Культура33

«Сумленне даражэйшае» — Ілля Сільчукоў пра звальненне з Вялікага тэатра за «амаральны ўчынак»

Шэраг звальненняў адбыўся ў Вялікім тэатры оперы і балета, супрацоўнікі якога ад жніўня актыўна выказваюцца пра падзеі ў краіне. Сярод звольненых аказаўся і вядучы саліст тэатра Ілля Сільчукоў, які пасля выбараў адмовіўся ад звання тройчы лаўрэата прэзідэнцкай прэміі па падтрымцы таленавітай моладзі, паўдзельнічаў у акцыях салідарнасці на прыступках філармоніі, праспяваў «Магутны Божа» ў адмысловым кліпе і, нарэшце, зняўся ў відэазвароце дзеячаў культуры ў падтрымку «народнага ўльтыматума». Пра ўчорашняе звальненне яму паведамілі толькі сёння.

— Мне патэлефанавалі з аддзела кадраў і сказалі, што ўчора я быў афіцыйна звольнены па артыкуле за здзяйсненне нейкага там амаральнага ўчынку, які не дазваляе мне далей працаваць у Вялікім тэатры. Які гэта амаральны ўчынак, мне не ўдакладнілі, але сказалі, што паводле юрыстаў такі артыкул дазваляе звольніць чалавека, нават калі ён знаходзіцца на бальнічным. Выпіску з загада мне даслалі па пошце.

— Хто-небудзь з кіраўніцтва з вамі звязваўся?

— Не, пра звальненне мне паведамілі толькі з аддзела кадраў.

— А ўчора вы адкуль даведаліся пра верагоднае звальненне?

— Ад сяброў і з сацыяльных сетак. Днём мне тэлефанавалі з кіраўніцтва — там у іх ішла нейкая размова — і запытвалі, ці заклікаў я да забастоўкі ў звароце дзеячаў культуры, што быў апублікаваны. Я адказаў, што асабіста я агучваў іншыя рэчы — што трэба падтрымаць салідарнасць беларусаў у гэты цяжкі час словам, стужкай і дзеяннем — і калі ўважліва слухаць, іх можна пачуць. Адчуваю, гэта і быў той «амаральны ўчынак», які не дазваляе мне больш працаваць у Вялікім тэатры.

— Вы ўжо са жніўня рознымі спосабамі выказвалі сваю пазіцыю. Ці ўзнікалі ў вас праз гэта праблемы ў тэатры?

— Была размова з кіраўніцтвам: у даволі прыстойнай форме, інтэлігентна нас папрасілі, каб сваю грамадскую пазіцыю мы агучвалі толькі па-за межамі тэатра і толькі ў непрацоўны час. Мы так і рабілі. Нейкіх артыкулаў за прагулы ці пакаранняў у мяне не было, а я пятнаццаць гадоў адпрацаваў у Вялікім.

— У тэатры былі зладжаныя даволі магутныя акцыі салідарнасці. Праз іх маштаб здаецца, што іх арганізацыя падтрыманая кіраўніцтвам, а як было насамрэч?

— Нічога не магу сказаць наконт кіраўніцтва, ведаю толькі, што наш дырэктар цяпер на каранціне, як і, мусіць, палова тэатра. Але абыякавых людзей у нас зусім не засталося, мы ж усе бачым, што адбываецца вакол, і кожны стараецца агучыць сваю пазіцыю, выказаць сваё меркаванне.

— То-бок пратэст у Вялікім падтрымлівае большасць?

— Канечне. У тэатры ўсё як у нашым грамадстве, нічога не адрозніваецца. Тэатр, можа, нават у авангардзе гэтага руху, бо мы артысты і, выходзячы на сцэну, мусім казаць пра самае важнае — пра дабро і зло, пра чалавечую годнасць, пра вартыя ўчынкі. А калі бачыш вакол такі дысананс, выхад на сцэну становіцца крывадушным. Артысты ўсё адчуваюць больш востра і адпаведна рэагуюць. Калі яшчэ мы збіралі подпісы ў падтрымку купалаўцаў, у нас падпісаліся салісты, заслужаныя і народныя артысты, вядучыя дырыжоры, рэжысёры-пастаноўшчыкі — усе яны выказалі сваю пазіцыю.

— Ці адчувалі вы гонар працаваць у Вялікім і быць датычным да яго?

— Канечне, тэатр быў нават не месцам працы, а маім родным домам. Гэта мой першы і адзіны тэатр, тут я нарадзіўся як артыст і спявак, на яго сцэне адбыўся мой першы оперны спектакль — гэта быў «Яўген Анегін», таму, вядома, для мяне гэта вялікая рэч.

— Вы перажываеце праз звальненне?

— Я проста раблю тое, што мушу рабіць, тое, што мне падказваюць сэрца і сумленне. Вядома, непрыемна быць звольненым, ёсць няўпэўненасць у заўтрашнім дні, але што зробіш, цяпер усе беларусы ў такіх умовах. Маё сумленне мне даражэйшае за астатнія рэчы.

Учора з тэатра былі таксама звольненыя першая скрыпка аркестра Рэгіна Саркісава, скрыпачка Ала Джыган, альтыстка Аляксандра Пацёміна і дырыжор Андрэй Галанаў. Тым часам прэс-служба Вялікага паведаміла, што ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй да 20 лістапада ў тэатры адмененыя ўсе спектаклі і канцэрты.

Каментары3

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа4

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа

Усе навіны →
Усе навіны

У Белгідрамеце расказалі, чаго чакаць ад цяперашняй зімы4

Расіянка некалькі гадоў прахадзіла з арэхам у носе. Але пасля стала цяжка дыхаць2

«Ну і куды мне, прыбіральшчыцай?» Маладая маці не можа знайсці працу пасля трэцяга дэкрэту69

У Паўднёвай Карэі адбываецца спроба перавароту. Прэзідэнт абвясціў ваеннае становішча, матывуючы патрэбай абароны ад «камуністычных сілаў» 8

Лукашэнка стаў прадзедам29

На выхадныя Дональд Трамп упершыню пасля выбараў прыляціць у Еўропу

«Камунарка» паказала свой адвэнт-каляндар і атрымала хвалю крытыкі9

Улады абвясцілі вайну чэргам на замену суставаў, але, падобна, пакуль прайграюць2

На Беларускай чыгунцы затрымалі яшчэ аднаго грамадзяніна Японіі5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа4

Мінчанка пакінула станоўчы водгук на сумку — і раптам выкрыла здраду чужога мужа

Галоўнае
Усе навіны →