Развітанне з гісторыкам Уладзімірам Ляхоўскім пройдзе ў чацвер з 9:30 да 10:45 у рытуальнай зале па адрасе Альшэўскага, 12. Зала №1.
Ляхоўскі памёр 7 верасня ва ўзросце 57 гадоў. Ён быў адным з найлепшых гісторыкаў свайго пакалення і адданым патрыётам Беларусі. У апошнія гады ён працаваў дацэнтам факультэта міжнародных адносін БДУ.
Уладзімір Ляхоўскі нарадзіўся 5 лютага 1964 года ў Мінску. Працаваў у Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, Нацыянальным архіве, на факультэце міжнародных адносін БДУ.
Сфера яго інтарэсаў — нацыянальны рух у пачатку ХХ ст.: часоў Першай сусветнай вайны, БНР, 1920-я гады. Уладзімір Ляхоўскі быў адным з укладальнікаў зборніка «Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакументах і ўспамінах» (2001), аўтарам кніг «Школьная адукацыя ў Беларусі падчас нямецкай акупацыі 1915—1918 гг.» (2010) і «Ад гоманаўцаў да гайсакоў. Чыннасць беларускіх маладзёвых арганізацый у 2-й палове XIX — першай трэці XX ст.» (2012).
Каментары