Гісторыя77

Сяргей Грыцавец: як двойчы Герою Савецкага Саюза адсекла галаву вінтом 16 верасня 1939 года

Пра культавага лётчыка-беларуса чулі многія, а яго біяграфію ведае мала хто.

Унук Сяргея Грыцаўца Сяргей Архангельскі з сынам Ягорам на радзіме свайго продка. Ліпень 2019 года. З 2012-га вёска Бараўцы — частка Баранавічаў. Фота Барыса Наваграна, nashkraj.by.

Дзед марыў, каб Сяргея ўзялі ў царкоўны хор

Нарадзіўся Сяргей Грыцавец у Бараўцах недалёка ад Баранавічаў у патрыярхальнай сялянскай сям’і. Сяргееў бацька Іван па тагачасных мерках быў «грамацей»: скончыў тры класы павятовага вучылішча. Бацюшка, бачачы здольнасці Івана да навукі, прапаноўваў вучыць хлопца далей, але дзед Антось на тое адказаў: «Няма за што!» Бацюшка пярэчыў: «Дык валоў прадай!» Дзед не саступіў.

Іван быў здольны, настаўнічаў. Быў дарэктарам — рэпетытарам для вясковых дзяцей. Неяк закватараваў узімку ў Фамы Палыкі ў недалёкім Белалессі, дзе яму і прыглянулася гаспадарова дачка Ганна — маці нашага героя. Сам Фама Палыка 15 гадоў быў салдатам-рэкрутам, удзельнічаў у вызваленні Балгарыі ад турэцкага валадарання.

Знайшоўшы жонку, Іван вярнуўся да бацькі і гаспадаркі. Але часам падпрацоўваў на блізкай чыгунцы: змятаў снег з рэек.

Дзед жа быў натурай творчай. Ён любіў і ўмеў спяваць, як, дарэчы, і нявестка. Гэты талент перадаўся і Сяргею — ва ўсіх кнігах пра Грыцаўца любяць устаўляць у яго вусны авіяцыйныя песні. Мара ў дзеда Антона была, каб каго з унукаў узялі ў царкоўны хор. З вялікай надзеяй ён глядзеў на Сяргея — бачыў яго музычнасць і цаніў, што Сяргей па-даросламу, сур’ёзна падыходзіць да справы. Часта Сяргей засынаў пад дзедаў голас, які распавядаў пра бунты, вайсковыя паходы, службу ў князя Радзівіла, пра паходжанне мянушкі Грыцаўцоў — Віннікі (яна пайшла ад таго, што продкі Грыцаўцоў працавалі на радзівілаўскім бровары).

Сяргей Грыцавец. Партрэт Ядвігі Раздзялоўскай. 2-я палова 1940-х гадоў. З гэтага партрэта ў 1953 годзе пачынала фарміравацца калекцыя карцін Баранавіцкага краязнаўчага музея. Фота Baranovichi-Museum.com.

Ужо не Грыцавец

Першая сусветная вайна ўрэзалася ў памяць шасцігадоваму Сяргею гучным і цягучым бабіным галашэннем: з хат на вайну забіралі мужыкоў. Праз год вайны праз Бараўцы пацягнуліся абозы бежанцаў. На ўсход загадалі выбірацца і Грыцаўцам. Толькі да Мінска дабіраліся больш за тыдзень.

У дарозе памёр дзед Антось. Дом, у якім нарадзіўся Сяргей, згарэў. Новую радзіму сям’я Грыцаўцоў знайшла на Паўднёвым Урале, у пасёлку Шуміха, дзе бацька, маючы які-ніякі досвед працы на чыгунцы, уладкаваўся аглядчыкам вагонаў.

Сяргеевага брата Івана бацька адвёў у пачатковую царкоўнапрыходскую школу. Настаўніца паклікала неяк новенькага да дошкі і прапанавала напісаць прозвішча. Іван вывеў: «Грыцавец».

— Ты написал неправильно, — сказала настаўніца. — По-русски твоя фамилия пишется «Грицевец».

Дома Іван усім аб’явіў:

— Наша прозвішча цяпер не Грыцавец, а Гріцевец. 

Карабель не вытрымаў

У 36 гадоў у Грыцаўца памерла маці. Пахавалі яе ў Шумісе побач з сынамі Уладзімірам і Георгіем-старэйшым. Сіротамі засталіся Іван, Сяргей, Васіль, Яўгенія і трохгадовы Георгій-малодшы, які нарадзіўся ўжо на чужыне. Пасля таго і сям’я разляцелася хто куды. 

Сяргей потым пісаў брату ў Маскву: «Вось, Ваня! Быў некалі вялікі карабель, і колькі ён трапляў пад вялікія смерчы, для яго былі не страшнымі ўраганы, як раптам наляцела бура — і наш карабель не вытрымаў, пакруціла яго па частках — Сяргей ды Жэня на Урале, Вася паміж раз’ездамі Чыстая — Шумляк дзяжурным, Іван Іванавіч у цэнтры…»

Пасля сканчэння Арэнбургскага вучылішча лейтэнанту Грыцаўцу далі, як належыць, першы афіцэрскі адпачынак. З’ездзіў да брата Івана ў Маскву. Пабачыўшы Сяргея, Іван адразу падумаў: «Вайсковым лёсам ён пайшоў у дзеда Фаму Палыку, а станам дык рыхтык дзед Антось — такі ж хударлявы і шэравокі». Сяргей і Іван з жонкай схадзілі ў Вялікі тэатр — на оперу «Кармэн». Для іх такі паход быў першым у жыцці. Пасля Масквы Сяргей наведаў бацьку ў Шумісе, схадзіў на магілкі маці ды братоў. І да брата-чыгуначніка Васіля ў Златавуст наведаўся. А пасля пачаліся кар’ера і ўзыходжанне.

Лётчык №1 і першы ў гісторыі двойчы Герой СССР

Пасля заканчэння ў 1932 годзе Арэнбургскай школы вайсковых пілотаў Сяргея Грыцаўца накіравалі ў Кіеўскую авіябрыгаду. Там ён знайшоў сваё каханне, ажаніўся. З жонкай Галяй Арловай Грыцавец пазнаёміўся на канцэрце мастацкай самадзейнасці. Сяргей граў у аркестры, на мандаліне.

Праз два гады быў прызначаны ў 1-ю Чырванасцяжную авіяцыйную эскадрыллю знішчальнікаў, якая знаходзілася ў сакральным для ўсіх лётчыкаў месцы — Гатчыне пад Ленінградам. Служба ў ёй лічылася вялікім гонарам. Неўзабаве быў адкамандзіраваны на Далёкі Усход. 1 мая 1936 года ўжо вядомы далёкаўсходні лётчык-знішчальнік Сяргей Грыцавец крочыць у параднай калоне дэманстрантаў па Краснай плошчы Масквы, а хутка становіцца выкладчыкам Адэскай школы паветранага бою.

У Адэсе і асела сям’я Грыцаўца (жонка Галя з дачкой Ларысай), пакуль ён сам з чэрвеня па кастрычнік 1938 года ваяваў у Іспаніі на баку рэспубліканцаў. Быў камандзірам 2-й эскадрыллі, а потым групы знішчальнікаў І-16. За кароткі прамежак «камарада Сэрхіа», як празвалі яго новыя іспанскія сябры, выканаў блізу 90 баявых вылетаў, у 42 паветраных баях збіў 30 самалётаў. У адным з баёў асабіста збіў 7 самалётаў. У выніку Грыцавец атрымаў пазачарговае званне маёра і званне Героя Савецкага Саюза.

А ўжо з мая па жнівень 1939 года лётчык-ас ваяваў на Халхін-Голе — супраць Японіі. За гэтыя некалькі месяцаў правёў каля 140 паветраных баёў, збіўшы 12 варожых самалётаў. Паспеў і выратаваць на аднамесным знішчальніку свайго камандзіра палка, і выслухаць прапанову Георгія Жукава самому стаць кампалка, і атрымаць віншаванне ад маршала мангольскай арміі Харлагійна Чайбалсана. Таму не дзіўна, што 29 жніўня 1939 года таленавіты лётчык-баец стаў першым двойчы Героем Савецкага Саюза.

Грыцавец быў самым выніковым савецкім лётчыкам-знішчальнікам з 42-ма паветранымі перамогамі.

Савецкія авіятары катаюцца на трафейным японскім аўтамабілі-ўсюдыходзе фірмы «Кураган» на аэрадроме ў Манголіі. 1939 год. Першы злева (сядзіць над колам) — Сяргей Грыцавец. Фота topwar.ru

Вячэра ў Крамлі

…Пачынаючы з 30 жніўня 1939 года Сяргей жыў у прыўзнятым настроі. Незвычайным было рашэнне Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР усталяваць бронзавы бюст на радзіме двойчы Героя Савецкага Саюза. 

— Дзе паставяць мой бюст? — бянтэжыўся славуты лётчык, калі яго пыталі пра гэта. — Неяк не задумваўся. Але ж гэта і пытаннечка! Я думаю, у Адэсе. Але ж нарадзіўся я не там. Там, дзе я нарадзіўся, ніхто не паставіць бюста… 

11 верасня «пажарную каманду» лётчыкаў-герояў адклікалі ў Маскву. 

Грыцавец здагадваўся чаму. Разумеючы, што на носе чарговая «камандзіроўка», Сяргей «выпрасіў» палёт у Адэсу, да сям’і. Камандарм даў роўна суткі. Там наведаў і школу паветранага бою. З радасцю яму, малодшаму па званні, але першаму ў краіне двойчы Герою, адрапартаваў начальнік школы. Калі ляцелі назад, Сяргей пранёсся над хатай свайго бацькі, які ў гэты час жыў у Крулеўцах на Сумшчыне (Украіна). Іван Антонавіч, стоячы разгублена ў атачэнні суседзяў, не ведаў, які з сыноў прылятаў: Сяргей ці Георгій? Малодшы, Георгій Грыцавец, ужо таксама скончыў 8-ю Адэскую школу пілотаў.

«Усесаюзны стараста» Міхаіл Калінін уручае ў Крамлі Сяргею Грыцаўцу ордэн Леніна. 1939 год. Фота rg.ru

На Цэнтральным аэрадроме пад Масквой іх ужо нецярпліва чакалі. На нарадзе прысутнічала каля 100 лётчыкаў. Былі члены Палітбюро, Сталін. Размова вялася пра «абарону заходніх беларусаў і ўкраінцаў ад пакарэння фашызмам і ўз’яднанне». Грыцавец наблізіўся да карты. Вось лінія дзяржаўнай мяжы, а за ёй — зусім блізка — яго Бараўцы… Чвэрць стагоддзя ён не быў у тых мясцінах, дзе нарадзіўся, ішоў да іх далёкай, акружной дарогай, праз горы Іспаніі і пустынныя стэпы Манголіі. Сустрэча скончылася ўрачыстай вячэрай у Гранавітай палаце Крамля.

Недарэчная смерць

15 верасня паляцелі з Масквы. Сяргея Грыцаўца прызначылі камандзірам 58-й Аршанскай авіябрыгады 11-й арміі Беларускага фронту. Зрабілі тэхнічную пасадку ў Смаленску, схадзіў на пошту — адправіў тэлеграму жонцы са словамі: «Не хвалюйся. Чакай ліст. Цалую моцна. Твой Сяргей». Зранку 16 верасня Сяргей паляцеў у Балбасава пад Оршай. Адтуль пад Мінск, на аэрадром Мачулішчы. Зачыталі баявы загад «№001». 58-я знішчальная брыгада Грыцаўца павінна была падтрымліваць з паветра Мінскую групу 11-й арміі ў напрамку Іўя, Ліды, Гродна. Неба зацягвалася. Сяргей Грыцавец на сваім І-15 і два камандзіры палка паляцелі назад, на аэрадром Балбасава.

Арыентаваліся па «компасе Кагановіча» — так называлі чыгунку Мінск — Масква. У прыцемках Сяргей сеў з ходу першым, не робячы круг над аэрадромам, вызваліў паласу ды заруліў на нейтральную. Лётчык пакінуў самалёт. Матор быў на мінімальных абаротах. Сяргей вызваліўся з прывязных рамянёў, падняўся, адной нагой пераступіў цераз борт кабіны. Стаў разглядаць натоўп з кветкамі. Калі падышоў баец-фінішор, Грыцавец спытаў:

— З якой нагоды збор?

— Прыйшлі двойчы Героя Савецкага Саюза сустракаць.

Сяргей пасміхнуўся — баец не пазнаў яго…

У 1955 годзе бюст двойчы Героя, выраблены Заірам Азгурам, быў адкрыты ў Мінску. Першапачаткова ён стаяў у цяперашнім парку Янкі Купалы, насупраць штаба Беларускай вайсковай акругі — цяперашняга Міністэрства абароны. А перанеслі яго ў 1972 годзе ў сквер на вуліцы Леніна, дзе помнік стаіць і цяпер, бо ранейшае месца ў 60-я аблюбавалі стылягі, з якімі ўпарта змагаліся ўлады. У іх слэнгу тады нават фраза з’явілася: «Пайшлі на Грыцавец». У 2012 годзе начальнік Мінскага аэраклуба імя Грыцаўца Мікалай Мачанскі прапанаваў перанесці прах славутага лётчыка з-пад Оршы ў мінскі храм Усіх Святых. Ідэю падтрымала дачка Ларыса. Пытанне вырашаецца. Заўважым, што сябар Грыцаўца — лётчык Рыгор Краўчанка, які разам з Грыцаўцом стаў першым двойчы Героем Савецкага Саюза, загінуў у вайну і быў пахаваны ў найбольш прэстыжным на той час месцы — Крамлёўскай сцяне. Фота М.Іванова, Aircraft-Museum.ucoz.ru.

Маёр Пятро Хара, які ішоў на пасадку другім, не разгледзеўшы выкладзеную літару «Т», пачаў садзіцца з процілеглага боку аэрадрома. Убачыўшы такое, Грыцавец сеў у кабіну і вывеў абароты на максімал. Не хапіла долі секундаў — на вялікай хуткасці самалёт Хары ўрэзаўся ў машыну Грыцаўца. Хара атрымаў сур’ёзныя траўмы, а Грыцаўцу вінтом адсекла галаву. Ён пражыў толькі тры дзясяткі гадоў.

Па іроніі лёсу, маёр Хара вызваляў у канцы вайны родныя мясціны Сяргея Грыцаўца. А распісваючыся на сцяне Рэйхстага, распісаўся і ад імя свайго так недарэчна загінулага таварыша.

Каментары7

  • Нацдэм
    15.09.2024
    Каму гэты бальшавік цікавы
  • **
    15.09.2024
    то ли дело нацисты... да?
  • Нацдэм
    15.09.2024
    [Рэд. выдалена]

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску29

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Усе навіны →
Усе навіны

Перастрэлка адбылася ў раёне прэзідэнцкага палаца ў Дамаску6

«Вялікі абсалютна чалавек». Коля Лукашэнка расказаў, што для яго бацька і ў чым ягоная апазіцыйнасць68

Прэзідэнтка Грузіі абвясціла парламент нелегітымным і адмаўляецца ісці ў адстаўку13

Беларус Арцём запусціў у Польшчы збор на дапамогу сабе. Многія паверылі, а ён аказаўся махляром3

У мінскіх гандлёвых цэнтрах і кавярнях цяпер не будуць уключаць сусветныя навагоднія хіты. Затое даюць зарабіць праўладным артыстам13

Падчас пратэстаў у Грузіі затрымалі беларуса1

Урадавыя войскі Сірыі разам з расіянамі пакінулі стратэгічна важныя авіябазы3

Чаму атлусценне вяртаецца? Аказваецца, тлушчавыя клеткі маюць «памяць»1

Сірыйскія ўлады заявілі пра вывад войскаў з Алепа

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску29

Пасля даносу Бондаравай раптоўна адмянілі выставу ў музеі Янкі Купалы. Цяпер яна патрабуе на музеі шыльды па-руску

Галоўнае
Усе навіны →