Меркаванні

«Не думаю, што ў Маскве моцна абрадуюцца гэтаму праекту». Эксперты і каментатары — пра новаўвядзенні ў Канстытуцыю

Сабралі рэакцыю вядомых у Беларусі людзей на апублікаваны ўчора праект новай Канстытуцыі. Усе эксперты і каментатары сыходзяцца ў адным — рэальных зменаў, тым больш тут і цяпер, ад гэтага дакумента чакаць не даводзіцца, ён накіраваны на захаванне статус-кво ў пытанні канцэнтрацыі ўлады ў руках аднаго чалавека. Ды і сам гэты праект нарэшце апублікаваны толькі «каб адчапіліся», паколькі былі дадзеныя папярэднія абяцанні, ад выканання якіх проста так адмовіцца не выпадала. Менавіта таму ў дакуменце так шмат супярэчнасцяў і больш пытанняў, чым адказаў на іх.

Вусаў: «Лукашэнку цяпер прыйдзецца рыхтавацца яшчэ і да выбараў 2025 года, што азначае працяг тэрору і зачыстак»

Фота: старонка Паўла Вусава ў Фэйсбуку

Палітолаг Павел Вусаў піша ў Фэйсбуку: «Канстытуцыйны праект», як і меркавалася, нічога ў краіне не мяняе, ён толькі кансервуе новы палітычны ўклад, які ўзнік пасля 2020 года. Захоўваецца ўлада дзейсных асоб, уносяцца змены ў фармулёўкі, з’яўляюцца новыя органы і кампетэнцыі, але Лукашэнка застаецца абсалютным кіраўніком.

Змены Канстытуцыі, што абмяжоўваюць колькасць тэрмінаў, на працягу якіх адна і тая ж асоба можа займаць пасаду прэзідэнта, набываюць моц са дня ўступлення на пасаду зноў абранага прэзідэнта.

Ёсць у новым антыканстытуцыйным праекце шэраг істотных недапрацовак. Напрыклад, уводзяцца два новыя палітычныя інстытуты: Савет бяспекі і Прэзідыум Усебеларускага народнага схода. Разам з тым кампетэнцыі, структура фармавання гэтых органаў не прапісаныя. Асабліва гэта тычыцца прэзідыума УНС…

Я меркаваў, што гэты неканстытуцыйны праект будзе прадугледжваць механізм, пры якім Лукашэнка ўжо не будзе абірацца прэзідэнтам (занадта стомны занятак для яго). Аднак гэты механізм не ўвялі. Яму цяпер прыйдзецца рыхтавацца яшчэ і да выбараў 2025 года, што азначае працяг тэрору і зачыстак. Што цікава, выбары ў парламент пераносяцца ажно на 2024 год.

З «Канстытуцыяй», якая не вырашае ключавых пытанняў стабільнасці рэжыму і вырашэння крызісу, занадта шмат напружання і намаганняў для перамяшчэння складнікаў. Мяркую, што гэты праект проста павінен выканаць ролю фіктыўнага грамадскага дыялогу».

Карбалевіч: «Захоўвае ўсю ранейшую ўладу, але цяпер яна будзе пераразмеркаваная па двух цэнтрах, абодва ён і ўзначаліць»

Фота: delfi.ru

Палітычны аналітык Валер Карбалевіч канстатуе: «Надрукаваны нарэшце праект Канстытуцыі так і не даў адказу на пытанне, навошта спатрэбіўся новы Асноўны закон.

Рэч у тым, што канстытуцыйная рэформа была ад пачатку нібыта задуманая як найважнейшы элемент, як складовая частка праекту транзіту ўлады і сыходу Лукашэнкі з пасады прэзідэнта. Ён шмат разоў запэўніваў, што новая Канстытуцыя — для новага прэзідэнта. Але вось цяпер Лукашэнка перадумаў сыходзіць. Пра датэрміновыя выбары гаворкі няма…

Такім чынам, Лукашэнка захоўвае ўсю ранейшую ўладу, але цяпер яна будзе пераразмеркаваная па двух цэнтрах, абодва ён і ўзначаліць. Канструкцыя абсалютна штучная. Але так бывае, калі праект, прызначаны для рашэння адной задачы (транзіту ўлады), раптам перапрафілюецца на рашэнне іншай (бальзамаванне Лукашэнкі ва ўладзе).

Збоку ўсё гэта выглядае як нейкі сюррэалізм, палітычная фантасмагорыя. Нагадвае брэжнеўшчыну. Нагадаю, што Леанід Брэжнеў, кали быў генеральным сакратаром ЦК КПСС, забраў сабе яшчэ пасаду — старшыні прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, прычым акурат у момант страты дзеяздольнасьці з прычыны стану здароўя».

Кузняцоў: «З’явіцца глеба для таго самага «расколу эліт, але гэта досыць аддаленая перспектыва»

Фота: са старонкі Пятра Кузняцова ў Фэйсбуку

Журналіст Пётр Кузняцоў таксама лічыць, што нічога пасля ўвядзення новай рэдакцыі канстытуцыі не зменіцца, ніякіх датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў не плануецца.

Бо мноства пунктаў у тэксце прадугледжвае тое, што захаваюць паўнамоцтвы старыя органы, распісваецца, як яны будуць працягваць дзейнічаць.

Закон жа, які рэгулюе фармаванне УНС, трэба будзе толькі прымаць, што можна зацягнуцца на колькі заўгодна часу. Прадугледжваецца, карацей, руцінны працэс на неакрэслены тэрмін, а да таго часу ўсё застанецца так, як і было.

Адносна пасады прэзідэнта — то тут нешта як бы паводле праекта Канстытуцыі і мяняецца, таму што ў яго «паўнамоцтвы нешта рабіць як бы ёсць, а вось што менавіта рабіць і ў якой рамцы — на тое цяпер будзе УНС».

Пры гэтым прэзідэнт усё ж будзе кантраляваць сілавікоў, прынамсі да таго часу, пакуль гэтую пасаду будзе займаць дзейсны кіраўнік. Таму нешта мяняцца не дэкларатыўна, а рэальна, магло б толькі ў выпадку яго смерці ці адстаўкі.

«Але, што праўда, наўрад ці па задумцы аўтараў гэта будзе сур’ёзна ўплываць на агульную карціну таго, што адбываецца.

Справа ў тым, што, зыходзячы з усёй канфігурацыі, аўтары новай канстытуцыі зыходзяць з ідэальнага для сябе бачання, што ўлада ў краіне назаўжды замацоўваецца за адной групай людзей. Гэтая група інстытуцыялізуецца ў выглядзе УНС…

Схема нармальная, ёсць толькі адна патэнцыйная праблема. У гэтай рамцы магчымыя толькі два сцэнарыі развіцця падзей. Альбо «заснавальнікі» збіраюцца пажыццёва быць і выканаўцамі (што, вядома, выключана).

Альбо, з улікам кадравага дэфіцыту нармальных маладых менеджараў, з часам будзе нарастаць залежнасць першых ад другіх, а разам з ёй — і супярэчнасці. І менавіта тут і з’явіцца глеба для таго самага «расколу эліт», якога так і не дачакаліся ў 2020-м. Зрэшты, гэта досыць аддаленая перспектыва».

Губарэвіч: «Што б ні напісалі ў гэтых паперах, яны будуць пустымі»

Фота: са старонкі Юрася Губарэвіча ў Фэйсбуку

Зрэшты, ці маюць значэнне нават правільна прапісаныя палажэнні пры цяперашнім стаўленні да законаў у краіне? Палітык і грамадскі дзеяч Юрась Губарэвіч вельмі ў гэтым сумняваецца:

«Дзіўнае пачуццё, калі чытаеш праект зменаў у Канстытуцыю, прапанаваных рэжымам, і праз адзін адзначаеш артыкулы, якія парушаюцца ўжо тут і цяпер. Што б ні напісалі ў гэтых паперах, яны будуць пустымі, калі ў рэжыму адсутнічае нават мінімальнае жаданне іх выконваць». 

Цыганкоў: «Не думаю, што ў Маскве моцна абрадуюцца гэтаму праекту»

Фота: са старонкі Віталя Цыганкова ў Фэйсбуку

Журналіст Віталь Цыганкоў бачыць «пазітыў» у тым, што «ў праекце лукашэнкаўскай Канстытуцыі няма ніякіх рухаў у бок Расіі ці інтэграцыі, што прадказвалі некаторыя алармісты.

То-бок там зусім нічога такога няма. Ані Мытнага саюза, ані Саюзнай дзяржавы, ані інтэграцыі, ані эканамічнай арыентацыі на Расію.

Затое ёсьць шмат «абавязковага» патрыятызму. Так што новы праект калі куды ідэалагічна і вядзе — дык хутчэй у Паўночную Карэю, але не ў Расію. Не думаю, што ў Маскве моцна абрадуюцца гэтаму праекту».

Шэраг найбольш уедлівых назіральнікаў звяртаюць увагу на тое, наколькі недапрацаваны праект з пункту гледжання нават яго тэксту. І гэта прытым, што на яго падрыхтоўку было столькі часу.

Журналіст Віктар Малішэўскі з’едліва адзначае: «Вышэйшы заканатворчы пілатаж: у тэксце Канстытуцыі напісаць агаворку «…калі іншае не вызначана Канстытуцыяй»». Такі ляп — у арт. 118, у якім ідзе гаворка пра выбары дэпутутаў мясцовых саветаў.

Палітолаг Андрэй Казакевіч звярнуў увагу, што ўдзельнікі УНС называюцца то дэлегатамі, то дэпутатамі, што не адно і тое ж. А суддзі Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў прызначаюцца УНС у розных месцах праекта то па прапанове прэзідэнта, узгодненай з прэзідыумам УНС (арт. 89-3), то самастойна (арт. 112-1 і 116).

Лебядок: «Пісаць каментарыі да праекта Канстытуцыі цяпер — гэта працаваць па плане Лукашэнкі»

Фота: са старонкі Ягора Лебядка ў Фэйсбуку

Арыгінальную думку выказаў аналітык Ягор Лебядок, які лічыць увогуле шкодным ламаць дзіды адносна канстытуцыйнага праекта менавіта цяпер:

«Праект Канстытуцыі Лукашэнкі выносіцца цяпер, каб увесь запал у незалежных СМІ, аналітыкаў, блогераў і актыўных людзей выйшаў да Новага года ў выглядзе мноства каментарыяў і артыкулаў. Зацікаўленыя грамадзяне іх прачытаюць або паглядзяць і сыдуць на святы.

Усе забудуцца, і пасля святаў тэма канстытуцыі сыдзе з парадку дня/будзе замененая іншай і, як наступства, у людзей будзе меншая цікавасць да палітычнага ўдзелу ў падзеях. Гэта значыць, пісаць каментарыі да праекта Канстытуцыі цяпер — гэта працаваць па плане Лукашэнкі. Таму, лічу больш правільна аналітыкам і СМІ цяпер глыбей прапрацаваць тэму, а матэрыял выдаць пасля 10 студзеня ў сістэмным і зручным для людзей выглядзе».

Чытайце таксама:

Лукашэнку нават пасля адстаўкі не змогуць судзіць? Паглядзелі праект новай Канстытуцыі

Права Лукашэнкі і вузкага кола прызначаных ім людзей вызначаць, хто стане наступным Лукашэнкам, зараз будзе замацаванае канстытуцыйна 

Апублікавалі праект змен у Канстытуцыю Беларусі. Што там новага?

Каментары

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў8

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў

Усе навіны →
Усе навіны

ГУБАЗіК паправіў пракуратуру18

«Відаць, я добра шыфравалася, што за мной прыйшлі толькі ў 2023 годзе». Мінчанка расказала пра арышт і ўцёкі2

Кур'ер пераканаў 87-гадовую мінчанку не перадаваць грошы на «лячэнне сваячкі»1

У Маскве нацыяналізавалі нерухомасць алігарха з беларускімі каранямі Аляксея Хоціна

Прапагандысты выпадкова паведамілі, колькі плацяць за стварэнне крынджовых стыкераў да Дня народнага адзінства5

Апублікавала рылз пра Караткевіча і выйшла замуж праз восем месяцаў. Гісторыя кахання двух беларусаў3

У ЗША спынілі крымінальны пераслед Трампа па справе штурму Капітолія2

Беларускую спявачку Руслану Панчышыну прызналі ў Іспаніі адкрыццём года2

Генпракуратура расказала пра вялікую справу па дваровых чатах2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў8

«Нават яго прыхільнікі зразумелі, што жыць як раней ужо не атрымаецца». Беларусы расказалі пра атмасферу ў краіне напярэдадні выбараў

Галоўнае
Усе навіны →