Сяргей Грыцавец: як двойчы Герою Савецкага Саюза адсекла галаву вінтом 16 верасня 1939 года
Пра культавага лётчыка-беларуса чулі многія, а яго біяграфію ведае мала хто.
Дзед марыў, каб Сяргея ўзялі ў царкоўны хор
Нарадзіўся Сяргей Грыцавец у Бараўцах недалёка ад Баранавічаў у патрыярхальнай сялянскай сям’і. Сяргееў бацька Іван па тагачасных мерках быў «грамацей»: скончыў тры класы павятовага вучылішча. Бацюшка, бачачы здольнасці Івана да навукі, прапаноўваў вучыць хлопца далей, але дзед Антось на тое адказаў: «Няма за што!» Бацюшка пярэчыў: «Дык валоў прадай!» Дзед не саступіў.
Іван быў здольны, настаўнічаў. Быў дарэктарам — рэпетытарам для вясковых дзяцей. Неяк закватараваў узімку ў Фамы Палыкі ў недалёкім Белалессі, дзе яму і прыглянулася гаспадарова дачка Ганна — маці нашага героя. Сам Фама Палыка 15 гадоў быў салдатам-рэкрутам, удзельнічаў у вызваленні Балгарыі ад турэцкага валадарання.
Знайшоўшы жонку, Іван вярнуўся да бацькі і гаспадаркі. Але часам падпрацоўваў на блізкай чыгунцы: змятаў снег з рэек.
Дзед жа быў натурай творчай. Ён любіў і ўмеў спяваць, як, дарэчы, і нявестка. Гэты талент перадаўся і Сяргею — ва ўсіх кнігах пра Грыцаўца любяць устаўляць у яго вусны авіяцыйныя песні. Мара ў дзеда Антона была, каб каго з унукаў узялі ў царкоўны хор. З вялікай надзеяй ён глядзеў на Сяргея — бачыў яго музычнасць і цаніў, што Сяргей па-даросламу, сур’ёзна падыходзіць да справы. Часта Сяргей засынаў пад дзедаў голас, які распавядаў пра бунты, вайсковыя паходы, службу ў князя Радзівіла, пра паходжанне мянушкі Грыцаўцоў — Віннікі (яна пайшла ад таго, што продкі Грыцаўцоў працавалі на радзівілаўскім бровары).
Ужо не Грыцавец
Першая сусветная вайна ўрэзалася ў памяць шасцігадоваму Сяргею гучным і цягучым бабіным галашэннем: з хат на вайну забіралі мужыкоў. Праз год вайны праз Бараўцы пацягнуліся абозы бежанцаў. На ўсход загадалі выбірацца і Грыцаўцам. Толькі да Мінска дабіраліся больш за тыдзень.
У дарозе памёр дзед Антось. Дом, у якім нарадзіўся Сяргей, згарэў. Новую радзіму сям’я Грыцаўцоў знайшла на Паўднёвым Урале, у пасёлку Шуміха, дзе бацька, маючы які-ніякі досвед працы на чыгунцы, уладкаваўся аглядчыкам вагонаў.
Сяргеевага брата Івана бацька адвёў у пачатковую царкоўнапрыходскую школу. Настаўніца паклікала неяк новенькага да дошкі і прапанавала напісаць прозвішча. Іван вывеў: «Грыцавец».
— Ты написал неправильно, — сказала настаўніца. — По-русски твоя фамилия пишется «Грицевец».
Дома Іван усім аб’явіў:
— Наша прозвішча цяпер не Грыцавец, а Гріцевец.
Карабель не вытрымаў
У 36 гадоў у Грыцаўца памерла маці. Пахавалі яе ў Шумісе побач з сынамі Уладзімірам і Георгіем-старэйшым. Сіротамі засталіся Іван, Сяргей, Васіль, Яўгенія і трохгадовы Георгій-малодшы, які нарадзіўся ўжо на чужыне. Пасля таго і сям’я разляцелася хто куды.
Сяргей потым пісаў брату ў Маскву: «Вось, Ваня! Быў некалі вялікі карабель, і колькі ён трапляў пад вялікія смерчы, для яго былі не страшнымі ўраганы, як раптам наляцела бура — і наш карабель не вытрымаў, пакруціла яго па частках — Сяргей ды Жэня на Урале, Вася паміж раз’ездамі Чыстая — Шумляк дзяжурным, Іван Іванавіч у цэнтры…»
Пасля сканчэння Арэнбургскага вучылішча лейтэнанту Грыцаўцу далі, як належыць, першы афіцэрскі адпачынак. З’ездзіў да брата Івана ў Маскву. Пабачыўшы Сяргея, Іван адразу падумаў: «Вайсковым лёсам ён пайшоў у дзеда Фаму Палыку, а станам дык рыхтык дзед Антось — такі ж хударлявы і шэравокі». Сяргей і Іван з жонкай схадзілі ў Вялікі тэатр — на оперу «Кармэн». Для іх такі паход быў першым у жыцці. Пасля Масквы Сяргей наведаў бацьку ў Шумісе, схадзіў на магілкі маці ды братоў. І да брата-чыгуначніка Васіля ў Златавуст наведаўся. А пасля пачаліся кар’ера і ўзыходжанне.
Лётчык №1 і першы ў гісторыі двойчы Герой СССР
Пасля заканчэння ў 1932 годзе Арэнбургскай школы вайсковых пілотаў Сяргея Грыцаўца накіравалі ў Кіеўскую авіябрыгаду. Там ён знайшоў сваё каханне, ажаніўся. З жонкай Галяй Арловай Грыцавец пазнаёміўся на канцэрце мастацкай самадзейнасці. Сяргей граў у аркестры, на мандаліне.
Праз два гады быў прызначаны ў 1-ю Чырванасцяжную авіяцыйную эскадрыллю знішчальнікаў, якая знаходзілася ў сакральным для ўсіх лётчыкаў месцы — Гатчыне пад Ленінградам. Служба ў ёй лічылася вялікім гонарам. Неўзабаве быў адкамандзіраваны на Далёкі Усход. 1 мая 1936 года ўжо вядомы далёкаўсходні лётчык-знішчальнік Сяргей Грыцавец крочыць у параднай калоне дэманстрантаў па Краснай плошчы Масквы, а хутка становіцца выкладчыкам Адэскай школы паветранага бою.
У Адэсе і асела сям’я Грыцаўца (жонка Галя з дачкой Ларысай), пакуль ён сам з чэрвеня па кастрычнік 1938 года ваяваў у Іспаніі на баку рэспубліканцаў. Быў камандзірам 2-й эскадрыллі, а потым групы знішчальнікаў І-16. За кароткі прамежак «камарада Сэрхіа», як празвалі яго новыя іспанскія сябры, выканаў блізу 90 баявых вылетаў, у 42 паветраных баях збіў 30 самалётаў. У адным з баёў асабіста збіў 7 самалётаў. У выніку Грыцавец атрымаў пазачарговае званне маёра і званне Героя Савецкага Саюза.
А ўжо з мая па жнівень 1939 года лётчык-ас ваяваў на Халхін-Голе — супраць Японіі. За гэтыя некалькі месяцаў правёў каля 140 паветраных баёў, збіўшы 12 варожых самалётаў. Паспеў і выратаваць на аднамесным знішчальніку свайго камандзіра палка, і выслухаць прапанову Георгія Жукава самому стаць кампалка, і атрымаць віншаванне ад маршала мангольскай арміі Харлагійна Чайбалсана. Таму не дзіўна, што 29 жніўня 1939 года таленавіты лётчык-баец стаў першым двойчы Героем Савецкага Саюза.
Грыцавец быў самым выніковым савецкім лётчыкам-знішчальнікам з 42-ма паветранымі перамогамі.
Вячэра ў Крамлі
…Пачынаючы з 30 жніўня 1939 года Сяргей жыў у прыўзнятым настроі. Незвычайным было рашэнне Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР усталяваць бронзавы бюст на радзіме двойчы Героя Савецкага Саюза.
— Дзе паставяць мой бюст? — бянтэжыўся славуты лётчык, калі яго пыталі пра гэта. — Неяк не задумваўся. Але ж гэта і пытаннечка! Я думаю, у Адэсе. Але ж нарадзіўся я не там. Там, дзе я нарадзіўся, ніхто не паставіць бюста…
11 верасня «пажарную каманду» лётчыкаў-герояў адклікалі ў Маскву.
Грыцавец здагадваўся чаму. Разумеючы, што на носе чарговая «камандзіроўка», Сяргей «выпрасіў» палёт у Адэсу, да сям’і. Камандарм даў роўна суткі. Там наведаў і школу паветранага бою. З радасцю яму, малодшаму па званні, але першаму ў краіне двойчы Герою, адрапартаваў начальнік школы. Калі ляцелі назад, Сяргей пранёсся над хатай свайго бацькі, які ў гэты час жыў у Крулеўцах на Сумшчыне (Украіна). Іван Антонавіч, стоячы разгублена ў атачэнні суседзяў, не ведаў, які з сыноў прылятаў: Сяргей ці Георгій? Малодшы, Георгій Грыцавец, ужо таксама скончыў 8-ю Адэскую школу пілотаў.
На Цэнтральным аэрадроме пад Масквой іх ужо нецярпліва чакалі. На нарадзе прысутнічала каля 100 лётчыкаў. Былі члены Палітбюро, Сталін. Размова вялася пра «абарону заходніх беларусаў і ўкраінцаў ад пакарэння фашызмам і ўз’яднанне». Грыцавец наблізіўся да карты. Вось лінія дзяржаўнай мяжы, а за ёй — зусім блізка — яго Бараўцы… Чвэрць стагоддзя ён не быў у тых мясцінах, дзе нарадзіўся, ішоў да іх далёкай, акружной дарогай, праз горы Іспаніі і пустынныя стэпы Манголіі. Сустрэча скончылася ўрачыстай вячэрай у Гранавітай палаце Крамля.
Недарэчная смерць
15 верасня паляцелі з Масквы. Сяргея Грыцаўца прызначылі камандзірам 58-й Аршанскай авіябрыгады 11-й арміі Беларускага фронту. Зрабілі тэхнічную пасадку ў Смаленску, схадзіў на пошту — адправіў тэлеграму жонцы са словамі: «Не хвалюйся. Чакай ліст. Цалую моцна. Твой Сяргей». Зранку 16 верасня Сяргей паляцеў у Балбасава пад Оршай. Адтуль пад Мінск, на аэрадром Мачулішчы. Зачыталі баявы загад «№001». 58-я знішчальная брыгада Грыцаўца павінна была падтрымліваць з паветра Мінскую групу 11-й арміі ў напрамку Іўя, Ліды, Гродна. Неба зацягвалася. Сяргей Грыцавец на сваім І-15 і два камандзіры палка паляцелі назад, на аэрадром Балбасава.
Арыентаваліся па «компасе Кагановіча» — так называлі чыгунку Мінск — Масква. У прыцемках Сяргей сеў з ходу першым, не робячы круг над аэрадромам, вызваліў паласу ды заруліў на нейтральную. Лётчык пакінуў самалёт. Матор быў на мінімальных абаротах. Сяргей вызваліўся з прывязных рамянёў, падняўся, адной нагой пераступіў цераз борт кабіны. Стаў разглядаць натоўп з кветкамі. Калі падышоў баец-фінішор, Грыцавец спытаў:
— З якой нагоды збор?
— Прыйшлі двойчы Героя Савецкага Саюза сустракаць.
Сяргей пасміхнуўся — баец не пазнаў яго…
Маёр Пятро Хара, які ішоў на пасадку другім, не разгледзеўшы выкладзеную літару «Т», пачаў садзіцца з процілеглага боку аэрадрома. Убачыўшы такое, Грыцавец сеў у кабіну і вывеў абароты на максімал. Не хапіла долі секундаў — на вялікай хуткасці самалёт Хары ўрэзаўся ў машыну Грыцаўца. Хара атрымаў сур’ёзныя траўмы, а Грыцаўцу вінтом адсекла галаву. Ён пражыў толькі тры дзясяткі гадоў.
Па іроніі лёсу, маёр Хара вызваляў у канцы вайны родныя мясціны Сяргея Грыцаўца. А распісваючыся на сцяне Рэйхстага, распісаўся і ад імя свайго так недарэчна загінулага таварыша.
-
Ордэн для здушыцеля паўстання. Лукашэнка атрымаў ад Расіі тую ж узнагароду, што і Мураўёў-Вешальнік
-
«Для мяне гэты занятак — не каб пакласці паштоўку ці фотку ў шуфляду». Як і для чаго краязнаўца набывае старыя фатаграфіі з Беларусі
-
Свавольныя беларускія княгіні. Як дачка гарадзенскага князя збегла да дзікуна
Каментары