскалі ў ладкі.
Відавочна, гаворка пра выкладчыкаў, якія трапілі ў «чорныя спісы» палітычна ненадзейных. Спецслужбы пра гэта памоўкваюць, затое старшыня аблвыканкама расказаў у прыступе шчырасці.
Нямала ж такіх, калі ў адным універсітэце налічылі аж 16!
Дарэчы ў мясцовых газетах — «Гродзенская праўда», «Вячэрні Гродна», «Перспектыва» -, а таксама на афіцыйным сайце ГрДзУ пра сённяшнюю падзею не напісана ні слова.
Скандал з падручнікам «Гродназнаўства» разгарэўся летась у верасні, калі з фармулёўкаю «за парушэнне працоўнай дысцыпліны» з ГрДУ звольнілі аднаго з аўтараў — Андрэя Чарнякевіча. За два дні да звальнення выкладчыка тэрмінова выклікаў да сябе загадчык цэнтру кадравай і прававой работы ўніверсітэту. Падчас размовы ў кабінеце прысутнічалі загадчык аддзелу бяспекі ўніверсітэту і працаўнік КДБ. Галоўнаю тэмай размовы быў падручнік «Гродназнаўства».
Каментары